Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камэнтар да гадавога дасьледаваньня ў ЗША.

Людзі, якія пазьбягаюць вугляводаў і ядуць больш тлушчаў, нават насычаных, губляюць больш уласнага тлушчу і маюць меншую рызыку сардэчна-судзінных захворваньняў, чым людзі, якія сочаць за нізкім утрыманьнем тлушчаў у рацыёне. З такім інтрыгуючым падзагалоўкам быў нядаўна апублікаваны артыкул у Ню-Ёрк Таймс, натхнёны вынікамі новага клінічнага дасьледаваньня.

Дасьледаваньне было прафінансавана Нацыянальным інстытутам аховы здароўя (ЗША) і апублікавана ў часопісе Annals of Internal Medicine. У ім брала ўдзел расава разнастайная група са 150 мужчын і жанчын, а гэта рэдкасьць ў клінічных дасьледаваньнях у галіне харчаваньня. Удзельнікі мусілі прытрымлівацца дыеты на працягу аднаго году. Палова людзей абмяжоўвала колькасьць вугляводаў у сваім штодзённым рацыёне, а другая палова — колькасьць тлушчаў. На агульныя калёрыі пры гэтым увага не зьвярталася.

Напрыканцы году людзі з нізкавугляводнай групы страцілі ў сярэднім на чатыры кіляграмы больш, чым людзі з групы абмежаванага спажываньня тлушчу. Яны таксама мелі значна большае зьніжэньне тлушчу ў арганізме, чым апошняя група, і захавалі больш цяглічнай масы, гэта пры там, што ніводная з груп не зьмяніла свой нармальны ўзровень фізычнай актыўнасьці.

Людзі, якія маглі спажываць дыетычны тлушч без абмежаваньняў, прытрымліваліся свайго роду мадыфікаванай дыеты Аткінса. Ім было рэкамэндавана есьці ў асноўным бялкі і тлушчы, і аддаваць перавагу прадуктам зь ненасычанымі тлушчамі, такімі як рыба, аліўкавы алей і арэхі. Але ім было дазволена ўжываць і прадукты з насычанымі тлушчамі, у тым ліку сыр і чырвонае мяса.

Тыповы дзённы рацыён людзей з гэтай групы мог складацца зь яек на сьняданак, салаты з тунца на абед, і бялку на выбар — чырвонае мяса, курыца, рыба, сьвініна ці тофу — разам з гароднінай на вячэру. Удзельнікам нізкавугляводнай групы было прапанавана гатаваць ежу на аліўкавым і рапсавым алеі, але масла было таксама дазволена.

Было ўстаноўлена, што асобы, якія без абмежаваньняў маглі есьці тлушч, спажывалі каля 13 адсоткаў ад штодзённых калёрый з насычаных тлушчаў, а гэта ўдвая больш чым ліміт, рэкамэндаваны Амэрыканскай асацыяцыяй сэрца. Большасьць тлушчаў зь іх рацыёну, аднак, былі ненасычанымі.

Удзельнікі групы зь нізкім утрыманьнем тлушчу ўжывалі больш мучнога і крухмалу. Яны скарацілі агульнае спажываньне тлушчаў да менш чым 30 адсоткаў ад іх штодзённых калёрый, што адпавядае прынцыпам здаровага харчаваньня ўраду ЗША.

Урэшце людзі з нізкавугляводнай групы мелі менш маркераў запаленьня і трыгліцэрыдаў — тлушчаў, што цыркулююць ў крыві. Іх ЛПВШ, так званы добры халестэрын, вырас больш, чым у людзей з іншай групы. Артэрыяльны ціск, узровень агульнага халестэрыну і ЛПНШ, альбо так званы дрэнны халестэрын, засталіся нязьменнымі ў абедзьвюх групах. Аднак людзям на нізкавугляводнай дыеце атрымалася зьнізіць свае балы шкалы Фрэмінгама, якая вылічвае верагоднасьць сардэчнага прыступу на працягу бліжэйшых 10 гадоў. У асоб зь іншай групы не назіралася такога паляпшэньня.

Хаця аўтары апісанага дасьледаваньня і робяць акцэнт на высокую долю тлушчу ў дыеце, на самой справе рацыён удзельнікаў досьледу больш падобны на тыповы рацыён бялковай дыеты.
Сыстэматычныя агляды і мэта-аналізы клінічных іспытаў розных дыетычных стратэгій паказваюць, што дыеты з высокім утрыманьнем бялку маюць больш спрыяльнае ўзьдзеяньне на страту вагі, склад цела (павелічэньне страты тлушчавай масы і меншую страту мышачнай масы), выдаткі энэргіі ў стане спакою і трыгліцерыды ў крыві, чым дыета з такім жа ўтрыманьнем калёрый, але з меншай доляй бялку. Харчовы бялок таксама спрыяе большай сытасьці ў параўнаньні з вугляводамі ці тлушчамі. Аднак, доўгатэрміновыя эфэкты бялковай дыеты на стан вагі і здароўя застаюцца невядомымі. Ёсьць тэорыі, што яны могуць быць шкоднымі для нырак.
Дзеля справядлівасьці трэба таксама заўважыць, што апісаны вышэй экспэрымэнт ішоў на працягу году, што недастаткова для абгрунтаваных высноваў.
Існуюць больш якасныя доказы таго, што скарачэньне агульнага спажываньня тлушчаў (і тут ідзе гаворка аб доўгатэрміновым пэрыядзе 8 гадоў) прыводзіць да статыстычна значнага ўстойлівага зьніжэньня масы цела ў дарослых, а таксама ў дзяцей і маладых людзей. На гэтых мэта-даследаваньнях грунтуецца рэкамэндацыя УААЗ па спажываньні дыетычных тлушчаў у памеры паміж 20 і 35 адсоткамі ад агульнай спажыванай энэргіі.

Зьніжэньне агульнага спажываньня тлушчаў таксама зьвязана са зьніжэньнем індэксу масы цела і акружнасьцю таліі, як у здаровых дарослых людзей, так і ў асоб з фактарамі рызыкі або бягучым захворваньнем.

Што датычыцца падтрыманьня страчанай вагі, то яна немагчымая бяз зьмены некаторых шаблёнаў: выбар здаровай ежы і здаровага ладу жыцьця павінен быць нязьменным. Высокае спажываньне прадуктаў, багатых на клятчатку (садавіна, гародніна, суцэльнае збожжа), а таксама бялку і мона-ненасычаных тлушчаў, нізкае спажываньне вугляводаў з высокім глікемічным індэксам (гэта тыя вугляводы, якія хутка выпускаюць глюкозу ў кроў) дапамагаюць засьцерагчыся ад набіраньня вагі пасьля дыеты.

Ключавое слова ў гэтым параграфе: падтрыманьне. Той, хто хоча заўсёды мець здаровую вагу і аптымальнае здароўе, павінен набыць здаровыя звычкі ў харчаваньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG