Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шатляндыя заўтра правядзе рэфэрэндум аб незалежнасьці


Сьцягі Англіі, Вялікабратаніі і Шатляндыі

Сьцягі Англіі, Вялікабратаніі і Шатляндыі

Шатляндыя робіць апошнія падрыхтаваньні да рэфэрэндуму пра незалежнасьць ад Вялікабрытаніі, які павінен адбыцца ў чацьвер.

Паводле апытаньняў, сілы прыхільнікаў і праціўнікаў досыць блізкія. Але ў любым выпадку гаворка ідзе пра волевыяўленьне, на якое Лёндан пагадзіўся і паабяцаў прызнаць яго вынікі.

«Такая магчымасьць бывае раз у жыцьці», — заахвочвае прыхільнікаў лідэр руху за незалежнасьць Шатляндыі, яе першы міністар (кіраўнік рэгіянальнага ўраду) Алекс Салманд. Не разрываць сям’ю на кавалкі заклікае прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэйвід Кэмэран.

Сілы бакоў амаль роўныя. Паводле апошніх апублікаваных апытаньняў, праціўнікаў незалежнасьці ў канцы мінулага тыдня было яшчэ крыху больш, чым прыхільнікаў — і «незалежныя», для якіх яшчэ месяц таму рэфэрэндум здаваўся загадзя прайграным, за гэты час рэзка набралі ў сіле і ўшчыльную наблізіліся да «юніёнаўцаў».

30-гадовы актывіст Ст’юарт Фордайс, які заклікае галасаваць «за», перакананы:

«У Шатляндыі мы маем шанец атрымаць не незалежнасьць ад Лёндана, а незалежнасьць для нас саміх, каб мы вырашалі, як кіраваць краінай, якія нашы каштоўнасьці».

Тыя ж, хто агітуе галасаваць «супраць», кажуць, што не разумеюць, навошта разрываць саюз, які былы брытанскі прэм’ер Джон Мэйджар назваў «самым пасьпяховым саюзам у гісторыі». 68-гадовая Мэрыян Ст’юарт мае такое меркаваньне:

«Я лічу, гэта вельмі небясьпечная канцэпцыя — нацыяналізм. Ня думаю, што яна спараджае адзінства або здаровы сэнс, яна проста дурыць людзям галовы. Гэты саюз працаваў дастаткова добра для Шатляндыі».

Шатляндыя была незалежнай дзяржавай, пакуль у 1707 ня склала саюзную дамову з Англіяй — так узьнікла Вялікабрытанія. Цяпер зноў паўстала пытаньне, вынесенае на рэфэрэндум: «Ці павінна Шатляндыя стаць незалежнай краінай?»

Лёндан супраць, але згодны

У 1979 годзе ў Шатляндыі правялі рэфэрэндум аб перадачы рэгіёну шырокіх паўнамоцтваў — няўдалы для ініцыятараў з-за нізкай яўкі. Наступны, амаль праз 20 гадоў, прывёў да такой перадачы, і ў 1999 годзе быў створаны рэгіянальны парлямэнт Шатляндыі. І цяпер, нягледзячы на адмоўнае стаўленьне Лёндана, рэфэрэндум адбываецца зь яго згоды.

Ужо прадуманыя і наступныя крокі: у выпадку падтрымкі незалежнасьці яна наступіць для Шатляндыі праз паўтара года перамоў аб падрабязнасьцях «разводу». Вызначаная і дата: 24 сакавіка 2016 году. Гэты дзень сымбалічны: 24 сакавіка 1603-га паміж Шатляндыяй і Англіяй паўстаў іншы саюз — «саюз карон»: тады шатляндзкі кароль Якаб VI стаў адначасова ангельскім каралём Якабам I.

Дзяржавы тады засталіся яшчэ асобнымі, і ў цяперашнім рэфэрэндуме аб адмене таго «саюзу карон» гаворкі ня йдзе. Такім чынам, і ў выпадку незалежнасьці Шатляндыі кіраўніком дзяржавы ў ёй застанецца брытанскі манарх — цяпер гэта каралева Лізавета II.

Мапа Шатляндыі

Мапа Шатляндыі

Што далей?

Сярод момантаў, пра якія прыйдзецца дамаўляцца, — пытаньне грашовай адзінкі. Актывісты шатляндзкай незалежнасьці перакананыя, што можна будзе ўзгадніць сумеснае выкарыстаньне брытанскага фунта — напрыклад, заключыўшы валютны саюз. Праціўнікі адпрэчваюць такую магчымасьць.

Іншыя пэрспэктывы ясныя: незалежнай Шатляндыі прыйдзецца зноўку набываць сяброўства ў Эўрапейскім саюзе і ў НАТО. «Незалежныя» кажуць, што прынамсі зь першым ня будзе ніякіх тэхнічных праблем: бо ўсё заканадаўства і ўсе нормы, неабходныя для сяброўства ў Эўразьвязе, у Шатляндыі ўжо дзейнічаюць. Але крытыкі адзначаюць, што супраць прыняцьця Шатляндыі амаль напэўна прагаласуюць краіны ЭЗ, якія маюць уласныя праблемы з сэпаратызмам — такія, як Гішпанія ці Бэльгія.

Прыхільнікі незалежнасьці таксама заяўляюць, што хочуць пакінуць Шатляндыю ў НАТО, толькі вывеўшы зь яе тэрыторыі брытанскія ядзерныя ракеты. Але і тут спатрэбіцца аднагалоснае рашэньне ўсіх краін-сябраў, і тых жа Гішпаніі з Бэльгіяй.

А калі вынікам рэфэрэндуму будзе адказ «не», Шатляндыю напэўна чакае далей прыкметнае пашырэньне паўнамоцтваў у складзе Вялікабрытаніі. Іх ужо паабяцалі тры вядучыя брытанскія партыі, якія выступаюць супраць шатляндзкай незалежнасьці. Сярод іх, у прыватнасьці, павінны быць новыя правы шатляндзкага парлямэнту ў пытаньнях падаткаў, сацыяльнага забесьпячэньня і выдаткаў.

XS
SM
MD
LG