Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскі дом Доктара Эспэранта на рэканструкцыі


Былы дом Замэнгофа, справа ад “Тракціра”
Былы дом Замэнгофа, справа ад “Тракціра”

Акуліст Людвік Замэнгоф жыў у Горадні ў 1893-95 гадах. Яго называлі Доктарам Эспэранта, паколькі менавіта ён вынайшаў міжнародную мову, якую назваў эспэранта.

У горадзе захаваўся двухпавярховы дом з мансардай на вуліцы Кірава, 5, дзе жыў Замэнгоф. Будынак у стане рэканструкцыі. Перадае наш карэспандэнт.

Цяперашні ўласьнік — прадпрымальнік Мікалай Шамін — вядзе рэканструкцыю ўласнымі сіламі. Стары будынак меў ня вельмі добры стан і ўмацаваньне падмуркаў, перакрыцьцяў, сьценаў запатрабавала значна большых сродкаў, чым выглядала напачатку. Плошча аднаго паверху — 300 квадратных мэтраў, разам з мансардай атрымліваецца 900 «квадратаў». На паверсе было 8 печак, іх давялося зьліквідаваць. Дадатковыя працы запатрабавалі суму, адпаведную 50 тысячам даляраў, — прызнаецца Мікалай Шамін.

Але яму хочацца ўсё зрабіць як мае быць. Тым больш, такія патрабаваньні праекціроўшчыка Шэйко, які, па словах Мікалая, «цэніць кожную старую цагліну». Толькі цяжка бывае знайсьці добрых майстроў:

«Самае цяжкае аднавіць тое, што страчана, і адрэстаўраваць тое, што засталося. Была праблема з фасадам, да тынкоўшчыкаў запісваўся за два гады, яны добрыя спэцыялісты, усе саборы тынкавалі. Ну, яны прыйшлі, усё зрабілі. Узьнікла пытаньне з бляхаром. Браць кагосьці з ПМКя не рызыкую, таму што мне трэба зрабіць так, як было».

Але паспрыялі сьвятары: параілі майстра, які працаваў у Швэцыі, і цяпер дапамагае ў будоўлі царквы.

Рабочы працуе на рыштаваньнях
Рабочы працуе на рыштаваньнях

Гісторык Андрэй Вашкевіч сочыць за старой забудовай: што зь ёю адбываецца, якія прыклады абураюць, а якія можна назваць станоўчымі? Якога меркаваньня наконт былога дому Замэнгофа?

«Я хачу сказаць, што цяперашні ўласьнік зрабіў усё магчымае. Захаваў сьцены. Астатняе яму давялося сваімі вялікімі выдаткамі аднаўляць. І ўвогуле, я б сказаў, гэта адзін з рэдкіх станоўчых прыкладаў. Таму што асноўная маса дамоў зносіцца цалкам і на іхнім месцы нешта будуецца, альбо адбываецца рэканструкцыя ў незразумелым стылі, як адбылося з домам інжынэра Астроўскага, калі ад арыгінальнага будынка амаль нічога не засталося».

Якія знаходкі былі ў былым доме Замэнгофа? Мікалай Шамін прызнаецца, што толькі савецкія даваенныя пятакі, якія, мабыць, трапілі ў шчыліны падлогі, ды шкляныя бутэлечкі:

«Знайшлі некалькі такіх бутэлечак аптэчных, гэта ХІХ стагодзьдзе. Яны вялікай каштоўнасьці ня маюць, але ўсё роўна паехалі ў музэй, забраў іх архэалягічны нагляд».

Ніхто цяпер ня скажа, ці мог імі карыстацца доктар Замнгоф. Як пакуль нельга сказаць — якім чынам у доме ўшануюць ягоную памяць. Адно вядома: назад на сьцяну павінна вярнуцца мэмарыяльная шыльда, прысьвечаная Людвігу Замэнгофу. Па словах Мікалая Шаміна, яна цяпер захоўваецца ў ЖЭСе, абяцаюць вярнуць, калі будзе закончана рэканструкцыя.

Так будзе выглядаць дом пасьля заканчэньня рэканструкцыі.
Так будзе выглядаць дом пасьля заканчэньня рэканструкцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG