Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 верасьня ў Шатляндыі праходзіць рэфэрэндум па пытаньні аб незалежнасьці. Вынікі чакаюцца заўтра.

Апошнія апытаньні грамадзкай думкі паказваюць нязначную перавагу праціўнікаў выхаду са складу Злучанага Каралеўства — ад 2 да 8 працэнтаў. Усё вырашаць тыя, хто вагаецца, якіх, паводле розных апытаньняў, ад 5 да 17 працэнтаў. Чакаецца нябачаная для Шатляндыі і Вялікабрытаніі ў цэлым яўка на рэфэрэндум — да 80 працэнтаў зарэгістраваных выбаршчыкаў.

У бюлетэні толькі адно пытаньне: «Ці павінна Шатляндыя быць незалежнай дзяржавай?»

Важная асаблівасьць рэфэрэндуму: упершыню ў брытанскай гісторыі ў ім удзельнічаюць жыхары Шатляндыі, пачынаючы з 16-гадовага ўзросту. Вось чаму ў руху за незалежнасьць пануе такі энтузіязм — падлеткі і моладзь прагнуць сувэрэнітэту для сябе і сваёй краіны. Аднак праціўнікі незалежнасьці сумняюцца ў здольнасьці 16-гадовых прымаць адказныя і ўзважаныя палітычныя рашэньні. Вынікі рэфэрэндуму будуць вядомыя ўжо на наступны дзень, раніцай 19 верасьня. Лік тых, хто галасуе, паводле эўрапейскіх мерак, невялікі — насельніцтва Шатляндыі крыху больш за 5 мільёнаў чалавек (здабыўшы незалежнасьць, яна зойме па гэтым паказчыку 113-е месца ў сьпісе дзяржаў сьвету). У выпадку перамогі сэпаратыстаў Шатляндыя будзе афіцыйна аб’яўленая сувэрэннай дзяржавай 24 сакавіка 2016 года.

Шатляндыю і Англію зьвязвае трохсотгадовая унія. У 1707 годзе яны ўтварылі адзіную сувэрэнную дзяржаву. Праўда, яшчэ да гэтага абодва каралеўства аб’ядноўвала так званая пэрсанальная унія: шатландзкі кароль Якаў VI стаў каралём Англіі ў 1603 годзе пад імем Якава I. У Шатляндыі доўгая гісторыя незалежнасьці: з 843 па 1707 гады. Ініцыятары рэфэрэндуму аб незалежнасьці Шатляндзкая нацыянальная партыя і яе лідэр Алекс Салмонд ў якасьці галоўных пераваг адзьдзяленьня ад Вялікабрытаніі называюць кантроль за зьнешняй і абароннай палітыкай, здабычы нафты, абвяшчэньне бязьядзернага статусу. Пры гэтым яны спадзяюцца, што ўзначаліць новую Шатландыю цяперашняя каралева Вялікабрытаніі Элізабэта II. У мінулы ўікэнд каралева параіла шатляндцам добра падумаць пра сваю будучыню.

Праціўнікі незалежнасьці прадказваюць велізарныя эканамічныя, сацыяльныя і палітычныя праблемы, з якімі непазьбежна сутыкнецца сувэрэнная Шатляндыя. Напярэдадні рэфэрэндуму лідэры трох вядучых брытанскіх палітычных партый — кансерватыўнай, лейбарысцкай і лібэрал-дэмакратычнай — Дэвід Кэмеран, Эд Мілібэнд і Нік Клег апублікавалі сумесную заяву, у якой абяцалі ў выпадку захаваньня Шатляндыі ў складзе Вялікабрытаніі даць новыя, пашыраныя паўнамоцтвы шатляндзкаму парлямэнту, якія дазволяць яму кантраляваць сацыяльныя выдаткі, у тым ліку субсідаваньне сыстэмы аховы здароўя, а таксама павялічыць падатковыя паступленьня і гарантаваць раўнапраўнае размеркаваньне бюджэтных рэсурсаў.

Шатландскі экспэрт па міжнароднаму праву, прафэсар Абэрдзінскага ўнівэрсытэта Пол Бамонт аналізуе ў інтэрвію Радыё Свабода прычыны сэпаратысцкіх настрояў у Шатляндыі:

— Перш за ўсё варта ўсьведамляць, што да уніі з Англіяй у 1707 Шатляндыя была незалежнай і сувэрэннай дзяржавай. Прычым нават у складзе Злучанага Каралеўства яна ў велізарнай ступені захавала сваю ідэнтычнасьць з дапамогай уласных палітычных і сацыяльных інстытутаў.

У нас ўласная прававая сыстэма, уласная нацыянальная царква, у нас свая, адрозная ад ангельскай, сыстэма адукацыі, наша судовая сыстэма таксама адрозьніваецца ад ангельскай

Да прыкладу, у нас ўласная прававая сыстэма, уласная нацыянальная царква (прычым гэта Прэсьвітэрыянская царква, у адрозьненьне ад англіканскай царквы ў Англіі), у нас свая, адрозная ад ангельскай, сыстэма адукацыі, наша судовая сыстэма таксама адрозьніваецца ад ангельскай. У шатляндцаў захавалася вельмі моцнае пачуцьцё нацыянальнай ідэнтычнасьці. Гэтаму спрыяюць самабытныя нацыянальныя інстытуты, якія шатляндцам ўдалося захоўваць на працягу трохсот гадоў у складзе Злучанага Каралеўства. У 1999 годзе аўтаномія Шатляндыі была значна пашыраная, быў адноўлены нацыянальны парлямэнт. Асноўныя нацыянальныя праблемы цяпер вырашаюцца шатляндзкім парлямэнтам і шатляндзкім урадам. Аднак частка шатляндцаў хацела б, каб у Шатляндыі вырашаліся ўсе яе праблемы, уключаючы зьнешнюю палітыку, абарону, макраэканамічныя пытаньні, гэта значыць тыя, якія зараз зьяўляюцца прэрагатывай цэнтральнага ўрада і парлямэнту ў лонданскім Вэстмінстары.

— Ці існуе хоць бы найменшая дыскрымінацыя шатляндцаў у Вялікабрытаніі?

— Не. Яе не існуе і ніколі не было. Цяга да незалежнасьці зусім не выкліканая адчуваньнем прыніжанасьці або няшчасьця жыцьця ў Злучаным Каралеўстве. Матывам тут сталі больш станоўчыя рэчы: вострае пачуцьцё нацыянальнай ідэнтычнасьці і нежаданьне, каб Шатляндыя кіравалася з Лёндана. Пры гэтым усё сьведчыць пра тое, што Шатляндыя квітнее ў складзе Злучанага Каралеўства. Скажам, цяпер у Шатляндыі бум на рынку нерухомасьці, а у шатляндзкага ўрада найшырэйшая аўтаномія ва ўнутранай палітыцы. Справа зусім не ў тым, што ў Шатляндыі склалася крызісная эканамічная сытуацыя, пануе галеча або шатляндцы раптам адчулі дыскрымінацыю або сацыяльную няроўнасьць у Злучаным Каралеўстве.

— І брытанскі ўрад, і праціўнікі незалежнасьці ў самой Шатляндыі папярэджваюць аб тым, што адзьдзяленьне ад Вялікабрытаніі нясе велізарныя эканамічнымі рызыкі. Наколькі гэтыя рызыкі рэальныя?

— Найбуйнейшыя брытанскія палітычныя партыі і брытанскі ўрад далі ясна зразумець, што ня пойдуць на валютны саюз з незалежнай Шатляндыяй і не дазволяць фунту стэрлінгаў стаць шатляндзкай нацыянальнай валютай. Гэта адна з сур’ёзных эканамічных рызык, з якімі сутыкнецца незалежная Шатляндыя, хоць Алекс Салманд сьцьвярджае,

Адсутнасьць уласнага Цэнтральнага банка і ўстойлівай валюты непазьбежна абцяжарыць ўступленьне незалежнай Шатляндыі ў Эўрапейскі зьвяз

што Лёндан блефуе і перамовы на гэты конт магчымыя. Адсутнасьць уласнага Цэнтральнага банка і ўстойлівай валюты непазьбежна абцяжарыць ўступленьне незалежнай Шатляндыі ў Эўрапейскі зьвяз і нэгатыўна адаб’ецца на яе эканоміцы, тады як яе прыхільнасьць да фунту стэрлінгаў забясьпечыла б фінансавую стабільнасьць. Яшчэ адна сур’ёзная эканамічная рызыка, зь якой можа сутыкнуцца незалежная Шатляндыя, — нявызначанасьць будучых падатковых паступленьняў ад шэльфавай нафта-і газаздабычы. Брытанскія нафтаздабываючыя кампаніі і перш за ўсё «Брытыш петролеум», вядучыя нафтаздабычу ў шатляндзкіх тэрытарыяльных водах, не гарантуюць, што захаваюць шатляндзкую рэгістрацыю. Калі іх падатковыя паступленьні ў шатляндзкі бюджэт скароцяцца, гэта стане яшчэ адным сур’ёзным ударам па эканоміцы незалежнай Шатляндыі.

— Апытаньні грамадзкай думкі ў Шатляндыі напярэдадні рэфэрэндуму паказваюць, што колькасьць прыхільнікаў і праціўнікаў незалежнасьці практычна роўная. Ці не атрымаецца так, што ў выпадку атрыманьня незалежнасьці шатляндзкае грамадзтва апынецца расколатым, і гэта выкліча сур’ёзную палітычную і сацыяльную нестабільнасьць?

— Такі рызыка існуе. Перамога прыхільнікаў незалежнасьці можа расчараваць, тых шатляндцаў, якія застаюцца ляяльнымі Вялікабрытаніі. Рух за незалежнасьць набраў сілу за апошні час, ён амаль поўны энтузіязму, і яму будзе цяжка прыняць паразу на рэфэрэндуме. З іншага боку, і прабрытанскія настроі ў Шатляндыі даволі моцныя, для іх параза таксама будзе хваравітай. Калі мы хочам, каб у незалежнай Шатляндыі захаваліся мір і стабільнасьць, будучы яе ўрад павінен будзе ўлічваць настроі пераможанай меншасьці.

XS
SM
MD
LG