Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад паганскіх гарадзішчаў да бабуліных ручнікоў: цэласная культура ў выявах Вялейшчыны


Прыгожыя паштоўкі з выявамі невялікага гораду ня так проста адшукаць, і таму жыхары Вялейкі, што ў Менскай вобласьці, вырашылі стварыць іх уласнымі рукамі.

Увесь жнівень на сайце гораду прымаліся фатапрацы на конкурс «Спадчына Вялейшчыны», і 17 верасьня ў горадзе адкрылася фатавыстава па яго выніках. Выявы-пераможцы пабачылі сьвет у выглядзе паштовак, і іх набор з 10 штук можна было атрымаць у падарунак на адкрыцьці выставы.

«Гэтая форма простая і папсовая — прыгожы малюначак — але ён мае глыбокае напаўненьне, адлюстроўвае беларускі характар. Можна бачыць папросту брукаванку, але там — наша прага да прыгожага, працавітасьць, майстэрства ў рамястве», — кажа Аляксей Лужынскі, сябра Таварыства аховы помнікаў і адзін з арганізатараў.

На конкурс прыйшло каля 50 выяваў, большасьць зь іх — ад месьцічаў. Дзесяць здымкаў-пераможцаў выбіралі праз лайкі ў сеціве, свае дзесяць назвала журы. У друк пайшлі тыя, якія падышлі паводле тэхнічных патрабаваньняў, адпавядалі фармату паштоўкі і мелі, на думку арганізатараў, «культурную шматслоўнасьць».

«Гэта можна бачыць кожны дзень, проста наша вока не прызвычаена заўважаць такія рэчы, — камэнтуе Ганна Якуш сваю працу, зробленую падчас этнаграфічнай экспэдыцыі ў Вялейскі раён. — Драўляныя разьблёныя ліштвы ёсьць і ў горадзе ў прыватным сэктары, але мы праходзім паўзь іх».

Вясковыя старажытныя будыніны, пра якія і ў раёне не заўсёды ведаюць, паўразбураныя калёны, ручнікі і камяні. На адваротным баку выяваў, падслухоўваючы прамовы выступоўцаў, дзяўчыны-валянтэркі надпісваюць назвы гарадоў, куды поштай пойдуць карткі. Яны для тых, хто пакінуў адрас, дапамагаючы празь сеціва рэклямаваць конкурс. Надалей паштоўкі будуць дарыць на імпрэзах, якія праходзяць у Вялейцы на сядзібе Таварыства аховы помнікаў.

«Вялейчукі і беларусы, мы атрымліваем кавалачкі культуры, якія збольшага не грунтуюцца на мясцовым досьведзе, не свае на розных узроўнях, — мяркуе Аляксей. — Мы жывем у сьвеце хаатычна складзенай культуры.

І мы робім тое, да чаго здольныя — намагаемся ў гэтую мазаіку дадаць болей свайго, з культуры больш цэласнай, створанай продкамі і сучасьнікамі, ад паганскіх гарадзішчаў да бабуліных ручнікоў».

Арганізатары чакаюць прапановаў ад тых, хто жадае пабачыць выставу ў сваім горадзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG