Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найлепшая зброя супраць «рускага міру» — беларуская мова


18 верасьня ў Менску адбыўся круглы стол «Грамадзянская супольнасьць у абароне цывілізацыйна-культурнай ідэнтычнасьці Беларусі», арганізаваны Асамблеяй НДА.

Як вынікае з назвы, дыскусія прысьвечаная новым выклікам для беларускай незалежнасьці на фоне пагрозы з боку гэтак званага «Рускага міру».

Вінцук Вячорка на пачатку канфэрэнцыі адзначыў небясьпеку, якую пагрозу сёньня нясе Расея:

«Канцэпцыя "рускага міру" зьявілася з падачы расейскіх спэцыялістаў па маніпуляцыі грамадзкай думкай. Гэтай канцэпцыі быў дадзены эфэсбэшны размах, і дзякуючы ёй улады цяпер трымаюць поўны кантроль над грамадзкай думкай Расеі, а навокал зьнішчаюць усё, што чалавецтва здолела збудаваць пасьля 2-й сусьветнай вайны».

Вячорка падкрэсьліў, што на падтрымку расейскай мовы выдаткоўваюцца сотні мільёнаў даляраў штогод.

«Рускамоўныя, паводле расейскага МЗС, — гэта этнас, які расея павінна абараняць, — кажа Вячорка. — Але, як мы бачым, „великий и могучий“ ідзе ў адным шэрагу з "градамі" і С-400»

Грамадзкі дзяяч таксама заўважыў, што памылкова, а нават шкодна спадзявацца, што абаронцай беларускай незалежнасьці ды культурнай ідэнтычнасьці выступіць цяперашняя ўлада.

Тамара Мацкевіч у сваім выступе адзначыла, што цяпер ня час «займацца гендэрам, фітнэс-шмітнэсам і падобным», а важна сканцэнтравацца на нацыянальнай адукацыі і выхаваньні.

«Цяпер вельмі небясьпечная сытуацыя. Многія са мной ня згодзяцца, але калі сюды прыйдуць зялёныя чалавечкі, я першая пайду змагацца, нават пад чырвона-зялёны сьцяг, абы не расейскі трыкалор», — заявіла Мацкевіч.

Алена Анісім распавяла пра пасьпяховыя кампаніі пашырэньня сфэры ўжываньня беларускай мовы і прывяла ў прыклад выданьне Правілаў дарожнага руху і тэставых заданьняў ПДР па-беларуску.

Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Былы палітвязень Алесь Бяляцкі, выступаючы з паведамленьнем пра моўныя правы, параўнаў тое, што адбываецца з мовай цяпер, з 80-мі гадамі мінулага стагодзьдзя. Паводле Бяляцкага, нягледзячы на беларусізацыю пачатку 90-х, рэфэрэндум у 1995 г. пераарыентаваў Беларусь на расейскі вэктар, і прывёў да моцнага адкату ў справе Беларушчыны.

«Седзячы на зоне, я сустракаўся з хлопцамі, якія проста не разумелі беларускую мову. Зь Берасьця, Гомеля. Яны глядзелі на мяне ў ступары, для іх гэта замежная мова. Для мяне гэта было нечакана», — адзначыў праваабаронца.

Бяляцкі таксама заявіў, што трэба выкарыстоўваць тыя магчымасьці, які дае сучаснае заканадаўства:

«Кожны чыноўнік павінен ведаць беларускую мову. Гэта ўмова знаходжаньня на дзяржаўнай службе. Існуе адміністрацыйная адказнасьць за зьнявагу мовы. Трэба зьвяртацца да дзяржаўных структураў з прапановамі пашырэньня мовы.»

Падчас Круглага стала была сфармуляваная місія беларускай грамадзянскай супольнасьці, якая складалася з двух словаў — «Барані Сваё»:

«Яна [місія — рэд.] раскрываецца ў неабходнасьці абараняць нацыянальную культурную ідэнтычнасьць (мову, культуру, гістарычную памяць) беларускага народу і пачуцьцё гістарычнай прыналежнасьці беларусаў ды іншых нацыянальных групаў, што жывуць у Беларусі, да эўрапейскага культурна-цывілізацыйнага абшару».

Сябры Асамблеі НДА і ўдзельнікі круглага стала заклікалі іншыя арганізацыі ды ініцыятывы пашыраць сваю працу ў адпаведнасьці з гэтай місіяй.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG