Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС: Беларусь гатовая абмяркоўваць палітычныя пытаньні, якія цікавяць заходніх калегаў


Аляксандар Гур'янаў
Аляксандар Гур'янаў

Пра гэта заявіў намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандар Гур’янаў 17 верасьня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.

«На жаль, з нашымі партнэрамі на Захадзе эканамічнае супрацоўніцтва і практычнае ўзаемадзеяньне часам натыкаліся на перашкоды ў выглядзе палітычнай пазыцыі. І сёньня можна сказаць, што нашы адносіны з ЭЗ, бліжэйшымі суседзямі з ЭЗ, са Злучанымі Штатамі знаходзяцца ў дынаміцы», — сказаў ён.

Паводле Гур’янава, «дыялёг — гэта самае галоўнае, што дае магчымасьць вырашаць пытаньні і рухаць працэсы, улічваючы ўзаемныя інтарэсы».

«Мы неаднаразова падкрэсьлівалі, што эканоміка і ў цэлым сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё для Беларусі — гэта прыярытэт. Таму зацыклівацца выключна на палітычных працэсах не ў інтарэсах нашай краіны», — сказаў ён.

Гур’янаў адзначыў, што, «на шчасьце, сёньня разуменьне пэўнае надыходзіць у частцы таго, што Беларусь гатовая абмяркоўваць і палітычныя пытаньні, якія цікавяць нашых заходніх калегаў, але і паралельна рухаць эканамічныя праекты, якія цікавіць бізнэс».

Таксама намесьнік міністра сказаў, што сытуацыя ва Ўкраіне для Беларусі «вельмі блізкая з пункту гледжаньня таго, што гэта суседзі, і мы б не хацелі бачыць нейкія далейшыя ўскладненьні».

Мы б не хацелі, каб нехта казаў, што ўскладненьне становішча ва Ўкраіне нейкім чынам выкарыстоўваецца Рэспублікай Беларусь для ўласнага пазыцыянаваньня

«Мы б не хацелі, каб нехта казаў, што ўскладненьне становішча ва Ўкраіне нейкім чынам выкарыстоўваецца Рэспублікай Беларусь для ўласнага пазыцыянаваньня. Усё пазнаецца ў параўнаньні. І пэўная палітычная стабільнасьць, і стабільнасьць працэсаў у краіне дае падставы казаць бізнэсу, дзе лепш працаваць», — цытуе БелаПАН Гур’янава.

Адносна санкцыяў у дачыненьні да Расеі і Беларусі намесьнік міністра нагадаў, што нават на фоне пэўных абмежаваньняў у палітычнай сфэры эканамічныя сувязі Беларусі з ЗША не спыняліся і не замарожваліся, адзначае БелТА. Чыноўнік назваў санкцыі «часовымі, надзвычай штучнымі і надуманымі». Таксама ён зазначыў, што працэс дыялёгу з ЗША па пытаньні далучэньня Беларусі да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі зрушыўся зь мёртвай кропкі.

«Мы дамовіліся прагматычна і паступальна рухацца ў рамках перамоваў экспэртаў і не прыпыняць гэты працэс», — сказаў Гур’янаў.

У Нью-Ёрку 22 верасьня ўпершыню пройдзе беларуска-амэрыканскі інвэстыцыйны форум. Гур’янаў адзначыў, што ў такім фармаце, як інвэстыцыйны форум, з ЗША «мы яшчэ не працавалі». Ён дадаў, што беларускі бок будзе імкнуцца даць амэрыканскаму бізнэсу «неабходныя тлумачэньні па інвэстыцыйным клімаце, паказаць магчымасьці дзелавога супрацоўніцтва з нашай краінай, улічваючы пэўны дысбалянс у інфармацыі, якая цыркулюе ў дачыненьні да Беларусі і часам скажае рэчаіснасьць».

Аляксандар Гур’янаў сустракаўся 9 верасьня ў беларускім МЗС зь міжведамаснай дэлегацыяй ЗША, якая знаходзілася ў Менску з 8 па 11 верасьня.

Па выніках гэтага візыту намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Томас Мэлія заявіў, што пытаньне палітвязьняў па-ранейшаму застаецца перашкодай на шляху супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і ЗША. Паводле ягоных слоў, пытаньне пра палітвязьняў узьнімалася падчас сустрэчы міжведамаснай урадавай дэлегацыі ЗША ў МЗС Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG