Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«П’ем ваду з калодзежа, а там нітратаў — у чатыры разы больш за норму...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

У гэтыя верасьнёўскія дні ў пошце Свабоды нямала лістоў ад тых нашых слухачоў, якія пішуць пра звыклыя для гэтай пары году вясковыя клопаты і турботы.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога ліста. Наш слухач Вячаслаў Сухарэбскі зь вёскі Русіны Баранавіцкага раёну ведае калгасную рэчаіснасьць знутры. І высновы, якія ён робіць на падставе ўласнага багатага досьведу, для калгаснай сыстэмы несуцяшальныя:

«Прайшоўся я нядаўна зжатым калгасным полем. Паўсюль, дзе праехаў камбайн, пасьля дажджу дружна зазелянела палосамі маладая рунь. Вось яна, эфэктыўнасьць калгаснай тэхнікі і калгаснага падыходу да справы!

А стратаў у калгаснай гаспадарцы процьма. Напрыклад, штодня ганяюць тэхніку за дзясяткі кілямэтраў, бо ніхто ня думае, як разумна разьмясьціць пасевы, пашы, жывёлагадоўчыя комплексы. Людзей сагналі ў аграгарадкі, а потым аказваецца, што на працу іх трэба вазіць таксама бог ведае куды...

А „канцлягернае“ ўтрыманьне кароў на комплексах? Гэта ж прыводзіць да хваробаў вымя, ног, рэпрадуктыўнай сыстэмы. Даводзіцца штогод выбракоўваць да 25 працэнтаў пагалоўя.

У сьвінагадоўчыя гіганты (да 100 тысяч галоў у кожным) калі ўваб’ецца інфэкцыя — страты велізарныя. Але гэта тут жа становіцца дзяржаўным сакрэтам.

Ніхто не клапоціцца пра здароўе людзей, якія працуюць на такіх комплексах — штодня дыхаюць аміякам, мэтанам, серавадародам...

Мільёны тон гною ў выніку непрадуманай канцэнтрацыі вывальваюць вакол аграгарадкоў. А гэта ж атручвае глебу і ваду. У маім калодзежы нітраты перавышаюць норму ў чатыры разы, а ў іншых калодзежах — яшчэ і болей. Мяркую, што амаль ва ўсіх беларускіх вёсках людзі сутыкаюцца з гэтай праблемай. Бо ў калгасах бязь меры ўносяць у глебу мінэральныя ўгнаеньні, каб атрымаць хоць нейкі ўраджай.

Няхай бы нашы славутыя „навукоўцы“ падлічылі ўсе гэтыя страты, а то яны лічаць толькі намалоты, надоі ды прывагі. А ў якія мільярды абыходзіцца ўся гэтая „калгасізацыя“ дзяржаўнаму бюджэту — маўчок. І пра сабекошт сельгаспрадукцыі нідзе не даведаесься — дзяржаўны сакрэт.

Але ж эканоміку не падманеш. Цэны на харчы ў нас увесь час растуць. А людзі тым часам стараюцца езьдзіць па харчы ў Польшчу, бо там усё таньнейшае. Чаму? Ці не таму, што палякі адмовіліся ад калгаснай сыстэмы? Што пакуль падтрымлівае калгасы, дык гэта танныя расейскія энэрганосьбіты. Але раней ці пазьней ім настане канец. І што тады будзе з супэрзатратнай калгаснай сыстэмай? Думаць пра гэта трэба ўжо цяпер».

Цэны на беларускае харчаваньне сапраўды ўражваюць — асабліва на мяса і мясныя вырабы. Чаму сьвініна ў Беларусі ў два, а то і ў тры разы даражэйшая, чым у Польшчы — пры тым, што беларускі калгасьнік зарабляе разоў у пяць меней за польскага калегу, а кошт паліва ў Беларусі ўдвая ніжэйшы, чым у Польшчы? Што тут выконвае ключавую ролю? Адасобленасьць селяніна ад зямлі, ад прыватнай уласнасьці? Разбэшчанасьць, нядбайства і карумпаванасьць калгаснай адміністрацыі? Разгалінаваная сыстэма «адкатаў», безь якой сельскагаспадарчая прадукцыя ня можа трапіць да спажыўца? Мяркую, што мае месца і адно, і другое, і трэцяе. І ўся сыстэма непазьбежна рухне, як толькі беларускі рынак будзе адкрыты для канкурэнтаў, як зьнікнуць падпоркі ў выглядзе рознага загараджальнага мыта для таннага харчаваньня з-за мяжы.

✉ ✉ ✉

Тэма наступнага ліста таксама цесна зьвязаная зь беларускай калгаснай гісторыяй і рэчаіснасьцю. 8 жніўня ў эфіры Свабоды прагучаў допіс Васіля Тура зь Берасьця. Слухач распавёў пра тое, як, афармляючы пэнсію, спрабаваў дамагчыся ад улады, каб яму залічылі ў службовы стаж гады працы ў калгасе ў дзяцінстве. Ён пісаў:

«Нават падлеткаў, вучняў старэйшых клясаў, замест таго каб вучыць у школе, заганялі на калгасныя палі. З самага верасьня і да позьняй восені мы вымушаныя былі ўручную капаць бульбу, выбіраць буракі... Па сутнасьці, вучоба ў нас доўжылася толькі пяць месяцаў на працягу году. Калі б мне ўлічылі той стаж — ужо можна было б атрымліваць пэнсію, хоць мне яшчэ і няма 60 год. Бо з працы мяне скарацілі, знайсьці новую — нерэальна.

Аднак сацыяльныя службы прызнаць гэтую даведку адмовіліся. Маўляў, тады табе яшчэ не было 16 год, працоўнай дамовы быць не магло. А пра той факт, што я сапраўды працаваў, і слухаць ня хочуць».

І вось — новы ліст ад Васіля Тура. Гэтым разам слухач піша:

«Часта думаю пра наша мінулае. Якія прыгожыя лёзунгі былі ў Леніна: „Зямлю — сялянам! Фабрыкі — рабочым!“. Памятаю, мой дзед Сямён верыў ва ўсё гэта. А потым зьняверыўся. Часта казаў: „І за што мы змагаліся? Вось калі б Хрушчова ня выгналі ды не накіравалі прымусова на пэнсію — мы б абавязкова жылі пры камунізьме“.

А якой цаной той камунізм будавалі? Гналі на працу нават дзяцей. Колькі мне давялося гнуць сьпіну ў калгасе! Ёсьць і сьведкі, і дакумэнты — а цяперашняя ўлада іх улічваць ня хоча. Маўляў, табе не было 16 год — і кропка. А калі прымалі ў калгас — на ўзрост чамусьці не глядзелі.

Атрымаў зь Вярхоўнага суду ўжо пяць адказаў — і ўсё адны адпіскі. Відаць па ўсім, гуляюць яны са мной, як мышы з катом. Ды яшчэ пры гэтым за кожны зварот у суд я мушу плаціць дзяржаўную пошліну».

Калі б улады прызналі, што вы, спадар Васіль, маеце рацыю, і залічылі вам у працоўны стаж тое калгаснае дзяцінства — быў бы створаны вельмі небясьпечны для цяперашняга рэжыму прэцэдэнт. За камуністамі прымусовая бясплатная праца непаўналетніх у калгасах мела масавыя маштабы: празь яе прайшлі практычна ўсе вясковыя дзеці. А гэта сотні і сотні тысяч (калі не мільёны) людзей. Сёньня многія зь іх — пэнсіянэры, многія — чакаюць пэнсіі. Калі б справу выйгралі вы — што б перашкодзіла ім гэтаксама дамагацца ад улады прызнаньня і дадатковай пэнсіі за сваю дзіцячую працу ў калгасе? Вядома, з пункту гледжаньня сацыяльнай справядлівасьці і вы, і ўсе гэтыя людзі маеце права на нейкую кампэнсацыю. Але з пункту гледжаньня тых чыноўнікаў, якія адказваюць за фармаваньне і разьмеркаваньне і без таго праблемнага Пэнсійнага фонду — дапусьціць такую кампэнсацыю было б катастрофай для бюджэту.

✉ ✉ ✉

У нашай пошце па-ранейшаму нямала водгукаў на падзеі ва Ўкраіне і вакол яе. Назіраючы за збройным канфліктам на Данбасе, наша слухачка Тацяна Колышава зь Менску піша:

«Калі Пуцін не абламае сабе зубы аб украінскі трызуб, а ягоны ўласны народ не прачнецца ад гіпнатычнага сну і ня зрыне яго разам з абсурднай ідэяй аб’яднаньня ўсіх расейскамоўных земляў у вялікую Расею — пачнецца захоп і іншых краін, якія маюць зь ёй агульную мяжу (найперш — Беларусі).

Ад таго, як гэты народ сёньня выстаіць, залежыць наш далейшы лёс.

Тое, што агрэсію Пуціна супраць Украіны трэба спыняць як мага хутчэй, — бясспрэчна. І самая цяжкая праца тут невыпадкова кладзецца на плечы ўкраінскага народу. Ад таго, як гэты народ сёньня выстаіць, а таксама ад таго, як мы ўсе разам будзем успрымаць яго барацьбу і адчуваць тую небясьпеку, якая чакае ўсіх нас у выпадку перамогі Пуціна, залежыць наш далейшы лёс. І ня толькі наш, але і Польшчы, Чэхіі, Славакіі, дый заходнеэўрапейскіх дзяржаў таксама.

Пуцінская Расея пачынае свой шлях да заваяваньня так званага „Русского мира“ дакладна гэтак жа, як Гітлер пачынаў свой шлях да Вялікай Нямеччыны. І першай краінай, якая трапіла пад каваны бот Пуціна, стала Ўкраіна зь яе расейскамоўнымі Крымам і Данбасам, дзе можна адначасна гуляць і ў братэрскую любоў, і ў моўную нянавісьць».

Гістарычныя паралелі тут, сапраўды, празрыстыя, і пра іх апошнім часам гавораць усё часьцей. Мяркуючы па ўсім, заходні сьвет адэкватна ацэньвае тую пагрозу, якая паходзіць ад сёньняшняй пуцінскай Расеі. Патураньня агрэсару ня будзе: жорсткія эканамічныя санкцыі супраць Масквы — ужо рэальны факт. Даволі відавочна, што ні ў ваенным, ні ў эканамічным пляне Расея ня здольная на роўных супрацьстаяць Захаду. Пытаньне ў тым, што яшчэ павінна адбыцца, каб расейскія грамадзтва і ўлада ўсьвядомілі гэта і зрабілі адпаведныя высновы. Калі аднаго ўкраінскага досьведу дзеля гэтага акажацца недастаткова — Беларусь можа апынуцца перад складаным выклікам.

✉ ✉ ✉

Не хавае сваіх сымпатыяў да данецкіх сэпаратыстаў наш слухач Барыс Руцько зь Менску. У сваім новым лісьце на Свабоду ён піша:

«Калі прэзыдэнт Парашэнка да 26 кастрычніка не забясьпечыць мір у Наваросіі, то ён сам уласнымі рукамі разваліць Украіну. Працяг Кіевам вайны прывядзе толькі да таго, што і ўкраінская Нацгвардыя, і батальёны Каламойскага будуць бязьлітасна зьнішчаныя. Кім? Найперш добраахвотнікамі звонку, колькасьць якіх павялічыцца ў два-тры разы. Урэшце можа дайсьці да таго, што армія Наваросіі пачне наступ на Кіеў.

Мір у Наваросіі ратуе ня толькі Ўкраіну ад развалу, але і ўладу Парашэнкі. Яму найбольш трэба баяцца не апалчэнцаў, а батальёнаў Каламойскага і „Правага сэктару“, якія здольныя арганізаваць путч у Кіеве.

Украіну гэтай восеньню чакаюць складаныя выпрабаваньні: жорсткі эканамічны крызіс, фінансавы дэфолт, рост цэнаў на ўсе тавары і паслугі, беспрацоўе, бандытызм... Украіна стаіць на мяжы ўсенароднага бунту, путчу і таму падобнага. Выратаваньне — толькі ў тым, каб падтрымліваць мір у Наваросіі».

Незразумела, спадар Барыс, чаму вы адводзіце ўкраінскаму прэзыдэнту такі дакладны тэрмін — да 26 кастрычніка? Толькі таму, што ў гэты дзень павінны адбыцца парлямэнцкія выбары?

Украіна перажывае няспынныя палітычныя крызісы і ўзрушэньні ўжо не адзін год. Але фатальныя наступствы для тэрытарыяльнай цэласнасьці ўкраінскай дзяржавы маюць зусім ня выбары, а адкрытае ўмяшаньне ў яе ўнутраныя справы з боку ўсходняга суседа.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.

Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

XS
SM
MD
LG