Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францыя нанесла першыя авіяўдары па «Ісламскай дзяржаве»


Францускія зьнішчальнікі «Рафаль»

Францускія зьнішчальнікі «Рафаль»

Француская вайсковая авіяцыя нанесла першыя ўдары па пазыцыях радыкальнай групоўкі «Ісламская дзяржава» ў Іраку.

«Сёньня раніцай, у 9 гадзін 40 хвілін, згодна з маім загадам, зьнішчальнік „Рафаль“ нанёс удар па цэлі і цалкам яе зьнішчыў. Цэльлю, якая знаходзілася на паўночным усходзе Іраку, быў лягістычны склад [ісламістаў]» — заявіў прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд.

Францыя — першая краіна, якая далучылася да апэрацыі ЗША супраць ісламістаў.

«Іншыя дзеяньні адбудуцца ў бліжэйшыя дні з той самай мэтай: аслабіць гэтую тэрарыстычную арганізацыю і падтрымаць ірацкія ўлады і вайскоўцаў, а таксама паўстанцаў ў ірацкім Курдыстане. Ня будзе абсалютна ніякіх францускіх вайскоўцаў на зямлі. Будуць толькі самалёты, якія, у каардынацыі з ірацкімі ўладамі і нашымі саюзьнікамі, аслабяць гэтую тэрарыстычную арганізацыю» — дадаў Алянд.

Паводле Алянда, вайсковая інтэрвэнцыя Францыі абмяжуецца Іракам і ня будзе распаўсюджвацца на Сырыю. Францыя ўжо адправіла зброю курдзкім узброеным фармаваньням, якія вядуць барацьбу з «Ісламскай дзяржавай».

Аб новай стратэгіі барацьбы з «Ісламскай дзяржавай» у Іраку і Сырыі прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў 10 верасьня. Абама выключыў магчымасьць наземнай апэрацыі войскаў ЗША і іх саюзьнікаў супраць ісламскіх экстрэмістаў у гэтых дзьвюх краінах.

XS
SM
MD
LG