Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ ігнаруе журналісцкі форум у Маскве — на знак салідарнасьці з Украінай


Жана Літвіна, старшыня БАЖ

Жана Літвіна, старшыня БАЖ

БАЖ адмовіўся ад паездкі на канфэрэнцыю Эўрапейскай фэдэрацыі журналістаў з-за месца яе правядзеньня — Масквы.

У заяве, ухваленай праўленьнем Беларускай асацыяцыі журналістаў, зазначана:

«Кіруючыся прынцыпамі кодэксаў этыкі Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў і ГА „Беларуская асацыяцыя журналістаў“, а таксама пачуцьцём глыбокай павагі да ўкраінскага народу, вымушанага весьці на сваёй зямлі неабвешчаную вайну з сэпаратыстамі, праўленьне ГА „БАЖ“ прыняло рашэньне ўстрымацца ад удзелу ў канфэрэнцыі Эўрапейскай фэдэрацыі журналістаў (EFJ), якая пройдзе ў лістападзе ў Маскве, на знак салідарнасьці з украінскімі калегамі».

«Мы лічым канфэрэнцыю EFJ галоўнай падзеяй году ў сьвеце эўрапейскай журналістыкі. Таму ад імя сябраў нашай нацыянальнай арганізацыі мы выказваем нязгоду з правядзеньнем гэтай канфэрэнцыі ў сталіцы дзяржавы, улады якой цягам апошняга часу мэтанакіравана спрыялі і спрыяюць разбурэньню этычных і прафэсійных стандартаў журналістыкі.

На нашых вачах у расейскіх мэдыях адбываецца бессаромная падмена інфармацыйнай функцыі сродкаў масавай інфармацыі маніпулятыўнай і прапагандысцкай. Беспрэцэдэнтная хваля дзяржаўнай прапаганды, якая абрынулася на жыхароў самой Расеі і ўсіх краін, куды маюць доступ расейскія СМІ, падрывае давер да мэдыйнага слова ўвогуле. Асабліва востра гэта адчуваецца ў краінах, што мяжуюць з Расейскай Фэдэрацыяй, да якіх належыць і Беларусь. Відавочна, што ўлады Расеі наўпрост стымулююць гэты ганебны працэс, публічна і масава адзначаючы дзяржаўнымі ўзнагародамі найбольш актыўных удзельнікаў руйнаваньня базавых прынцыпаў аб’ектыўнай журналістыкі.

Менавіта таму нам падаюцца непераканаўчымі аргумэнты часткі эўрапейскіх калегаў, што ў гэты складаны для расейскай журналістыкі момант правядзеньне штогадовай канфэрэнцыі EFJ у Маскве стане выказваньнем міжнароднай падтрымкі расейскай журналісцкай супольнасьці. На нашу думку, існуе высокая рызыка таго, што канфэрэнцыю EFJ скарыстаюць у прапагандысцкіх мэтах расейскія ўлады і ідэалягічна карумпаваныя мас-мэдыі для ўзмацненьня сваёй прапагандысцкай пазыцыі», — гаворыцца ў заяве.

XS
SM
MD
LG