Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве не хапае донарскай крыві


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Магілёве, каб папоўніць запасы крыві на станцыі пераліваньня, да здачы крыві прыцягваюць курсантаў інстытуту Міністэрства ўнутраных спраў. У мэдычнай установе кажуць, што сытуацыя з запасамі яе кампанэнтаў крытычная, таму і зьвярнуліся па дапамогу да будучых міліцыянтаў. Аднак кіраўніцтва станцыі пераліваньня крыві існаваньне такой праблемы адмаўляе.

Навіна пра нястачу донарскай крыві прагучала ў адным з выпускаў рэгіянальных навінаў. Паведамлялася, што 80 курсантаў бязвыплатна здалі кроў, каб экстранна папоўніць яе запасы.

«Мы папрасілі дапамогі ў сувязі з тым, што ў нас складаная сытуацыя з запасамі кампанэнтаў крыві на сёньняшні момант. Асабліва гэта тычыцца 1 і 3 групы», — патлумачыла супрацоўніца абласной станцыі пераліваньня крыві Людміла Смалянец.

У мэдычнай установе на просьбу назваць прычыны, якія прывялі да нястачы крыві, заявілі, што такой праблемы ў іх няма. Намесьнік галоўнага доктара станцыі пераліваньня Ўладзімер Кавалёў зазначыў, што курсанты здавалі кроў, бо праводзяцца агульнанацыянальныя акцыі па ўкараненьні бязвыплатнага донарства.

«Уцягваецца большая колькасьць народу ў донарства, толькі з гэтых меркаваньняў. Недахопу эрытрацытнай масы няма ў нас на сёньняшні дзень. Плянавыя апэрацыі не адмяняюцца. Тое, што трэба, людзі атрымліваюць».

Паводле Ўладзімера Кавалёва, няма праблемаў і з донарамі. Ахвочых здаваць кроў хапае, кажа ён:

«Калі плацілі шэсьцьдзесят тысяч за выкананьне донарскай функцыі два гады таму, то гэта былі адны грошы, а калі сёньня донар атрымлівае 604 тысячы, то гэта розныя рэчы. Ёсьць нюансы, калі разбор ідзе вялікі рэдкіх групаў крыві і па некалькі хворых адразу патрабуюць вялікіх аб’ёмаў пераліваньня — тады даводзіцца і выклікаць донараў».

У прыватных гутарках мэдыкі прызнаюць, што ахвотных здаваць кроў задарма няшмат. Бальшыня магілёўскіх донараў за свае паслугі атрымліваюць кампэнсацыю. Іншая справа — вайскоўцы альбо курсанты таго ж інстытуту Міністэрства ўнутраных спраў. Бязвыплатна здаюць кроў і самі мэдыкі.

Хто ж найчасьцей прыходзіць здаваць кроў? І ці станавіліся б яны донарамі, каб не плацілі за такую паслугу грошы? Ідуць здаваць кроў у асноўным «рабацягі», бо не хапае грошай на жыцьцё, адказвае шматгадовы донар Сяргей.

Атрымліваюць адразу па сямсот тысяч. А яшчэ дадатковы дзень на працы аплачваецца. Вы ж бачыце, як людзі жывуць

«Асабліва на плязму шмат прыходзяць. Адзін раз на два тыдні. Атрымліваюць адразу па сямсот тысяч. А яшчэ дадатковы дзень на працы аплачваецца. Вы ж бачыце, як людзі жывуць. Мне падаецца, што бязвыплатна можна сабе дазволіць адзін раз на паўгода. Бачу я на станцыі і студэнтаў. Прыходзяць здаюць. Многіх адхіляюць, бо піва нап’юцца перад здачай. Апошні раз пры мне дваіх адправілі».

Паводле назіраньняў Сяргея, здаваць кроў людзі ня сталі меней, але, як ён кажа, раней донарская грамада была больш стабільная, чым цяпер. На ягоную думку, шмат донараў здаюць кроў непрацяглы час.

На заўвагу, што ў шмат якіх краінах людзі становяцца донарамі, бо адчуваюць да гэтага грамадзянскае пакліканьне, спадар Сяргей адрэагаваў так:

«Рана ў нас пра гэта гаварыць. Толькі за ідэю? Дык нічога ж за ідэю не бывае проста так. Які сэнс? Адзін раз на паўгода здаць можна задарма. Можна арганізаваць ва ўстановах якіхсьці. А так я б не здаваў».

Улетку 2007 году група магілёўскіх донараў абвяшчала страйк, каб не адбіралі льготы. Скасаваньне сацыяльных гарантыяў прадугледжвала зьмены ў законе «Аб донарстве крыві і яе кампанэнтаў». Як заяўлялі донары, іх пазбавілі санаторна-курортнага лячэньня, бясплатнага зубапратэзаваньня, скасавалі 40-працэнтны дадатак да мінімальнай пэнсіі. Некаторыя з ільготаў ім вярнулі на ўзроўні мясцовай улады. Напрыклад, бясплатны праезд у грамадзкім транспарце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG