Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нават малапрадуктыўныя перамовы — лепш, чым стральба»


Дзьмітры Арэшкін

Дзьмітры Арэшкін

Свае чаканьні ад сёньняшняга раўнду кансультацый трохбаковай кантактнай групы па Данбасу, якія пачнуцца пасьля 15 гадзін у Менску, для Свабоды выказаў маскоўскі палітоляг Дзьмітры Арэшкін.

«Лепш дрэнны мір, чым добрая сварка. І любыя, нават малапрадуктыўныя, перамовы больш карысныя і патрэбныя, чым абмен снарадамі. Але спадзявацца на сур’ёзнае прасоўваньне падставаў ня бачу. Праблема ў тым, што Ўкраіна вымушаная ісьці на замірэньне, таму што Расея падцягвае свае рэгулярныя часьці, а ў Эўропе няма ніводнай дзяржавы, якая па сваёй магутнасьці магла б параўнацца з Расеяй. У інтарэсах Украіны — спыніць канфлікт. У інтарэсах Расеі — таксама, бо чым далей у лес, тым страшнейшыя санкцыі.

Абодва вялікія бакі — я маю на ўвазе Ўкраіну і Расею — разумеюць, што далейшае нарастаньне эскаляцыі наносіць абодвум бакам больш шкоды, чым карысьці. Адпаведна, пачынаецца мудрагелісты танец балеро вакол канкрэтных умоваў спыненьня ваенных дзеяньняў і выйсьця з сытуацыі па магчымасьці бяз страты твару. Не задаволеныя ні тыя, ні другія.

Паводле навукі канфлікталёгіі, зь любога канфлікту пазытыўнае выйсьце заключаецца ў тым, што абодва бакі выходзяць незадаволенымі. Абодва бакі задаволенымі выйсьці з такой сытуацыі ня могуць паводле азначэньня.

Я думаю, гэта не апошняя сустрэча, ніхто з удзельнікаў ня цешыць сябе ілюзіямі. Асабліва пасьля прыкметнай заявы прадстаўнікоў самаабвешчаных рэспублік, што, аказваецца, яны на сустрэчах прысутнічалі не як паўнамоцныя прадстаўнікі, а як назіральнікі. Яны працягваюць ваенныя дзеяньні, яны атакуюць аэрапорты, абстрэльваюць, робячы выгляд, што тыя дакумэнты, якія яны падпісалі, яны падпісвалі так, «понарошку». Вядома, гэта зьніжае эфэктыўнасьць перамоваў, але нічога альтэрнатыўнага няма. Альтэрнатыўнае — гэта канвэнцыйная вайна, гэта ўжо публічнае ўвядзеньне рэгулярных войскаў Расейскай Фэдэрацыі на тэрыторыю Ўкраіны.

Зараз важна, каб перасталі нарэшце страляць, каб суцішыўся гэты рэгіянальны канфлікт, каб можна было зрабіць выгляд, што падтрымліваецца хоць нейкі мір. Пра Крым, па сутнасьці, ужо забыліся. А вось вакол «Наваросіі», якая скурчылася ўжо да памеру маленькага пятачка вакол Данецку і Луганску, канфлікт і дыскусіі будуць працягвацца доўга. Але што рабіць — лепш такія малапрадуктыўныя перамовы, чым стральба".

XS
SM
MD
LG