Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі алігарх пад хатнім арыштам, акцыі абрынуліся


Акцыі АФК «Сыстэма» і яе кампаній-дачок — МТС і «Башнефть», абрынуліся сёньня пры адкрыцьці гандлю на Маскоўскай біржы пасьля паведамленьня пра хатні арышт Уладзімера Яўтушэнкава паводле абвінавачваньня ў адмываньні грашовых сродкаў.

Так, паперы «Сыстэмы» абваліліся на 26 адсоткаў, «Башнефть» на 15 адсоткаў, а МТС — на 6 адсоткаў. Кіраўнік «Роснано» Анатоль Чубайс лічыць, што арышт кіраўніка АФК «Сыстэма» Яўтушэнкава наносіць сур’ёзны ўдар па бізнэс-клімату Расеі ў пэрыяд, калі расейская эканоміка балянсуе на мяжы рэцэсіі і стагнацыі.

СМІ параўноўваюць тое, што адбываецца вакол Яўтушэнкава, са справай ЮКАСу. Яе галоўны фігурант Міхаіл Хадаркоўскі ў інтэрвію газэце «Ведомости» заявіў, што прычына канфлікту ў тым, што Яўтушэнкаў не хацеў перадаваць сваю маёмасьць на тых умовах, якія яму прапаноўвалі.

Хадаркоўскі наўпрост увязвае лёс кіраўніка АФК «Сыстэма» з інтарэсамі прэзыдэнта «Ростефти» Ігара Сечына. На думку экс-кіраўніка ЮКАСу, у «Ростефти» паўстала пагроза падзеньня здабычы нафты, гэты паказьнік вырашылі павялічыць за кошт зьліцьця з «Башнефтью», але Яўтушэнкаў адмовіўся перадаваць свае актывы. У выніку, паводле словаў Хадаркоўскага «было вырашана дзейнічаць даўно вядомым мэтадам». У той жа час, ён лічыць, што справа ЮКАСу была заснавана на грамадзка-палітычным канфлікце, а тут чыста камэрцыйны інтарэс.

Кіраўнік Расейскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Шохін таксама правёў аналёгію са справай ЮКАСу, падкрэсьліўшы, што Яўтушэнкава абвінавачваюць у крадзяжы акцый, за якія насамрэч кампанія заплаціла 2,5 мільярда даляраў. Прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў назваў такія аналёгіі «беспадстаўнымі і недарэчнымі».

XS
SM
MD
LG