Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэча ў Менску пачнецца з затрымкай — Каракін


Сустрэча трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне пачнецца ў Менску зь невялікай затрымкай.

Пра гэта паведаміў кіраўнік Вярхоўнага Савету ЛНР Аляксей Каракін: «Украінскі бок спазьняецца, у тым ліку Леанід Кучма».

У менскі «Прэзыдэнт-гатэль» на перамовы ўжо прыехалі прадстаўніца АБСЭ Хайдзі Тальявіні і пасол Расеі ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў. Зурабаў сказаў журналістам, што «спатрэбіцца пару гадзін, і мы зробім наперад істотны крок. І зробім гэтак, каб ранейшыя дамоўленасьці былі больш надзейнымі і стабільнымі».

Карэспандэнтка ўкраінскага каналу “1+1” задала пытаньне Зурабаву, чаму ўкраінскія баевікі не прытрымліваюцца ранейшых дамоўленасьцяў. Амбасадар на гэта нічога не адказаў.

У кіраўніцтве самаабвешчанай ЛНР пацьвярджаюць гатоўнасьць да правядзеньня перамоў у рамках кантактнай групы ў Менску. «Галоўнае пытаньне перамоў — асаблівы статус Луганскай і Данецкай народных рэспублік, а таксама ўмовы яго наданьня і рэалізацыі», — заявіў Інтэрфаксу Каракін.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка спадзяецца, што кансультацыі ў Менску прывядуць да рэальнага міру на ўсходзе Ўкраіны.

«Мы спадзяемся, што менскі дыялёг працягнецца, і чакаем, што спыненьне агню, якое ўжо доўжыцца 12 дзён, зможа перарасьці ў рэальны мір у Данецкай і Луганскай абласьцях», — заявіў Парашэнка па выніках сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам у Вашынгтоне. Ён сказаў, што сытуацыя ў гэтых рэгіёнах застаецца складанай і што асноўны прыярытэт для кіраўніка дзяржавы — дээскаляцыя канфлікту. У гэтым кантэксьце Парашэнка адзначыў важнасьць захаваньня рэжыму спыненьня агню, спыненьня паставак зброі і вызваленьня ўсіх закладнікаў.

XS
SM
MD
LG