Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Горадня. Алесь Бяляцкі апавёў, як пісаў нататкі праваабронцы


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

У Горадні пры перапоўненай залі адбылася прэзэнтацыя кнігі «Іртутнае срэбра жыцьця» Алеся Бяляцкага, былога палітвязьня, праваабаронцы. Бяляцкага віталі стоячы і аплядысмэнтамі.

На сустрэчы Алесь Бяляцкі апавёў, як задумаў і пісаў свае нататкі.

Першыя лісты пра ўмовы ўтрыманьня не дайшлі да адрасата, бо «асабісты» адразу папярэдзілі, што пра гэта пісаць нельга. Гэтыя 6 лістоў Бяляцкаму, аднак, удалося захаваць і прынесьці пасьля вызваленьня дадому.

Бяляцкі: «Напісаць кнігу мяне натхніла паездка ў Кіргізстан, калі там адбываліся падзеі ў Ошы, і пра якія я пісаў падрабязную праваабарончую справаздачу. І вось, апынуўшыся ў калёніі, я вырашыў, што мушу напісаць і пра беларускія падзеі, якія адбываліся на маіх вачах і ўдзельнікам якіх я па сутнасьці быў.

Яшчэ праз гэтыя лісты, якія потым друкаваліся ў маім блогу, я хацеў даслаць сыгнал усім сваім сябрам, родным, проста беларусам, што і ў вязьніцы застаюся чалавекам і не мяняю сваіх перакананьняў. Я хацеў, каб пра гэта ведалі на волі, і мне ад гэтага было таксама лягчэй.

Часу на пісьмо было няшмат, паколькі 8 гадзінаў я працаваў фізычна, але ў калёніі напісаў болей, чым за папярэднія дваццаць гадоў. Пісаў то прыткнуўшыся ў камэры да тумбачкі, то падчас перапынку на працы... Потым, каб адаслаць, усё гэта, перапісваў болей разборліва».

Гарадзенцы, якія прыйшлі на сустрэчу з Алесем Бяляцкім

Гарадзенцы, якія прыйшлі на сустрэчу з Алесем Бяляцкім

Укладальніца кнігі Алена Лапцёнак: «Мне, як чалавеку, які ў свой час вучыўся ў асьпірантуры Інстытуту літаратуры і займаўся менавіта мэмуарным жанрам, было цікава працаваць з тэкстамі Бяляцкага. Цікавасьць была ў тым, што я сама часта была сьведкай тых падзей, пра якія піша Бяляцкі. І відавочным было тое, наколькі ў нас у кожнага свой погляд на адну і тую ж сытуацыю. Для мяне былі больш яскравымі адны моманты, а Алесь выдзяляў іншыя. І вось падчас рэдагаваньня мне часам хацелася яго падправіць, нешта дадаць ад сябе — настолькі я жыла гэтай працай. А складанага, бадай, нічога не было, хіба часам нечытэльны почырк Алеся, але і гэта мне паддавалася».

Алена Лапцёнак

Алена Лапцёнак

4 жніўня 2011 году Алесь Бяляцкі быў арыштаваны па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў (утойваньне прыбыткаў у асабліва буйным памеры, артыкул 243, частка 2 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь). 24 кастрычніка 2011 году быў асуджаны на 4,5 года ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў — заявіў, што ўсе грошы з рахункаў ішлі на праваабарончую дзейнасьць. Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным.

Бяляцкі быў вызвалены па амністыі 21 чэрвеня 2014 году.

У 2012, а таксама ў 2013 і 2014 гадах Бяляцкі вылучаўся прэтэндэнтам на Нобэлеўскую прэмію міру.

Кніга Алеся Бяляцкага «Іртутнае срэбра жыцьця»

Кніга Алеся Бяляцкага «Іртутнае срэбра жыцьця»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG