Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзяцінстве мы любілі расказваць адно аднаму анэкдоты. Ясная рэч, дзіцячыя. Якія ж яшчэ. Ксэнафобскія: пра немца-рускага-паляка, пра чукчаў. Гістарычныя: пра Шцірліца, Чапаева і Пецьку. Пра сэкс, вядома. Палітычныя: пра Брэжнева і амэрыканцаў. Успомніш — і сьмяешся сам зь сябе, які ты быў малы, дурны і сур’ёзны. І як табе хацелася любові.

Цікава, а вось сёньняшнія беларускія дзеці — яны таксама анэкдоты расказваюць? Ці ўсе як адзін занятыя сваёй будучай кар’ерай, пачынаць будаваць якую ім, такое ўражаньне, цяпер прапануецца з самага маленства? Апошні анэкдот, які давялося пачуць ад школьнікаў (даўно, ажно ў сярэдзіне дзевяностых) быў варыяцыяй на нашую старую тэму. Пра панка, які прачынаецца раніцай у адпаведным стане — яму так блага, што ён ажно пазелянеў. Нудзіць, сушыць, у роце кака. Маці яму і тое, і другое, і «Сэкс Пісталз» ставіць, і «Гражданскую Оборону» — нічога не дапамагае.

«Ох, сыночак, можа, табе „Славянскі базар“ па тэліку ўключыць — дык хоць званітуеш?»

Ха. Ха. Ха. Школьнік, які расказаў гэта, уцёк, а невясёлы малады настаўнік застаўся стаяць з журналам у руках, адчуваючы ўнутры змрочнае задавальненьне.

Самае загадкавае ў «Славянскім базары» — ягоная назва.

Здаецца, так зорак, астэроідаў і іншых чорных карлікаў айчыннай і замежнай папсы яшчэ ніхто не прыніжаў. Нават той панк з анэкдоту. Час, калі фэстываль пачаў убірацца ў сілу, быў досыць спэцыфічны: калі ты чуў, што ў Віцебску зноў пачаўся «Славянскі базар», хацелася адказаць: «І ані за іво атвецят». Можна, вядома, успрымаць слова «базар» у ягоным спрадвечным арыентальным сэнсе — пэўне ж, там базар у нейкім сэнсе сапраўды народнае сьвята мультыкультуралізму. Тут нявольнікаў прадаюць, там куркуму, там шэрбэт, а пройдзеш далей — там камянямі пабіваюць...

І ўсё ж базар ёсьць базар — на базары ідзе гандаль. І ўсе перакрыкваюць адно аднога: глядзі, якая ў мяне папса — даўгалыгая, нафарбаваная, галасістая!.. А ў мяне — таньней, за паўцаны аддам — вось які хлопчык у бліскучым пінжачку, пра любоў пяе, ай-я-яй, вочкамі чык-чык, барадою туды-сюды, тварам чыст, народны артыст! А ў мяне джаз, сымфанічны джаз, каму джаз за газ?

Славянскі базар — сьвята для народу. Мо таму ён і базар, а не, напрыклад, тэатар. У тэатар ня ўсе пойдуць. А на базар ходзіць кожны. Там усё таньнейшае і даступнейшае. На базары дастаткова ўмець лічыць свае і чужыя тысячы і адрозьніваць сьвежае ад пазаўчорашняга. А больш нічога. Тэатар можна забараніць, кніжку занесьці ў чорны сьпіс, песьню абвясьціць шкоднай, карціну — ідэалягічна няправільнай. А базар не забароніш. Народ не зразумее. Народу патрэбная песьня — як мяса-малочныя прадукты. Зьеў і забыў — і толькі пуза доўга яшчэ памятае чароўнае ўзьдзеяньне культуры.

Славянскі базар — гучная назва. І ідэя яго — ня менш крыклівая. З прэтэнзіяй: як шырпатрэб над гандлёвай палаткай, лунае над ім згублены ў нетрах гісторыі сьцяг панславізму, які беларуская дзяржава падабрала, памыла, як магла, і павесіла на ганаровае месца. Можа, хто пабачыць, зацікавіцца. Гей, славяне?

Гэтаксама, як кожны базар — гэта рай для прафэсійных злодзеяў, так і народнае сьвята — найлепшая нагода для розных цёмных маніпуляцый. Тут затлуміць галаву лягчэй за ўсё — яркімі фарбамі, лёзунгамі, лакамі, лёкайскімі манерамі, лекамі ад памяці і ад розуму. Ліся, песьня:

«У 2003 годзе фестываль зрабіўся асабліва ўрачыстым. Афіцыйнае адкрыццё Славянскага базара ў Віцебску адбылося ў Дзень Саюзнай Дзяржавы, які ўпершыню праводзіўся падчас фестываля...

Прэзідэнт падкрэсліў, што фестываль вытрымаў выпрабаванне часам, ідэя яднання славянскіх народаў прываблівае да фестываля ўсё новых сяброў...»

«У дзень Саюзнай дзяржавы адбылася прэс-канферэнцыя з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Паўлам Барадзіным. Былі разгледжаны практычна ўсе сферы новай геапалітычнай прасторы: ад стварэння нарматыўна-прававой базы да ўвядзення адзінай валюты...»

І такія вось песенькі чуюцца калі-нікалі на славянскім базары. Саліст — Павел Барадзін. Пад акампанэмэнт дзяржаўных сымфанічных аркестраў і галасы дарагіх гасьцей з Сэрбіі, Чарнагорыі, Славаччыны, Грузіі, Баўгарыі, Казахстану і іншых базарных выканаўцаў.

А над імі, у асьветленым сафітамі віцебскім небе — вечны ўладальнік сапраўднага Гран-пры фэстывалю, пра якога ня пішуць у газэтах, шэры кардынал шоў-бізнэсу, апякун усіх недамастацтваў, кароль таталітарнай панславянскай папсы — ансамбль песьні і пляскі «Пір падчас чумы». Ня бачым вашых рук! Ня чуем вашых ног! Гэта — «Славянскі базар», тут ня трэба нічога гаварыць, тут ня трэба думаць, тут трэба весяліцца і пець, і пажадана пра любоў. Усё роўна ніхто не дажыве да раніцы. Дык навошта смуткаваць і шукаць ва ўсім гэтым сэнс?

«У 2003 годзе на фестывалі ў Віцебску нарадзілася новая традыцыя: упершыню прайшло Свята славянскай паэзіі, арганізаванае з ініцыятывы групы беларускіх аўтараў. У помніка У. С. Караткевічу выступілі паэты Беларусі, Расеі і Македоніі...»

Невядома, што гэта былі за паэты. Нешта падказвае, што пад помнікам У. С. Караткевічу чыталіся вельмі харошыя вершы. Можа быць, там прагучалі нават гэтыя несьмяротныя радкі:

«Весь город цветами, огнями блистает
в наш праздник любимый — Славянский базар
Радушно наш Витебск гостей принимает,
вкуснейший и лучший в продаже товар.

На Славянском базаре
гуляют витебчане.
Бурлит весь город сбывшейся мечты,
Течет река людская
веселая, без края
и музыка и песни и цветы.

Любимых артистов здесь все очень ценят
и слушать готовы здесь всех до зари.
А судьи здесь много талантов измерят,
кому-то присудят почётно гран-при.

Семь дней мы не спим вечерами-ночами,
чарует ночных феерверков пожар.
Мы внемлем искусству душой и очами.
Поет и танцует Славянский базар».

Калі б я быў македонскі паэт — я б заплакаў. Проста на помнік У. С. Караткевічу. А што зробіш. Чароўная сіла мастацтва.

XS
SM
MD
LG