Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскай прапагандзе ня варта спасылацца на прыклад рэфэрэндуму ў Шатляндыі


Расейскія СМІ актыўна выкарыстоўвалі прыклад шатляндзкага рэфэрэндуму як рэалізацыі права грамадзянаў на самавызначэньне. Наўпрост ці ўскосна галасаваньне ў Шатляндыі накладалася на кантэкст рэфэрэндумаў у Крыме і Ўсходняй Украіне. Ці варта параўноўваць гэтыя падзеі, Радыё Свабода пыталася думкі беларускіх экспэртаў.

На рэфэрэндуме ў Шатляндыі перамаглі прыхільнікі адзінай дзяржавы ў складзе Злучанага Каралеўства. Па выніках падліку галасоў, супраць незалежнасьці рэгіёну выказаліся 55,3 працэнта выбарцаў (крыху больш за 2 мільёны чалавек). За сувэрэнітэт галасавалі 44,7 працэнта (1,6 мільёна).

Палітычны аналітык Павал Вусаў кажа, што рэфэрэндумы ў Крыме і Ўсходняй Украіне аніяк немагчыма параўноўваць з галасаваньнем па пытаньні незалежнасьці, якое адбылося ў Шатляндыі. Іншым будзе і рэфэрэндум наконт магчымай незалежнасьці Каталёніі, які прызначаны на 9 лістапада ў Гішпаніі. І Вялікая Брытанія, і Гішпанія — краіны з разьвітымі дэмакратыямі, інстытутамі грамадзкай супольнасьці і доўгімі традыцыямі шанаваньня правоў нацыянальных меншасьцяў.

Павал Вусаў
Павал Вусаў

«Тое, што намагаецца зрабіць Расея, маніпулюючы гэтымі прыкладамі, — гэта элемэнт інфармацыйнай вайны, каб паказаць Захаду і ўкраінскаму грамадзтву і палітычнаму істэблішмэнту: вось паглядзіце, чаму ў Вялікай Брытаніі такі працэс магчымы, а ва Ўкраіне — немагчымы.

Ва Ўкраіне іншы кантэкст. Тут не вядзецца пра наданьне асобнага дзяржаўнага адміністрацыйнага статусу нейкім народнасьцям. Тут гутарка вядзецца пра тое, каб Расея пашырыла свае тэрытарыяльныя ўплывы і кантроль і фактычна зьнішчыла дзяржаву. Стварэньне дадатковых дзяржаўнасьцяў ва Ўкраіне навязваецца з боку Расеі, а не зьяўляецца памкненьнем нейкіх этнічных меншасьцяў ва Ўкраіне ўтварыць свае дзяржаўныя аўтаноміі. Такая аўтаномія была — гэта Крым, які меў пашыраныя адміністрацыйныя магчымасьці. Мы ведаем, чым гэта ўсё скончылася.

Ва ўмовах Украіны пры наяўнасьці Расеі зь яе імпэрскімі амбіцыямі які заўгодна рэфэрэндум прывядзе да дэканструкцыі яе тэрытарыяльнай цэласнасьці і дзяржаўнасьці Ўкраіны».

Аналітык Раман Якаўлеўскі адзначае, што рэфэрэндум у Шатляндыі адбываўся пры адсутнасьці так званага «трэцяга боку», якім ва ўкраінскай сытуацыі выступае Расея.

Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі

«Вынік рэфэрэндуму сьведчыць пра тое, што можна спакойна, дэмакратычна вырашаць пытаньне бяз войскаў і боек. Аніякіх этнічных чыстак увогуле не магло быць. Усё гэта яскрава паказала, што Вялікая Брытанія застаецца цывілізаванай краінай і прыкладам таго, як спакойна вырашаюцца такія пытаньні празь юрыдычна карэктны рэфэрэндум. У выніку Вялікая Брытанія засталася адзінай дзяржавай чатырох нацыяў».

Аляксандар Класкоўскі таксама лічыць, што параўноўваць рэфэрэндумы ў Шатляндыі з падзеямі ва Ўкраіне як мінімум некарэктна:

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

«Так званы рэфэрэндум у Крыме быў пад рулямі аўтаматаў. Гэта дэ-факта адбывалася пасьля таго, як расейскія войскі акупавалі тэрыторыю. Таму гэта была проста дэкарацыя.

Волевыяўленьне ў Шатляндыі было абстаўленае дэмакратычна. Пры тым, што жарсьці там бушавалі нежартоўныя, я ня бачыў, каб нехта пачаў крычаць, што не падлічылі галасы. Там сапраўды ўсё празрыста, барацьба ішла з адкрытым забралам.

Прагаласавалі як прагаласавалі. На гэтым кропка ў шатляндзкім сюжэце не пастаўленая.

Сэпаратызм, як бачым, існуе і на Захадзе. У Гішпаніі, у прыватнасьці, вялікія праблемы з Каталёніяй, але, так ці інакш, там гэтыя праблемы вырашаюцца паводле дэмакратычных працэдураў».

Павал Вусаў кажа, што цяпер у Эўропе адбываецца працэс дэканструкцыі клясычных дзяржаваў, якія сфармаваліся яшчэ ў дзевятнаццатым стагодзьдзі. Шатляндзкі рэфэрэндум — толькі прадвесьце тых пераменаў, якія чакаюць кантынент у будучыні.

Павал Вусаў: «Працэс рэгіяналізацыі і пашырэньня дзяржаўных тэрытарыяльных аўтаноміяў будзе толькі пашырацца. За гэты пэрыяд, асабліва гэта відаць у межах Эўразьвязу, відавочна, што эканамічная інтэграцыя дамінуе над этнічнымі памкненьнямі. І ў кантэксьце рэфэрэндуму перамог цьвярозы розум грамадзтва. Улічваючы тое, які працэнт браў удзел у гэтым рэфэрэндуме, відаць, што грамадзтва здавала сабе справу: аддзяленьне і стварэньне асобнай дзяржавы ва ўмовах інтэгральнасьці гаспадарак і сацыяльных сувязяў прывядзе да сур’ёзных эканамічных і сацыяльных праблемаў перш за ўсё для простых грамадзянаў.

Таму пытаньне нацыянальнае, дзяржаўнае было вырашана пераважна эканамічнымі і сацыяльнымі патрэбамі. Тым больш што Шатляндыя ня страціць нічога на тым, што не атрымала цяпер гэтай незалежнасьці. Ужо вядома, што будзе пашырацца ўнутрыпалітычная аўтаномія, правы шатляндзкага ўраду».

Эканамічныя сувязі будуць павольна пераадольваць этнічныя нацыянальныя межы, а дэцэнтралізацыя нацыянальных дзяржаваў пойдзе толькі на карысьць і будзе ўзмацняць эўрапейскія інстытуты, — заключае аналітык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG