Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Супраць незалежнасьці галасавалі тыя, каму ёсьць што губляць»


Праціўнікі незалежнасьці сьвяткуюць у Глазга 19 верасьня
Праціўнікі незалежнасьці сьвяткуюць у Глазга 19 верасьня

Назіраць за рэфэрэндумам ў Шатляндыі зблізку мела магчымасьць беларуска Тацяна Касьцюковіч. Яна робіць свае высновы, чаму прайгралі прыхільнік шатляндзкага сувэрэнітэту.

Радыё Свабода: Тацяна, ваш варыянт адказу: чаму менавіта такі вынік рэфэрэндуму?

Тацяна Касьцюковіч: Большасьць людзей думае, што рызыкаваць ня трэба, нам і тут добра заставацца. Многія больш заможныя людзі галасавалі супраць незалежнасьці, бо ім ёсьць што губляць. І цяпер яны ўздыхнулі з палёгкай. Але тут ёсьць і шмат людзей, каторыя жывуць у бядоце і якія звычайна рэдка галасуюць. А тыя, што хацелі незалежнасьці, яе, на жаль, ня будуць мець.

РС: А чаму перамаглі аргумэнты прыхільнікаў адзінай дзяржавы? Што яшчэ ім паспрыяла акрамя эканамічных матываў?

Касьцюковіч: Гледзячы на Шатляндыю, я заўсёды чамусьці яе параўноўваю зь Беларусьсю, хоць паралелі ўмоўныя. Фактары такія: эканоміка, 300 гадоў разам, знаходжаньне ў адной імпэрыі, у якую шатляндцы таксама шмат уклалі. Але на першае месца я б паставіла эканамічную прычыну, таму што людзі тут асьцерагаюцца, калі Шатляндыя стане незалежнай, то ўсё можа эканамічна абрынуцца.

Незалежнікі казалі, што наадварот, настане эканамічны росквіт, што шатляндцы стануць адной з наймацнейшых нацый у сьвеце, але яны не змаглі пераканаць большасьць насельніцтва.

РС: У ранейшым інтэрвію вы нам казалі, што краіна пры любым выніку галасаваньня ўжо ня будзе той самай. У чым тады яна зьменіцца, калі вынік нібыта нязьменны?

Касьцюковіч: Цягам апошніх некалькіх тыдняў лёнданскія палітыкі пачалі абяцаць шмат пераменаў Шатляндыі і шмат паўнамоцтваў яе парлямэнту. Калі гэта адбудзецца і якім чынам, зусім невядома, але абяцаньні былі зробленыя і тутэйшыя палітыкі будуць дамагацца, каб яны былі выкананыя. Але Англія, Валія, Паўночная Ірляндыя таксама будуць мець у гэтым голас, так што паглядзім, што адбудзецца.

РС: Асабіста вас гэты вынік супакоіў, расчараваў, парадаваў?

Касьцюковіч: Я скажу пра людзей. Яны вельмі шмат абмяркоўваюць. Адны вельмі расчараваныя, а другія вельмі супакоеныя, што нічога ня будзе мяняцца. Я разумею і тых, і тых. Таму што рызыкаваць чымсьці, ня ведаючы, як яно будзе, гэта вельмі небясьпечна. Падумайце пра беларусаў 23 гады таму. Калі б нам далі такі выбар, ці хочаце вы, каб Беларусь была незалежнай, наўрад ці б мы прагаласавалі «за». Але цяпер, адчуўшы гэтую незалежнасьць, пажыўшы ў незалежнай Беларусі, мы б вядома яе падтрымалі. Тут такога досьведу няма, таму краіна так і вырашыла, хай застаецца, як ёсьць. Але з надзеяй, што нешта, а можа быць і многае, памяняецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG