Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як немцы падчас вайны», — аблава на магілёўскім рынку


На магілёўскім рынку правяралі дакумэнты ў гандляроў. Сьведкі кажуць, што такой аблавы яшчэ ня бачылі.

У Магілёве на Цэнтральным харчовым рынку, які ў народзе называюць Менскім, адбылася маштабная праверка дакумэнтаў у прыватных гандляроў на іх тавар. На працягу некалькіх гадзін рынак заставаўся зачыненым. Як кажуць гандляры, багата ў каго канфіскаваная садавіна і гародніна, у асноўным экзатычная.

На дзесяць гадзін раніцы 19 верасьня рынак быў напаўпусты. Кантрольныя органы наведаліся на базар учора пасьля дванаццаці гадзінаў дня.

Гандляры не гаваркія. Крыўдуюць на журналістаў, якім, як яны кажуць, паведамлялі пра тое, што робіцца на рынку, але ніхто не прыйшоў да іх на дапамогу:

«А чым вы можаце цяпер нам дапамагчы? Учора трэба было прыходзіць, калі тут тварылася беззаконьне. Мо я ня так выказалася, але ня ведаю, як сказаць. Тут жа пазачынялі ўсе вароты. Усіх павыганялі ад прылаўкаў. Як немцы пад час вайны. Казалі нам, што пачалася пазаплянавая праверка дакумэнтаў. Але ў нашай сытуацыя, як ты не круціся, але неадпаведнасьці ў іх усё роўна знойдуцца. Цяпер во, бачыце, амаль ніхто не працуе. Праходзілі па „галовах“ усё ўзважвалі пераважвалі», — апавядаюць гандляры пра ўчорашнюю падзею на рынку і яе сёньняшнія наступствы.

Гандлёвыя рады пасьля праверкі дакумэнтаў

Гандлёвыя рады пасьля праверкі дакумэнтаў

Паводле суразмоўнікаў карэспандэнта Свабоды на рынку былі супрацоўнікі падатковай інспэкцыі, міліцыі і іншых кантрольных і праваахоўных органаў. Гандляры заяўляюць, што складаліся акты канфіскацыю тавараў, не называючы прычын:

«Мы вось тут гандлюем больш за дзесяць гадоў, але такога ніколі тут не было. Прыходзілі, правяралі, але каб зачыняць рынак — такога не было. Нікога не ўпускалі і не выпускалі. Мы думалі, што нас тут будуць усіх затрымліваць. Спачатку казалі, што на дзьве гадзіны, але зацягнулася гэтая справа да канца працоўнага дня».

Дзеяньні кантрольных органаў гандляры называюць «сумнеўна законнымі»:

«Няхай бы прыйшлі на нейкае месца і правяралі сабе, а то ўсіх павальна. Цярпелі ўсе нават тыя, хто прывёз прадаваць свойскую бульбу, капусту. Гэта сваё. А яны пазачынялі ўсе вароты і нікога не ўпускалі. І нават у крыты павільён не пускалі. Калі людзі пачалі ўздымаць пытаньне пра зачыненыя вароты, то гадзіны праз дзьве іх адчынілі. Я асабіста лічу, што гэта было ўсё супрацьзаконна», — выказаўся пра праверку дакумэнтаў адзін з гандляроў.

Афіцыйных камэнтароў ад праваахоўных структур Магілёва атрымаць пакуль не ўдалося.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG