Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне рыхтуюць рэформу міліцыі


Справа не абмяжуецца перайменаваньнем украінскай міліцыі ў паліцыю.

Рэформа ўкраінскай міліцыі не зьвядзецца да перайменаваньня ў паліцыю, запэўнілі Радыё Свабода ў Міністэрстве ўнутраных спраў Украіны. Гэта праваахоўная структура павінна перастаць быць узброеным атрадам улады, а служыць народу, пераконвае дарадца кіраўніка МУС Антон Герашчанка. Але экспэрты канстатуюць — нават калі пераўтварэньне ў міліцыі вырашылі ўвасабляць ня толькі на паперы, гэта асуджана на правал бяз поўнай рэформы сілавога боку ва Ўкраіне.

У складзе МУС будзе не міліцыя, а паліцыя, для прадухіленьня карупцыі ДАІ забароняць выдаваць пасьведчаньне кіроўцы і рэгістраваць транспарт (задачай ДАІ застанецца толькі патруляваньне нацыянальных аўтастрадаў), у міліцыю (то бок, паліцыю) будуць браць на падставе тэставаньня дэтэктарам хлусьні, усе цяперашнія спэцпадразьдзяленьні МУС абяцаюць ліквідаваць.

Пра гэта гаворыцца ў прэзэнтацыйным відэароліку, разьмешчаным на Фэйсбук-старонцы міністра ўнутраных спраў Украіны Арсэна Авакава.

«У складзе МУС будзе паліцыя. Сумневы адпалі пасьля сфармуляванай нормы аб „народнай міліцыі“ ў нядаўнім законе пра „асаблівы рэжым“ у шэрагу раёнаў Данбаса. Не жадаем асацыявацца з той міліцыяй», — адзначыў Арсэн Авакаў.

Таксама рэформа міліцыі мяркуе пад сабой «татальную атэстацыю» супрацоўнікаў і стварэньне замест цяперашніх спэцпадразьдзяленьняў аднаго унівэрсальнага тыпу амэрыканскага SWAT.

Як адзначыў у камэнтары Радыё Свабода дарадца кіраўніка МУС Украіны Антон Герашчанка, самая галоўная мэта рэформы — зрабіць міліцыю новым органам, які служыў бы ня ўладзе, а шараговым украінцам.

«Усе 23 гады незалежнасьці міліцыя фактычна бараніла ўладу ад народу. А цяпер яна павінна абараняць народ. Так, як гэта і прадугледжана законамі і Канстытуцыяй», — сказаў Антон Герашчанка.

Са свайго боку, журналіст, які займаўся расьсьледаваньнямі дзейнасьці праваахоўнікаў, Алег Яльцоў канстатуе: рэформа міліцыі — ключавое пытаньне ўсіх пераменаў ва Ўкраіне. Без такіх рэформаў дзяржава распадзецца нават без дапамогі сэпаратыстаў.

Алег Яльцоў адзначае, што цяпер міліцыя (як і пракуратура, і суды) была і застаецца камэрцыйнай структурай. Таму трэба, па-першае, сапраўды разабрацца зь цяперашнімі спэцпадразьдзяленьнямі. Апрача таго павінна быць рэальная кадравая чыстка. І наогул — рэформу міліцыі варта ажыцьцяўляць разам з маштабнымі зьменамі ўсяго сілавога боку ва Ўкраіне.

«Патрэбны новыя людзі і стварэньне сыстэмы, якая прадухіляла б карупцыю. Але гэта ня можа адбыцца ўнутры МУС. Гэта павінна быць рэформа наогул сілавога блёка, цалкам, у тым ліку судоў. А таксама — стварэньне Нацыянальнага бюро расьсьледаваньняў і гэтак далей. Тады гэта можа спрацаваць», — лічыць Алег Яльцоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG