Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шлях да міру ва Ўкраіне будзе працяглы, — Уладзімер Фясенка


Уладзімер Фясенка
Уладзімер Фясенка

Пэрспэктывы трансфармацыі менскіх дамоваў аб замірэньні ў трывалы мір застаюцца нявызначанымі, ад сёньняшняга пасяджэньня кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне ня трэба чакаць прынцыповых рашэньняў.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка.

Паводле Фясенкі, ва Ўкраіне цяпер ідзе вельмі жорсткая і эмацыйная дыскусія наконт закону аб адмысловым статусе асобных раёнаў Данбасу і амністыі сэпаратыстаў, на адрас уладаў гучаць абвінавачваньні ў здрадзе і капітуляцыі. Сам жа Фясенка перакананы, што трэба спрабаваць скарыстацца любой магчымасьцю, абы дасягнуць міру.

«Расея праяўляе пэўны інтарэс да гэтай гульні, удзельнічае ў гэтай гульні, таму што працяг маштабнай вайны стварае праблемы для Расеі. Іншая справа, што яны будуць ціснуць на нас, і ціснуць праз ваенныя дзеяньні на Данбасе. Амаль кожны дзень штурмуюць аэрапорт у Данецку, які пакуль кантралюецца ўкраінскімі ваеннымі, баявікі імкнуцца пашырыць зону свайго кантролю, працягваюць гінуць людзі — за час гэтага адноснага замірэньня загінулі 17 украінскіх вайскоўцаў. Праўда, раней столькі гінула за дзень, і цяпер няма наступу расейскіх войскаў — гэта прагрэс. Але мірам там і ня пахне. Дай бог, каб усталявалася нармальнае замірэньне. Шлях да міру будзе вельмі працяглы», — упэўнены Фясенка.

Таму палітоляг заклікае не сьпяшацца з аптымістычнымі прагнозамі.

Фясенка нагадвае, што ў менскіх дамовах было 12 пунктаў. Па частцы пунктаў (адмысловы статус Данбасу, мясцовыя выбары, амністыя) украінскі бок рашэньні прыняў, і таму Кіеву ёсьць што прадставіць на перамовах у Менску.

«І цяпер трэба глядзець на рэакцыю супрацьлеглага боку. Калі супрацьлеглы бок скажа: „Не, нас гэта не задавальняе, мы хочам большага“, — тады менскі пратакол завісьне, і дай бог застацца хаця б на ўзроўні спыненьня агню. Але, магчыма, інфармацыя ўкраінскага боку будзе прынятая да ведама і пачнецца ўзгадненьне асобных пазыцыяў: напрыклад, як праводзіць выбары, кадравая палітыка і г.д. Па сутнасьці, наколькі я разумею, мяркуецца нешта падобнае да басьнійскага варыянту сумеснай адміністрацыі: калі кіраваць тэрыторыямі будуць і прадстаўнікі Ўкраіны, і прадстаўнікі баевікоў, а потым абяруць кіраўнікоў мясцовага самакіраваньня, і замест „ДНР“ і „ЛНР“ Кіеў будзе мець справу зь імі. Адмова ад „ДНР“ і „ЛНР“ — гэта вельмі балючы крок для сэпаратыстаў. Ці гатовыя яны пагадзіцца на адмову ад гэтых двух утварэньняў? Думаю, што не. Але для Ўкраіны іх далейшае існаваньне недапушчальнае», — падкрэсьлівае Фясенка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG