Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баўмгертнэр на волі. «Уралкалій» не плянуе аднаўляць партнэрства зь Беларусьсю


Уладзіслаў Баўмгертнэр
Уладзіслаў Баўмгертнэр

ААТ «Уралкалій» не плянуе аднаўляць партнэрства зь Беларусьсю па продажы калійных угнаеньняў на сусьветным рынку, заявіў у інтэрвію The Wall Street Journal генэральны дырэктар кампаніі Дзьмітры Восіпаў.

Ён падкрэсьліў, што з красавіка не было ніякіх перамоваў зь беларускім бокам, і новыя сустрэчы не плянуюцца.

Паводле ягоных словаў, «Уралкалій» прадае ўгнаеньні праз свае каналы, Беларусь — праз свае.

Для аднаўленьня партнэрства, адзначыў Восіпаў, неабходна вырашаць цэлы шэраг пытаньняў:

«На якіх умовах мы павінны ствараць новую маркетынгавую структуру? Дзе павінна быць штаб-кватэра, якія павінны быць прапорцыі, якая павінна быць мэта? На гэтыя пытаньні адказаў няма».

«Уралкалій» і «Беларуськалій» з 2005 году па 2013-ты прадавалі калійныя ўгнаеньні праз сумеснае ЗАТ «Беларуская калійная кампанія», якое было створана на парытэтных асновах. У канцы ліпеня мінулага году грымнуў беларуска-расейскі калійны канфлікт — пасьля таго як «Уралкалій» абвясьціў пра спыненьне продажаў праз БКК. Абодва бакі абвінавачвалі адзін аднаго ў няўзгодненых продажах у абыход БКК.

26 жніўня 2013 году ў Менску затрымалі гендырэктара ААТ «Уралкалій», старшыню назіральнай рады беларуска-расейскага ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК) Уладзіслава Баўмгертнэра.

Першапачаткова Баўмгертнэра абвінавацілі ў злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, затым абвінавачваньне дапоўнілі крадзяжом. У лістападзе бізнэсмэна дэпартавалі ў Расею, дзе ў дачыненьні да яго таксама ўзбуджаная крымінальная справа. З таго часу Баўмгертнэр знаходзіўся ў Маскве пад хатнім арыштам. Днямі зьявілася інфармацыя, што яго вызвалілі два тыдні таму. Пра гэта заявіў Дзьмітры Восіпаў у інтэрвію Wall Street Journal, якое перадрукаваў сайт «Уралкалія».

«Уралкалій»
«Уралкалій»

У канцы мінулага году ва «Ўралкалія» зьмяніліся акцыянэры. Так, фонд Suleyman Kerimov Foundation прадаў 21,75% акцыяў «Уралкалія» «Анэксіму» Міхаіла Прохарава. Крыніца, знаёмая з умовамі пагадненьня, паведаміла, што, акрамя гэтага пакета, структуры, блізкія да Прохарава, купілі яшчэ 5,34% акцыяў «Уралкалія».

Паралельна 19,99% акцыяў «Уралкалія» набыў «Уралхім» Дзьмітрыя Мазепіна. Потым гендырэктарам «Уралкалія» стаў былы намесьнік старшыні рады дырэктараў «Уралхіма» Дзьмітры Восіпаў.

Увесну 2014 году гендырэктар «Анэксіма» Дзьмітры Разумаў заяўляў, што аднаўленьне трэйдынгавага партнэрства зь «Беларуськаліем» было б выгаднае абодвум вытворцам. СМІ са спасылкай на крыніцы паведамлялі, што «Ўралкалій» хоча атрымаць каля 65% у статутным капітале новага сумеснага трэйдэра і прапануе зарэгістраваць яго ў Маскве.

У красавіку на сустрэчы з Мазепіным Аляксандар Лукашэнка прапанаваў вызначыць шляхі далейшага супрацоўніцтва двух калійных вытворцаў. Аднак выданьне «Коммерсантъ» са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што Лукашэнка і Мазепін не змаглі дамовіцца пра аднаўленьне працы сумеснага трэйдэра з-за несупадзеньня ўмоваў двух бакоў, паведамляе БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG