Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што агульнае можа быць паміж Занзібарам і Беларусьсю, гэтымі дзьвюма кропкамі на розных кантынэнтах?

Ад Менску да галоўнага горада архіпэлягу, што таксама называецца Занзібар — 6773 кілямэтры. У кнізе польскай журналісткі Малгажаты Шэйнэрт «Дом чарапахі. Занзібар» (Dom żółwia. Zanzibar, 2011) чытач, аднак, можа знайсьці прынамсі адну нітачку, што зьвязвае Беларусь з гэтай экзатычнай мясьцінай: аказваецца, у сэрыі марак, прысьвечанай выбітным жанчынам сьвету, што выдавалася занзібарскай поштай, была марка з выявай першай жанчыны-касманаўта Валянціны Церашковай, беларускі паводле паходжаньня.

Нітачка гэтая такая тонкая, што на яе можна не зьвярнуць увагі і са спакойным сэрцам сказаць: Беларусь і Занзібар нічога асаблівага не яднае. Палякам у гэтым сэнсе пашанцавала больш, бо ў гісторыі іх краіны налічваецца нямала экзатычных і калярытных старонак. Вось, напрыклад, што агульнае можа быць паміж Занзібарам і Польшчай? Адлегласыць ад Занзібару да Варшавы, калі верыць інтэрнэту, усяго на 53 кілямэтры меншая, чым ад Занзібару да Менску. І ўсё ж палякі зьяўляюцца ў гісторыі Занзібару нашмат часьцей, чым беларусы.

Першым суайчыньнікам, чые сьляды Малгажата Шэйнэрт знаходзіць на Занзібары, аказваецца рамантычны паэт Генрык Яблоньскі. Аднак ці можна яго з чыстым сумленьнем лічыць палякам, сказаць цяжка: Яблоньскі нарадзіўся ва ўкраінскім горадзе Бар — цяпер Віньніцкая вобласьць — вучыўся ў Камянцы-Падольскім і да канца жыцьця сумаваў па родных ваколіцах, адзіным месцы ў сьвеце, дзе ён адчуваў сябе дома. Яму ёсьць з чым параўноўваць: пасьля высылкі ён у складзе расейскага войска трапляе на Крымскую вайну, зьбягае ў Парыж і празь некаторы час робіцца францускім консулам на Занзібары. На ўкраінскай Вікіпэдыі ён пазначаны як украінска-польскі паэт, вершы пісаў па-польску і друкаваў іх у Вільні, а дасьледаваньне па занзібарскай геаграфіі выдаў па-француску. Расказаўшы гісторыю Генрыка Яблоньскага мясцовым і спытаўшы, ці памятаюць яны, дзе знаходзілася консульства, Малгажата Шэйнэрт атрымлівае такі адказ: «Зараз я пані адвяду. Гэта пяць хвілін адсюль. Тудой вядзе самая кароткая дарога да маёй школы. Консульства ўжо даўно няма, але мама заўсёды мне казала — ідзі каля француза. Зараз будзем казаць — каля паляка».

Яшчэ адзін знакаміты паляк, які апынаецца на Занзібары, аднак ужо ня воляй лёсу, а паводле ўласнага жаданьня і ненадоўга, — гэта першы польскі лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Генрык Сянкевіч. Галоўную сусьветную літаратурную ўзнагароду ён атрымае толькі праз 14 гадоў, а пакуль, у 1891 годзе, ён на Занзібары і «аглядае і каштуе садавіну, што прадаецца на рынку, апісвае чалавечыя тыпы, дамы, адзеньне». У падарожжа ён вырушыў для таго, каб хоць ненадоўга зьбегчы ад штодзённых праблем, і падагульненьнем новага досьведу сталіся «Лісты з Афрыкі», якія друкаваліся спачатку як цыкл рэпартажаў, а ў 1893 выйшлі асобнай кнігай.

Але гістарычныя сувязі паміж Занзібарам і Польшчай такімі візытамі не абмяжоўваюцца. Занзібарская княжна Салмэ, дачка султана Саіда, знаёміцца з немцам Гайнрыхам Руэтэ і зьбягае з ім з роднага вострава ў Германію, дзе прымае хрышчэньне (цяпер яна будзе насіць імя Эмілі) і робіцца фрау Руэтэ. Празь некалькі гадоў Гайнрых гіне ў няшчасным выпадку, і княжна Салмэ-Эмілі, застаўшыся адна з трыма дзецьмі ў чужой краіне, як і Яблоньскі, бадзяецца па сьвеце і на некаторы час затрымліваецца ў польскім горадзе Быдгашч. Як і Яблоньскі, вярнуцца на радзіму яна ня можа, бо зраклася ісламу і занзібарскай сям’і, аднак у адрозьненьне ад паляка яна робіць спробу сустрэцца са сваякамі, якая зрэшты правальваецца.

І ўсё ж кніга — не пра палякаў, якія аказаліся на Занзібары, і не пра занзібарцаў, якіх занесла ў Польшчу. Яна найперш пра чорных рабоў, якіх арабы прывозілі сюды з Афрыкі зьбіраць гвазьдзіку і прадавалі на рынку, султанаў і заможных мусульманаў, што дамаўляліся з брытанцамі пра ўладу над востравам і атрымлівалі ад каралевы Вікторыі падарункі, фатографаў, якія насуперак традыцыям ісламу захавалі для нашчадкаў выявы знакамітых людзей архіпэлягу — праўда, многія з фотаздымкаў былі зьнішчаныя пасьля рэвалюцыі. З Занзібару пачалася экспэдыцыя Генры Мортана Стэнлі ў пошуках зьніклага ў глыбіні кантынэнту дасьледчыка і падарожніка доктара Лівінгстана, на Занзібары жыла сваячка Ўільяма Тэкерэя, аўтара «Кірмашу пыхлівасьці», і нарадзіўся Фарух Булсара, які потым праславіўся на ўвесь сьвет як вакаліст групы «Queen» Фрэдзі Мэрк’юры.

Найбольш вядомы ў сьвеце занзібарац

Найбольш вядомы ў сьвеце занзібарац

Аднак галоўныя героі кнігі-рэпартажа Малгажаты Шэйнэрт — гэта занзібарскія дамы, палацы, памяшканьні. «Дом Цудаў, а дакладней, палац Бейт-эль-Аджаіб у цэнтры ўзьбярэжжа ўсё яшчэ належыць да найпрыгажэйшых будынкаў Занзібару, хоць і быў пабудаваны амаль сто трыццаць гадоў таму. Аблічча гэтага палаца — несумненна, вынік двухгадовага выгнаньня султана Баргаша, які наглядзеўся ў Індыі, куды яго выслалі пасьля спробы адабраць у султана Маджыда ўладу, не толькі на багацьці магараджаў, але і на новыя тэхнічныя рашэньні, якімі Вялікабрытанія ўзмацняла бляск пэрліны ў сваёй кароне. <...> Сьпічастая вежа палаца выконвае функцыі марскога маяка. Хутчэй за ўсё, султан Баргаш, які не пярэчыў супраць узьвядзеньня англіканскага сабора на месцы ранейшага нявольніцкага рынка, вельмі турбаваўся, што вежа касьцёла можа аказацца вышэйшай за палацавую. Але ў выніку перамоваў бакі прыйшлі да кампрамісу. Біскуп Стыр паабяцаў не будаваць вежу занадта высокай, а султан — аздобіць яе гадзіньнікам. Гадзіньнік, падараваны ўладаром, які штодня а шостай вечара разьвітваецца з мінулым днём і вітае новы гімнам Занзібару, павінен паказваць арабскі час, аднак англіканцы жывуць паводле Грынвіча. Зноў праблема. У выніку вырашылі, што гадзіньнік, які ўзвышаецца над вуліцамі арабскага горада, ня можа паводзіцца па-ангельску, і рашэньне гэтае абвясьцілі парафіянам, якія прынялі яго з разуменьнем». Аўтарка наведвае мясьціны, дзе ў свой час жылі занзібарскія знакамітасьці (у тым ліку консул Генрых Яблоньскі, княжна Салмэ, падарожнікі Дэвід Лівінгстан і Генры Мортан Стэнлі, пісьменьнік Генрык Сянкевіч, музыкант Фрэдзі Мэрк’юры і многія іншыя) і расказвае, ці захаваліся іх дамы, як яны цяпер выглядаюць і хто ў іх жыве.

Многія сучасныя занзібарцы аказваюцца такімі ж цікавымі, як і ранейшыя жыхары вострава. Сярод іх зноў сустракаюцца палякі, напрыклад, уласьніца цэнтру падводнага плаваньня Матыльда Пнеўская. У новых дамоў таксама ёсьць свае незвычайныя гісторыі. Напрыклад, бунгала на востраве Чумбэ, каля якога знаходзіцца адзіны ў сваім родзе каралавы парк, дзе ахоўваюцца каштоўныя віды марскіх жывёл і расьлін, зробленыя цалкам экалягічна: для душа там выкарыстоўваецца дажджавая вада, якая ачышчаецца мноствам фільтраў, а электрычнасьць акумулюецца з дапамогай сонечных батарэй. У цёмны час сутак жыхары бунгала не ўключаюць штучнае асьвятленьне, а выкарыстоўваюць толькі зараджаныя ўдзень ліхтарыкі, каб не турбаваць начных жывёлаў, што насяляюць гэты маленькі, усяго кілямэтар у даўжыню, астравок.

Магчыма, калі пакапацца ў нашай гісторыі, мы таксама знойдзем кагосьці, хто пабываў на Занзібары і пакінуў там хаця б невялікі сьлед — хай сабе і ня большы за сьлед Валянціны Церашковай, якую занзібарцы ведаюць з сэрыі паштовых марак. Можа, гэта будзе сьлед не на Занзібары, а ў Калахары ці Сахары. На Мадагаскары. Альбо ў Чылі. Альбо яшчэ недзе, куды воляй лёсу магло занесьці якога-небудзь цікаўнага — ці проста нешчасьлівага — беларуса. Усё гэта, несумненна, недзе ёсьць. Трэба толькі знайсьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG