Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвяткаваньні ў гонар сьвятога Язафата Кунцэвіча


Сьвяточная літургія ў парафіі Язафата Кунцэвіча з нагоды яе 20-годзьдзя

Сьвяточная літургія ў парафіі Язафата Кунцэвіча з нагоды яе 20-годзьдзя

20 гадоў споўнілася адноўленай грэка-каталіцкай парафіі сьвятога Язафата Кунцэвіча.

З гэтай нагоды ў Лідзкай парафіі ягонага імя адбыўся ўрачысты малебен, у якім узяў удзел айцец Сяргей Гаеек, апостальскі візітатар для Грэка-Католікаў Беларусі. Пасьля малебна гучала сярэднявечная беларуская музыка, парафіяне танчылі і радаваліся.

Парафіяльны дом грэка-катаілкоў у Лідзе, у якім адбываюцца богаслужэньні, знаходзіцца на вуліцы Кастуся Каліноўскга. Сёньня трошкі пахаладала, але людзі зьбіраюцца яўна ў добрым настроі. Побач з домам шмат аўто — прыехалі госьці з Горадні, Менску, Маладэчна, Івацэвічаў, іншых гарадоў.

Айцец Андрэй Буніч трохі хвалюецца, прымаючы гасьцей, тым ня менш паказвае парафіяльны дом, пакой, дзе адбываюцца малебны, распавядае, што 20 гадоў таму ўдалося аднавіць грэка-каталіцкую парафію ў Лідзе. Прычым, гэта было зроблена не на пустым месцы — у ваколіцах горада яшчэ засталіся вуніяцкія храмы, якія былі на гэтай зямлі спрадвеку.

Айцец Андрэй Буніч, сьвятар Лідзкай вуніяцкай парафіі сьвятога Язафата Кунцэвіча

Айцец Андрэй Буніч, сьвятар Лідзкай вуніяцкай парафіі сьвятога Язафата Кунцэвіча

«Наша парафія зараз знаходзіцца, скажам так, у катэджы. Але гэты катэдж адрозьнівае ад іншых тое, што ў нас у двары вуніяцкі крыж сьвятой Яўфрасіньні Полацкай. На першым паверсе парафіяльныя памяшканьні: капліца — гэта самае асноўнае месца, сэрца парафіі, дзе адбываюцца малебны. Сёньня мы адмыслова вынесьлі нашу капліцу на вуліцу ў рыцарскі шацёр, дзе і адбудзецца ўрачыстае богаслужэньне».

Боская літургія пачалася а 12-й гадзіне, як і плянавалася. Служаць пяць вуніяцкіх сьвятароў на чале з архімандрытам Сяргеем Гаекам. Усё адпачатку і да канца адбываецца па-беларуску. Па ваколіцы разносіцца сьпеў хору. Здаецца, гэты прыгожы сьпеў апанаваў усю вуліцу Каліноўскага, бо навокал глыбокая цішыня — несамавітае ўражаньне.

Літургія цягнецца больш за гадзіну, парафіяне ў добрым настроі, старэйшыя людзі час ад часу плачуць. Літургія сканчаецца тым, што ўсе сьпяваюць «Магутны Божа». Пасьля літургіі падыходжу да вернікаў. Спадарыня Марыя Ганчар кажа, што належыць да парафіі ад самага пачатку яе існаваньня і гэта тое месца, куды яны прыходзіць заўсёды, нягледзячы ні на што:

«Кожнага з парафіян я ведаю асабіста, у нас вельмі сяброўскія, добрыя, цёплыя адносіны, мы ведаем сямейныя справы адзін аднаго. І яшчэ беларуская мова дазваляе бліжэй наблізіцца да Бога. Чаму? Калі я хадзіла ў касьцёл, то ведала ўсе малітвы, але часам падчас літургіі нешта і не зразумееш па-польску. А тут на беларускай мове, на роднай — гэта на душу ўсё кладзецца».

А вось спадарыня Ларыса Казлоўская кажа, што прыйшла сюды чатыры гады таму і засталася назаўсёды:

«Мне вельмі падабаецца малітва на беларускай мове. Гэта наша родная мова, мне так хораша і я так тут душой адпачываю. Прыходжу дадому, то мне так усё спакойна. І муж мой сюды ходзіць, і ўнукі пачалі хадзіць».

Спадарыня Натальля Мандрык кажа, што таксама ў парафіі ад пачатку яе аднаўленьня. Пытаюся, што для азначае парафія?

«Мне падабаецца, што парафія — гэта наша сям’я. Мы тут супольна молімся, можам рабіць супольна справы і калі адыходзіш адсюль, то на душы вельмі добра, цёпла. Дзеля гэтага варта сюды хадзіць і маліцца Богу. Вось мой муж таксама і дзеткі нашы парафіяне гэтае царквы».

Аляксей значна маладзейшы чалавек і кажа, што сёньня яго акрыяў гонар за тое, што парафія існуе столькі часу. Праўда, прызнаецца, што ня памятае, як стваралася парафія, бо быў тады яшчэ зусім малы. А ці памятае, як першы раз прыйшоў на службу?

«Я ня памятаю самы першы раз, але добра памятаю, як маліліся ў невялічкай піўніцы ў цэнтры горада. Не адразу ў нас зьявіўся парафіяльны дом. Усё пачыналася з піўніцы, прыяжджаў да нас з Менску айцец Казімір. Гэта былі мае першыя крокі да Бога».

Айцец Анрэй Буніч кажа, што парафіянаў у іх зараз ня так і шмат, на службу зьбіраюцца да 20 чалавек, але ён добра ведае, што людзі зрабілі дзеля гэтага сьвядомы выбар:

«Трэба зазначыць, што ў 1990-х гадах больш прыходзілі на хвалі адраджэньня і партыятызму, шуканьня беларушчыны ў рэлігійнай сфэры, а сёньня хутчэй прыходзяць людзі, якія шукаюць Бога».

Сьвяты працягваюцца ў двары канцэртам сярэднявечнай музыкі і танцамі прыхаджан.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG