Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістаў Бі-Бі-Сі пабілі ў Астрахані


Магіла пскоўскага дэсантніка Леаніда Кічаткіна, які загінуў ва ўсходняй Украіне

Магіла пскоўскага дэсантніка Леаніда Кічаткіна, які загінуў ва ўсходняй Украіне

На здымачную групу маскоўскага бюро Бі-Бі-Сі напалі невядомыя пасьля таго, як журналісты запісалі інтэрвію зь сястрой расейскага салдата, які загінуў ва Ўкраіне.

Здымачная група, запісаўшы сваё інтэрвію ў вёсцы за 60 кілямэтраў ад Астрахані, паехала ў гэты горад паабедаць. На выезьдзе зь вёскі іх спынілі інспэктары ДАІ, якія праверылі багажнік машыны і дакумэнты журналістаў, паведамляе расейская служба Бі-Бі-Сі.


Пасьля абеду ў Астрахані, калі журналісты выйшлі з кавярні і падыходзілі да сваёй машыны, на іх напалі тры невядомыя, якія зьбілі апэратара, забралі ў яго камэру і ўцяклі на сваёй машыне.


Журналісты больш за чатыры гадзіны давалі паказаньні ў аддзяленьні паліцыі, адказваючы на пытаньні сьледчых. Па дарозе ў аэрапорт яны выявілі, што пакуль яны былі ў паліцыі, нехта пасьціраў дадзеныя з жорсткага дыска іхнага кампутэра і карт памяці, якія знаходзіліся ў іх машыне. На шчасьце, да гэтага інцыдэнту журналісты пасьпелі перадаць запісанае інтэрвію ў Лёндан, паведамляе журналіст Бі-Бі-Сі Стыў Розэнбэрг.

XS
SM
MD
LG