Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве Баўмгертнэра вызвалілі пад заклад


Уладзіслаў Баўмгертнэр

Уладзіслаў Баўмгертнэр

Былы гендырэктар «Уралкалія» Ўладзіслаў Баўмгертнэр вызвалены з-пад хатняга арышту пад заклад 15 млн рублёў.

Пра гэта паведамляюць расейскія мэдыі са спасылкай на Басманны суд Масквы.

1 верасьня суд задаволіў хадайніцтва сьледчага аб зьмене Баўмгертнэру меры стрыманьня на грашовы заклад у памеры 15 млн рублёў. Такім чынам, экс-кіраўнік «Уралкалія» адпушчаны на волю.

Адвакаты Баўмгертнэра не камэнтуюць паведамленьні ў мэдыях пра вызваленьне іх падабароннага з-пад хатняга арышту, перадае Інтэрфакс.

Раней дзейны дырэктар кампаніі Дзьмітрый Осіпаў паведаміў у інтэрвію «Wall Street Journal», што экс-дырэктара «Ўралкалія» Баўмгертнэра вызвалілі ў Маскве каля двух тыдняў таму, нягледзячы на падаўжэньне тэрміну знаходжаньня пад хатнім арыштам.

Паводле Осіпава, пакуль заўчасна казаць пра тое, ці можа яго папярэднік вярнуцца ў нейкай якасьці ва «Ўралкалій».

Баўмгертнэр быў арыштаваны ў Менску ў канцы лета 2013 году. Сьледчы камітэт Беларусі прад’явіў яму абвінавачаньне паводле часткі 3-й артыкула 424 (злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі).

«Ён прыехаў, смаркач, яго запрашае прэм’ер-міністар. Ён сеў, нага за нагу, і заяўляе: ня будзе гэтага, ня будзе гэтага. Выйшаў, плюнуў на Дом ураду і ў аэрапорт, сьмеючыся. А там яго... Нельга так будаваць адносіны і бізнэс, калі ты выйшаў на ўзровень кіраўніка дзяржавы», — распавядаў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка пра затрыманьне Баўмгертнэра ў Менску.

Топ-мэнэджэра амаль тры месяцы трымалі ў СІЗА КДБ Беларусі і на кансьпіратыўнай трохпакаёвай кватэры спэцслужбаў у Менску.

22 лістапада 2013 года Баўмгертнэра экстрадзіравалі ў Расею і зьмясьцілі ў адзін з маскоўскіх СІЗА. 10 сьнежня па хадайніцтве сьледзтва яго перавялі пад хатні арышт. Тэрмін гэтай меры стрыманьня ня раз працягваўся. Хатні арышт у Маскве Баўмгертнэр адбываў у сваім шыкоўным пэнтхаўсе коштам 150 мільёнаў расейскіх рублёў.

Крымінальная справа Баўмгертнэра знаходзіцца ў вытворчасьці Сьледчага камітэту Расеі. Баўмгертнэр абвінавачваецца ў зьдзяйсьненьні крымінальных злачынстваў, якія палягаюць у тым, што, «зьяўляючыся асобай, якая выконвае кіраўнічыя функцыі ў камэрцыйнай арганізацыі, выкарыстаў свае паўнамоцтвы насуперак законным інтарэсам гэтай арганізацыі і ў мэтах здабываньня выгадаў і перавагаў для сябе і іншых асобаў, што пацягнула за сабою цяжкія наступствы».

XS
SM
MD
LG