Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі арыштавалі маёмасьць сям'і Саакашвілі паводле закону, прынятага ім самім


Тбіліскі гарадзкі суд наклаў арышт на ўсю маёмасьць былога прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі, а таксама яго жонкі, маці і бабулі.

Арышт маёмасьці зроблены ў рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы супраць экс-прэзыдэнта, абвінавачанага ў растраце дзяржаўных сродкаў.

Адвакаты былога прэзыдэнта лічаць судовае рашэньне незаконным і маюць намер ўнесьці пазоў у Канстытуцыйны суд. Пра гэта паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода ў Тбілісі.

Рашэньнем суду накладзены арышт на загарадны дом экс-прэзыдэнта ў мястэчку Кварэлі ды, сярод іншага, кватэры яго маці і жонкі ў Тбілісі і ўчасткі зямлі, якія належаць яго бабулі.

Сам Міхаіл Саакашвілі, які жыве ў ЗША, называе тое, што адбываецца, «палітычнай помстай».

Отар Кахідзэ, адвакат экс-прэзыдэнта Грузіі, мае намер абскардзіць рашэньне гарадзкога суду ў Канстытуцыйным судзе. Ён лічыць абсурдам арышт маёмасьці жонкі, маці і бабулі падазраванага.

Аднак справа ў тым, што закон, які дазваляе пракуратуры арыштоўваць маёмасьць сваякоў падсьледнага, прыняты па ініцыятыве самога Міхаіла Саакашвілі ў працэсе «бескампраміснай барацьбы з карупцыяй і кумаўством», якая разгарнулася ў Грузіі пасьля «рэвалюцыі ружаў» у 2003 годзе.

XS
SM
MD
LG