Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аксана Забужка прэзэнтавала «Фэйсбук-хроніку Эўрамайдану»


Аксана Забужка

Аксана Забужка

Украінская пісьменьніца Аксана Забужка прадставіла ў Кіеве кнігу «Летапіс відавочцаў: дзевяць месяцаў ўкраінскага супраціву».

Кніга адлюстроўвае ўкраінскую гісторыю зь лістапада 2013 года да ліпеня 2014-га, яна складзеная з запісаў у сацсетках і блогах. Усяго ў анталёгію трапілі каля двух сотняў тэкстаў 150 аўтараў, большасьць зь якіх кіяўляне. Складальніца кажа: кніга стала спробай адлюстраваць у літаратуры масавыя працэсы.

Ня менш за пяцьсот рэпостаў — такім быў крытэрый адбору тэкстаў для «Летапісаў відавочцаў». Кніга пачынаецца з паведамленьняў аб зьбіцьці студэнтаў. Апошні запіс у анталёгіі датуецца 29 ліпеня.

У ёй толькі тройчы сустракаюцца прозьвішчы палітыкаў, а апублікаваныя фрагмэнты навіннай стужкі прысьвечаныя важным чалавечым учынкам, апавядае ўкладальніца Тацяна Тэрэн. Найбольш у «Летапісе» — эмоцый і перажываньняў. «Мы плакалі, калі шукалі, чыталі і ўкладалі гэтыя тэксты», — успамінае яна.

Пісьменьнік павінен хадзіць па вуліцах і езьдзіць у грамадзкім транспарце, каб ведаць, што і як кажуць людзі, адчуваць гісторыю яшчэ да таго, як яе агучаць журналісты, кажа Аксана Забужка, якая ўкладала кнігу. Для яе праца над «Летапісамі відавочцаў» стала дасьледаваньнем псыхалягічнай трансфармацыі ўкраінскага грамадзтва.

Пісьменьніца кажа: ва Ўкраіне надзвычай інтэлектуальныя сацсеткі — з-за адсутнасьці іншых каналаў выказваньняў. Менавіта там за дзевяць месяцаў зьявіліся новыя імёны ўкраінскай літаратуры, лічыць яна. А прысутнасьць сярод аўтараў ананімаў сьведчыць пра стварэньне найноўшага ўкраінскага фальклёру.

«Гэтая кніга стала пошукам новага жанру, празь які можна ў літаратуры адлюстраваць масавыя працэсы», — адзначае Забужка.

Кніг пра Майдан зьявілася ўжо дастаткова, адзначае кіраўнік праекту і сузаснавальнік выдавецтва «Комора» Расьціслаў Лужэцкі.

«Але мы спрабавалі знайсьці сваю ўласную форму. Выбралі канцэпцыю чалавечага наратыву, якая, на нашу думку, зьяўляецца найбольш драматычнай і дакладнай. Аксана Забужка падбірала паведамленьні, кіруючыся ўнутраным голасам, але яны чытаюцца як адзіны раман», — кажа ён.

«Летапіс відавочцаў: дзевяць месяцаў супраціву» ужо прэзэнтавалі на Форуме выдаўцоў у Львове. А частку накладу адправяць байцам у зоне ваенных дзеяньняў у Данбасе.​

XS
SM
MD
LG