Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Крыма ўзмацнілі ціск на крымскіх татар


Аўтаматчыкі каля Мэджлісу ў Сімфэропалі

Аўтаматчыкі каля Мэджлісу ў Сімфэропалі

У анэксаваным Расеяй Сімфэропалі правялі ператрус у будынку Мэджлісу крымскататарскага народу.

Як паведамляе карэспандэнт сайту «Крим.Реалии», пасьля таго як узброеныя людзі, якія цэлы дзень блякавалі будынак, зьехалі, да журналістаў, што чакалі звонку, выйшаў кіраўнік дабрачыннай арганізацыі Фонд «Крым» Рыза Шаўкіеў.

Паводле ягоных слоў, падчас ператрусу былі канфіскаваныя пратаколы некаторых пасяджэньняў Мэджлісу крымскататарскага народа, пяць-шэсьць рэлігійных кніг, а таксама асабістыя рэчы народнага дэпутата Ўкраіны Мустафы Джамілева, якія былі канфіскаваныя зь ягонага асабістага сэйфа, зламанага падчас ператрусу. З сэйфа канфіскавалі таксама грошы, якія належалі Мустафу Джамілеву, і траўматычны пісталет.

Падчас ператрусу былі канфіскаваныя шэсьць працэсараў і цьвёрдыя дыскі кампутараў. На пытаньне, калі гэта вернуць, адказ быў расплывістым, адзначыў Рыза Шаўкіеў:

«Яны зачыталі пры сваіх сьведках пастанову, у якой гаварылася, што прыбылі правесьці ператрус у будынку Мэджлісу ў сувязі з падзеямі 3 траўня, калі наш народ прыехаў сустракаць нашага лідэра Мустафу Джамілева. У будынку іх было чалавек 15-20, праводзілі яны ператрус вельмі старанна», — паведаміў ён.

Паводле Рызы Шаўкіева, на пастанове аб ператрусе не было ні зыходнага нумара, ні пячаткі. Быў толькі подпіс старшага лейтэнанта юстыцыі Шмялёва.

«Акрамя росчырку пяра, іншых доказаў таго, што гэтая пастанова мае юрыдычную сілу, няма. Я лічу, што гэтая пастанова не зафіксаваная належным чынам у структурах, адкуль прыйшлі гэтыя людзі. Дарэчы, пра тое, адкуль прыйшлі гэтыя людзі, я магу меркаваць толькі з пратаколу, копію якога яны мне пакінулі», — кажа Шаўкіеў.

Ён адзначыў, што ў парушэньне пастановы, у якой гаварылася пра ператрус Мэджлісу, быў праведзены таксама ператрус і ў памяшканьнях рэдакцыі «Аўдэт» і фонду «Крым», што, паводле Шаўкіева, зьяўляецца грубым парушэньнем закону.

Старшыня дабрачыннай арганізацыі Фонд «Крым» адзначыў, што па выніках неправамернага ператрусу неабходна падаць пазоў у суд, але выказаў сумнеў у справядлівасьці судовых рашэньняў.

Раніцай 16 верасьня ў Сімфэропалі будынак Мэджлісу крымскататарскага народу атачылі аўтаматчыкі, і пачаўся ператрус. У МУС і сьледчым камітэце Крыму ад камэнтароў адмовіліся.

Прадстаўнікі Мэджлісу расцэньваюць гэтыя падзеі як «запалохваньне сацыяльна актыўных людзей і элемэнт псыхалягічнага ўзьдзеяньня».

16 сакавіка пры ваеннай і палітычнай падтрымцы Расейскай Фэдэрацыі ў Крыме адбыўся не прызнаны сьветам рэфэрэндум пра самавызначэньне Крыма. Пасьля гэтага Крым анэксавала Расея.

XS
SM
MD
LG