Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты: Кошт дзяржаўнай долі акцыяў беларускага МТС будзе зьніжацца


Уладзімер Еўтушэнкаў

Уладзімер Еўтушэнкаў

Расейскі мільярдэр Уладзімер Еўтушэнкаў, якога пасадзілі пад хатні арышт і абвінавачваюць у эканамічных злачынствах, мае бізнэс і ў Беларусі. Як адаб’ецца на гэтым бізнэсе арышт алігарха?

Бізнэс-імпэрыя Ўладзімера Еўтушэнкава ўключае ня толькі нафтавыя кампаніі, але таксама кампаніі сувязі, мэдыйныя холдынгі і IT-кампаніі. Акрамя нафтавай галіны, іншыя прысутнічаюць у Беларусі, хоць і ў рознай ступені.

У 2006 годзе ў Менску былі зарэгістраваныя дзьве IT-кампаніі імпэрыі Еўтушэнкава, але зьвестак пра іх актыўную дзейнасьць няма.

Тэлекампанія ОНТ паказала некалькі сэрыялаў, зробленых за грошы Еўтушэнкава, і на гэтым супрацоўніцтва спынілася. А вось у бізнэсе сотавай сувязі быў сапраўдны прарыў.

Яшчэ на пачатку 2000-х гадоў, дзякуючы лабіраваньню тагачаснага мэра Масквы Юрыя Лужкова, расейскі сотавы апэратар МТС, дзе кантрольны пакет належыць Еўтушэнкаву, прасунуўся на беларускі рынак. У беларускім МТС расейцы маюць 49% акцыяў, праўда, павялічыць пакет так і не змаглі. Іх жаданьне пашырацца сутыкнулася з жорсткай пазыцыяй беларускага кіраўніцтва — прадаваць сваю долю пакетам і толькі за вялікія грошы.

Літаральна год таму Аляксандар Лукашэнка заявіў, што згодзен прадаць беларускія акцыі МТС за мільярд даляраў. У сьнежні камітэт Дзяржмаёмасьці Беларусі абвясьціў прыём заявак на куплю 51% акцыяў МТС за 863 мільёны даляраў, але і за такую зьніжаную цану набыць акцыі ніхто не пажадаў. Кіраўнік Дзяржмаёмасьці Георгі Кузьняцоў у лютым прагаварыўся, што расейцы гатовыя былі даць за беларускі пакет МТС 400–500 мільёнаў даляраў, але ня болей. Што будзе зараз зь беларускай доляй сотавага апэратара?

Паводле эксперта па юрыдычных пытаньняз у бізнэсе Сяргея Балыкіна, ужо не адзін год Беларусь спрабавала падняць кошт сваіх акцыяў МТС, у тым ліку і адміністрацыйнымі захадамі. Цяпер гэтыя намаганьні выглядаюць праблематычнымі, але гаварыць пра поўную паразу не выпадае, мяркуе экспэрт:

Сяргей Балыкін

Сяргей Балыкін

«Беларуская дзяржава ўжо ня меней за год спрабуе штучна падвысіць капіталізацыю МТС. Напрыклад, дзяржаўныя прадпрыемствы прымусова пераводзілі на МТС, і цяпер спрабуюць усяляк падвысіць колькасьць абанэнтаў, асабліва высокапрыбытковых. Збольшага ня думаю, што арышт Еўтушэнкава абрыне кошт ягоных акцыяў у МТС і што гэта адаб’ецца на беларускай долі МТС — бізнэсам кіруюць мэнэджэры, зацікаўленасьць расейскага МТС у набыцьці акцыяў беларускага дзяржаўнага пакету застаецца. Вядома, не за такія грошы, як прапануе беларуская дзяржава. Але значнага падзеньня ня будзе».

Паводле Bloomberg Billionaires Index, толькі за 16 верасьня, калі стала вядома пра хатні арышт Уладзімера Еўтушэнкава, ён зьбяднеў на 2,5 мільярда даляраў — гэтак адрэагавалі біржы, дзе каціруюцца акцыі АФК «Сыстэма».

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія», беларускі эканаміст Леанід Заіка кажа, што паколькі ў Беларусі няма рынку капіталу, то і падобныя страты бізнэсу Еўтушэнкава ў Беларусі не пагражаюць:

Леанід Заіка

Леанід Заіка

«Мяркую, тут усё будзе, як звычайна праходзіць у Беларусі. Вядома, некаторым чынам гэта паўплывае на паводзіны вышэйшых мэнэджэраў — некага могуць памяняць, нехта можа ўцячы, схавацца за мяжой. Але гэта ня ў нас, а ў Маскве. А ў нас я ня бачу прыкмет таго, што тут пачнецца нейкая бойка за долю Еўтушэнкава ў беларускім МТС, што пачнуцца праверкі і гэтак далей. У нас няма гэтых фінансавых інструмэнтаў і інстытутаў. А на бізнэс-клімаце ўжо ўсё, што магло — адбілася. У першую чаргу — санкцыі супраць Расеі».

Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

Незалежны экспэрт у галіне эканомікі Яраслаў Раманчук мяркуе, што да арышту Ўладзімера Еўтушэнкава спрычынілася менавіта гісторыя з санкцыямі. «Недзе выказаў незадавальненьне палітыкай, якая прывяла да санкцыяў, знайшліся канкурэнты, якія далажылі куды трэба. А далей скарысталі сытуацыю для рэйдэрскага захопу», — мяркуе Яраслаў Раманчук пра вытокі арышту Еўтушэнкава. Што да ўплыву на Беларусь, экспэрт мяркуе, што на кошце пакету беларускага МТС, які спрабуе прадаць беларуская дзяржава, сытуацыя адаб’ецца ў бок паніжэньня гэтага кошту.

«У кантэксьце тых падзеяў, у якія ўвязалася зараз Расея, актывы і капіталізацыя расейскіх кампаніяў будуць падаць. Значыць, яны ня будуць даваць больш грошай за аналягічныя актывы ў Беларусі. То бок пік коштаў МТС ужо пройдзены, і дзяржаўная доля беларускага МТС будзе толькі таньнець».

XS
SM
MD
LG