Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША разгледзяць законапраект пра новыя санкцыі супраць Расеі


Сэнатары Робэрт Мэнэндэс і Боб Коркер, аўтары законапраекту
Сэнатары Робэрт Мэнэндэс і Боб Коркер, аўтары законапраекту

Камітэт па замежных справах Сэнату ЗША разгледзіць праект закону пра новыя санкцыі супраць Расеі і ў падтрымку Ўкраіны.

Аўтарамі гэтага дакумэнта зьяўляюцца сэнатары ЗША Робэрт Мэнэндэс і Боб Коркер. Законапраект, унесены 16 верасьня, разьмешчаны на сайце камітэту.

Згодна з дакумэнтам, амэрыканскі прэзыдэнт атрымае права даць Украіне процітанкавае ўзбраеньне, зброю і амуніцыю для асабістага складу, радары, далямеры, абсталяваньне для навядзеньня, бесьпілотнікі і камунікацыйнае абсталяваньне. На гэта ў 2015 годзе плянуецца вылучыць 350 мільёнаў даляраў.

У дакумэнце ўтрымліваецца патрабаваньне да прэзыдэнта ўвесьці санкцыі супраць расейскага «Рособоронэкспорта» і іншых абаронных прадпрыемстваў, якія маюць дачыненьне да дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне, Грузіі, Малдове і Сырыі.

Таксама санкцыі могуць быць ужытыя супраць кампаній па ўсім сьвеце, якія робяць вялікія інвэстыцыі асабліва ў праекты здабычы нетрадыцыйнай нафты ў Расеі.

Дакумэнт павінен даць права прэзыдэнту ЗША ўводзіць санкцыі супраць «Газпрома», калі ён не паставіць значных аб’ёмаў газу краінам-сябрам НАТО, а таксама Ўкраіне, Грузіі ці Малдове.

У нас няма іншага выйсьця, апроч як уводзіць санкцыі супраць Расеі разам з ваеннай падтрымкай Украіны

Згодна з паведамленьнем, дакумэнт будзе пастаўлены на галасаваньне ў камітэце па замежных справах сэнату 18 верасьня пасьля выступу прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.

«Прэзыдэнт Пуцін перакуліў з ног на галаву міжнароднае права, і спробы паставіць яго на месца ня будуць засьцерагальнікам ад далейшых расейскіх правакацый. У выпадку з расейскай агрэсіяй Украіне патрэбна наша цьвёрдая і выразная падтрымка. У нас няма іншага выйсьця, апроч як уводзіць санкцыі супраць Расеі разам з ваеннай падтрымкай Украіны», — адзначыў сэнатар Мэнэндэс.

«Цяпер час для ўзмацненьня ціску на Пуціна і для дапамогі Ўкраіне», — дадаў Коркер.

17 верасьня прэзыдэнт Украіны з знаходзіцца з афіцыйным візытам у Канадзе, а 18-га будзе ў ЗША. Там ён, сярод іншага, сустрэнецца з амэрыканскім прэзыдэнтам Баракам Абамам і выступіць на паседжаньні Кангрэсу ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG