Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь разьлічвае атрымаць ад Сусьветнага банку 40 мільёнаў эўра


На гэтыя грошы плянуецца стварыць арганізацыю па садзейнічаньні разьвіцьцю малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Арганізацыя будзе створаная праз рэфармаваньне Фонду падтрымкі прадпрымальнікаў.

Высокія чыноўнікі Сусьветнага банку, якія знаходзяцца зь візытам у Беларусі, параілі ўраду рэфармаваць сэктар дзяржаўных прадпрыемстваў, паляпшаць інвэстыцыйны клімат і даць разьвівацца прыватнаму бізнэсу.

Беларусь наведалі віцэ-прэзыдэнт рэгіёна Эўропы і Цэнтральнай Азіі Сусьветнага банку Лора Так і дырэктар аддзела Беларусі, Малдовы і Ўкраіны Фань Цімяо.

Чыноўнікі Сусьветнага банку сустрэліся з Аляксандрам Лукашэнкам, прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясьніковічам, міністрам эканомікі Мікалаем Снапковым, наведалі шэраг прадпрыемстваў.

Мікалай Снапкоў: «На дадзены момант прадстаўнікі Сусьветнага банку кансультуюць Міністэрства эканомікі па пытаньні стварэньня ў краіне спэцыялізаванай арганізацыі па судзеяньні разьвіцьцю малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Яна павінна выконваць функцыі ня толькі крэдытнай арганізацыі, але і найперш цэнтру субкантрактацыі, цэнтру гарантаванага фонду па банкаўскіх крэдытах для бізнэсу, аналізу бізнэс-асяродзьдзя і шырокага спэктру разнастайных бізнэс-паслугаў, якія запатрабаваныя на пачатку ці ў працягу арганізацыі і працы малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Ужо распрацаваная канцэптуальная стратэгія стварэньня і функцыянаваньня такой арганізацыі. Яна будзе створаная ў ходзе рэфармаваньня існуючага Фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў. Гэта адзін з найбольш прыярытэтных кірункаў працы з Сусьветным банкам».

На выніковым брыфінгу для журналістаў Мікалай Снапкоў зазначыў, што за пэрыяд супрацоўніцтва з Сусьветным банкам, які пачаўся ў 1992 годзе, Беларусі былі выдзеленыя крэдытныя рэсурсы ў памеры 1,14 мільярда даляраў ЗША.

«60 працэнтаў гэтых сродкаў былі выдзеленыя і асвоеныя ў апошнія пяць гадоў», — адзначыў міністар.

Снапкоў ахарактарызаваў асноўныя галіны супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Сусьветным банкам, сярод якіх — аказаньне дапамогі ў рэструктурызацыі эканомікі, падтрымка разнастайных эканамічных праектаў, удзел у распрацоўцы праграмаў сацыяльнай абароны, падвышэньня эфэктыўнасьці працы ляснога і аграпрамысловага сэктараў ды іншае.

«Па распрацаваных праектах мы плянуем прыцягнуць 40 мільёнаў эўра», — заявіў міністар Мікалай Снапкоў, адказваючы на пытаньні журналістаў.

Лора Так у сваім выступе зазначыла, што ў Беларусі ёсьць патэнцыял, каб стаць квітучай эканомікай, аднак заўважыла, што эканоміка дагэтуль патрабуе значных рэформаў.

Трэба рэфармаваць сэктар дзяржаўных прадпрыемстваў, каб яны сталі больш эфэктыўнымі, менш залежалі ад падтрымкі ўраду і сталі больш канкурэнтаздольнымі

Падрабязьней распавёў пра неабходныя рэформы дырэктар аддзелу Беларусі, Малдовы і Ўкраіны Фань Цімяо:

«Вядома, кожная краіна сама павінна вырашаць, якую палітыку рэформаў яна абірае зь якой хуткасьцю іх праводзіць», — сказаў Фань Цімяо.

«З улікам цяперашняй структуры беларускай эканомікі, — лічыць чыноўнік, — Беларусі варта зьвярнуць увагу на тое, каб стварыць роўныя ўмовы гульні для ўсіх суб’ектаў гаспадараньня. Трэба рэфармаваць сэктар дзяржаўных прадпрыемстваў, каб яны сталі больш эфэктыўнымі, менш залежалі ад падтрымкі ўраду і сталі больш канкурэнтаздольнымі. Беларусь патрабуе стварэньня якаснага інвэстыцыйнага клімату, які дазволіць расквітнець прыватным прадпрыемствам, — зазначыў Фань Цімяо. — Гэты працэс павінен уключаць дынамічнае разьвіцьцё прыватнага сэктару».

Па словах чыноўніка, у працэсе рэструктурызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў ураду давядзецца стварыць праграмы сацыяльнай падтрымкі. Аднак рост прыватнага сэктару дазволіць стварыць больш працоўных месцаў з вышэйшымі заробкамі.

XS
SM
MD
LG