Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дубавец: Раю ўсім пісаць фантастыку, фантасмагорыю, літаратуру абсурду


17 верасьня ў кнігарні «логвінаЎ» адбылася прэзэнтацыя новай кнігі нашага калегі Сяргея Дубаўца «Сіні карабель у блакітным моры плыве».

Так супала, што сышліся тры падзеі: уласна прэзэнтацыя, дзень народзінаў аўтара — 55-годзьдзе Сяргея Дубаўца, і 6-я ўгодкі самой кнігарні «логвінаЎ».

На імпрэзу прыйшлі Адам Глобус, Кася Камоцкая, Ігар Бабкоў, Анка Ўпала, Алесь Камоцкі, Павал Касьцюкевіч, Барыс Пятровіч. Аповеды аўтара пра кнігу чаргаваліся з выступам музыкаў Андруся Такінданга з домрай і гітарыста Яўгена Шурмея.

Пачаў Сяргей з заявы, што хацеў бы ўсіх, хто чытаў ягоныя ранейшыя кніжкі, расчараваць:

«Нічога падобнага ў новай кнізе няма, яна пра тое, чаго не бывае, ніколі не было і у прынцыпе ня можа быць. Гэта чыстая проза безь ніякай публіцыстыкі. Я хацеў напісаць кніжку ні пра што, і калі мне гэта ўдалося, я буду адчуваць сябе шчасьлівым чалавекам».

Нашы рэаліі палітыкі, грамадзкага жыцьця, усялякія сацыяльныя зрухі спыніліся на адной кропцы 20 гадоў таму і не мяняюцца. Таму тэксты пра актуальнае, напісаныя, 15, 10 гадоў таму, застаюцца актуальнымі і зараз, заўважыў спадар Дубавец:

«На Захадзе, дзе дасягнулі крыху большай дэмакратыі, таксама перажывалі такія абсурды ў галіне палітыкі, правоў чалавека, грамадзкіх свабод, і тады выходзіла на сцэну зусім іншая літаратура: літаратура, якая з гэтага адкрыта сьцябалася, літаратура абсурду, утапічныя раманы. І гэтая літаратура дазваляла грамадзтву неяк ачуняць, паглядзець на сябе і спытаць: „А чаго мы такія крывыя? Нас паказалі ў антыўтопіях“. І такая культура спрыяла вызваленьню людзей ад свайго ўродзтва. У Савецкім Саюзе былі фантасты браты Стругацкія, у Польшчы — Станіслаў Лем. Дакладней, гэта не фантасты, а фантасмагарысты. Гэта тая літаратура, якую мне зь дзяцінства страшна хацелася пісаць».

Я хацеў напісаць кніжку ні пра што, і калі мне гэта ўдалося, я буду адчуваць сябе шчасьлівым чалавекам

Сяргей Дубавец заклікаў усіх, хто мае дачыненьне да літаратуры, больш пісаць не ў рэалістычных жанрах, бо сёньня гэта трошкі «не пракаціць», а ў тых жанрах, якіх у беларускай літаратуры мала: «фантастыку, фантасмагорыю, літаратуру абсурду — тое, што будзе адкрываць нам вочы на ўсялякія нашы крывізны і дазволіць нам вызваляцца».

Спадар Дубавец сказаў, што кніга сьвежая, яе ніхто яшчэ не прачытаў, таму прамоваў ня плянаваў. Але былі і вострыя пытаньні да аўтара, і добрыя ўспаміны сяброў.

Бард Алесь Камоцкі прызнаўся, што першую сьвядомую песьню (пасьля перапеваў чужых) ён напісаў на верш Сяргея Дубаўца. Верш вельмі лірычны і шчымлівы: «На ўзараным ліпкім сьнезе дробны сьлед маёй сяброўкі, дробны сьлед маёй каханай, дробны сьлед маёй жаны...»

Філёзаф і літаратар Ігар Бабкоў адзначыў, што новая кніга Дубаўца чамусьці перагукнулася і зрыфмавалася зь першай ягонай кнігай «Збор твораў», і запытаўся: што гэта — вяртаньне? «Гэта працяг», — адказаў Сяргей:

«Паміж гэтым была „дзьвіжуха“, было шмат грамадзкіх падзеяў, быў удзел у нейкім каляпалітычным жыцьці, а пасьля, калі спыніўся час, надышла пара вярнуцца да нейкіх базавых каштоўнасьцяў, зацікаўленьняў. Я думаю, што і наступныя кнігі будуць такога ж кшталту».

XS
SM
MD
LG