Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыбаўка заробку — гэта «сьлёзы», якімі ўрад адкупляецца ад людзей — экспэрт


Рэальныя прыбыткі насельніцтва Беларусі ад пачатку году паступова зьніжаюцца.

Гэта бачна з дадзеных, якія зьявіліся сёньня на афіцыйным сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэту краіны.

Калі ў студзені 2014 году рэальныя грашовыя прыбыткі беларусаў параўнальна са студзенем 2013 году былі большымі на 9,4%, то ў першым квартале адпаведная лічба зьменшылася да 6,8%, а за сем месяцаў (гэта апошні тэрмін, які прыводзіць Белстат) — да 3,6%.

Чаму прыбыткі насельніцтва пайшлі ў піке? Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук тлумачыць гэта так:

Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

«Апошнія тры гады заробкі ў Беларусі расьлі значна хутчэй за прадукцыйнасьць працы. І ўсе крэдыторы Беларусі — ад МВФ да Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС — патрабавалі спыніць гэтую заганную практыку. Яны называюць яе праяданьнем крэдытаў і рэсурсаў эканомікі.

І вось беларускі ўрад, разумеючы, што трэба весьці зноў цяжкія размовы пра новыя крэдыты, зрабіў неабходную рэч — заробкі пачалі падвышаць настолькі, наколькі ўзрастае прадукцыйнасьць працы. Гэта добра. Але трэба мець на ўвазе, што цэны на тавары і паслугі ад пачатку сёлетняга году ўзрасьлі значна больш. Так што тыя грошы, якія ўрад даў людзям за апошнія пару-тройку гадоў, ён цяпер забірае назад праз інфляцыю і падвышэньне коштаў жыльлёва-камунальных паслуг.

Заробак ад пачатку году павялічыўся на 3,6%. А тут абвяшчаюць, што да 2017 году аплата паслуг ЖКГ узрасьце ўтрая. І таму прыбаўка заробку — гэта фактычна тыя „сьлёзы“, якімі ўрад адкупляецца ад людзей: маўляў, робім усё, што можам».

XS
SM
MD
LG