Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы па Данбасе пачнуцца пасьля 15-й у менскім «Прэзыдэнт-гатэлі»


Сёньня па абедзе ў Менску чакаецца чарговае пасяджэньне кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне.

Як паведамілі ў прэсавай службе МЗС Беларусі, кансультацыі пройдуць пасьля 15 гадзін у менскім «Прэзыдэнт-гатэлі», аднак дакладны склад удзельнікаў пакуль невядомы.

У чацьвер на брыфінгу ў Днепрапятроўску экс-прэзідэнт Украіны, прадстаўнік у кантактнай групе Леанід Кучма паведаміў, што вылятае 19 верасьня ў Менск «разам з групай АБСЭ», перадае УНІАН. Кучма падкрэсьліў, што на далейшых перамовах па ўрэгуляваньні сытуацыі нельга «паступацца тэрытарыяльнай цэласнасьцю Ўкраіны». «Я ведаю выразную пазыцыю прэзыдэнта Ўкраіны па гэтым пытаньні — гэта „сьвятая карова“. Мы не прызнаём фэдэралізацыі і рэспублік», — заявіў ён.

Паводле Кучмы, дакумэнт групы АБСЭ з 12 пунктаў, падрыхтаваны раней, прызначаны ў першую чаргу для ўкраінскай улады. А як прымяняць гэтыя пункты — справа ўладаў, у тым ліку і расейскіх.

«Мала хто зьвярнуў увагу, у тым ліку і ў Вярхоўнай Радзе, што ў адным з пунктаў дакумэнту АБСЭ выразна запісана — кантроль над украінска-расейскай мяжой. Калі ня будзе кантролю, а гэта задача АБСЭ, ні пра які мір нельга казаць. Калі мяжа адкрытая для руху расейскай тэхнікі і вайсковай сілы, то далейшыя пэрспэктывы можна сабе толькі ўявіць», — сказаў Кучма.

Кучма адзначыў, што група АБСЭ сваю задачу выканала, а далей у якім выглядзе будуць прымаць законапраекты аб сытуацыі ў Данбасе, залежыць ад Вярхоўнай Рады. Чакаецца, што ў Менск прыбудуць расейскі амбасадар ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў, а таксама прадстаўнікі сэпаратыстаў з Данецка і Луганска.

XS
SM
MD
LG