Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьвятлана Алексіевіч: Будзе вялікая вайна


Сьвятлана Алексіевіч, архіўнае фота

Сьвятлана Алексіевіч, архіўнае фота

16 верасьня ў менскай крэатыўнай прасторы «ЦЭХ» адбылася адкрытая дыскусія з удзелам пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч «Час для нон-фікшн: размова пра краіну і літаратуру». На сустрэчу прыйшло больш за сотню чалавек, пытаньні задавалі ўсё ахвотныя. Прапануем некаторыя адказы і разважаньні Сьвятланы Алексіевіч.

— У вас украінскія карані. Перажываеце, баліць за Ўкраіну?

— Ня тое слова... Учора я паўгадзіны плакала. Пасьля таго, што я бачыла на вайне ў Аўганістане, пасьля таго, што я чула ад герояў сваіх кніг, мне заплакаць цяжка... Але я адкрыла інтэрнэт, і там было відэа: вялікія рэфрыжэратары ехалі па ўсёй Ўкраіне і пакідалі труны. І на многія дзясяткі кілямэтраў уздоўж дарогі людзі стаялі на каленях. Ведаеце, гэта немагчыма... Я ўглядалася ў твары гэтых людзей. Гэта былі грузныя савецкія людзі: мужыкі, па якіх бачна, што п’юць, жанчыны, якія ўсё цягнуць на сабе... Стаялі на каленях і дзеці, якія, ня дай Божа, яшчэ дажывуць да вайны. Я глядзела на гэтыя твары і думала: чырвоны чалавек яшчэ не сышоў, і гэтае разьвітаньне будзе яшчэ вельмі доўгім.

Украіна сёньня — прыклад для ўсіх нас. Вось гэта жаданьне разьвітацца зь мінулым канчаткова — вартае павагі. Я пісала прадмову для кнігі, якую сабрала Аксана Забужка, дзе людзі казалі, чаму яны ішлі на Майдан. Я чытала гэта і думала: наўрад ці ў нас на такім узроўні гэта казалі б. І не магу сказаць, што нашы людзі на гэта няздольныя. Проста такая неабуджанасьць. А там была ўзрушанасьць людзей. Яны былі абуджаныя ад сну, і так можна распавядаць толькі ў стане ўзрушанасьці. Ва Ўкраіне адбываецца штосьці галоўнае для ўсіх нас, галоўны адказ на нейкія пытаньні, а ў нас не хапала сіл, ні інтэлектуальных, ні народных. А яны гэта зрабілі, хаця ім дорага гэта абышлося, але яны гэта зрабілі.

Ва Ўкраіне адбываецца штосьці галоўнае для ўсіх нас, галоўны адказ на нейкія пытаньні, а ў нас не хапала сіл, ні інтэлектуальных, ні народных

— А ў Беларусі хутка будуць зьмены?

— Не, не. Ня хутка, ня хутка.

— Пра што сёньня варта гаварыць і пісаць у першую чаргу?

— У кожнага пісьменьніка свой шлях: хтосьці піша пра гэта, хтосьці — пра іншае. Калі казаць пра мой шлях, 30 гадоў я займалася вывучэньнем таго, хто мы: чырвоная ідэя і чырвоны чалавек — што гэта было. Але ўсё адно цікавілі мяне рэчы больш глыбокія: што такое наагул — чалавек? І вось сёньня новыя ідэі маіх кніг — пра каханьне і пра старасьць — гэта наагул пра чалавечае жыцьцё, хто мы такія? Навошта? Як? Гэта тыя пытаньні, якія мы сабе ніколі не задавалі. Былі вайна, Чарнобыль, Аўганістан... Ніколі не было ў нас размоваў пра шчасьце, пра каханьне, гэта неяк за межамі нашай культуры.

— Чаго чакаць ад Вас у гэтым годзе? Ці будзе новая кніга?

— Ад мяне — не. Я вельмі доўга пішу свае кнігі. Пачуць гук часу, пачуць дух, улавіць вобраз — для гэтага трэба вельмі шмат часу. Нягледзячы на тое, што мая новая кніга цяпер выходзіць у многіх краінах, я шмат ежджу, — але, як толькі ў мяне здараецца паўза, я запісваю людзей, размовы зь імі, і вось па гэтых тэмах, якія мяне цікавяць, — хачу зразумець гук.

Сьвятлана Алексіевіч і пісьменьнік Барыс Пятровіч

Сьвятлана Алексіевіч і пісьменьнік Барыс Пятровіч

— Шмат часу вы ўжо на радзіме, да гэтага шмат гадоў жылі ў Нямеччыне, Швэцыі, Італіі. Не стаміліся на радзіме? Ці не ўзьнікае жаданьне зьехаць зноў?

— Не, я нікуды не хачу зьехаць, я ўжо прыехала. Я буду жыць тут. Ну а туды я вельмі часта і шмат ежджу, паколькі выходзяць кнігі, спэктаклі, фільмы. Але я хачу жыць дома, мне тут падабаецца, мне падабаюцца нашы людзі. Каб пісаць, трэба жыць тут. Хаця тое, што адбываецца вакол, палохае мяне. Да таго ж, сытуацыя вакол трывожная: вайна, і ўсё гэта так блізка. Па-мойму, нас чакаюць вельмі вялікія выпрабаваньні.

— Вы адышлі ад савецкага мэнталітэту, а ад расейскага ніяк яшчэ ня можаце пазбавіцца. Ці вернецеся вы ў стан беларускай мовы і ў стан беларускай культуры?

…я ня буду ўжо пісаць на беларускай мове

— 20 гадоў мне задаюць адно і тое ж пытаньне... Я вельмі хварэю за беларускую мову і культуру, і вельмі хацела, каб гэта была асобная незалежная краіна, і каб яна ацалела ў гэтым жаху, які насоўваецца, і мы нічога ня можам зрабіць. Але я нарадзілася ў той час, калі была гэтая ўтопія, я ішла за ёю, і ўтопія размаўляла на расейскай мове. Зрабіць тое, што я зрабіла, на беларускай мове было немагчыма. Я займалася цэлым агромістым савецкім сьветам. У гэтым пытаньні, якое вы задалі, ёсьць адчуваньне, што мы ня можам пусьціць сябе ў вялікі сьвет, а ён размаўляе на многіх мовах, размаўляе па-рознаму. Калі я чытаю Памука, для мяне важна штосьці зразумець пра чалавека, калі я чытаю Зарэцкага, таксама для мяне важна зразумець пра чалавека. І сама мова для мяне ўжо не істотная, паколькі я ня буду ўжо пісаць на беларускай мове. Я ў гэтай культуры, і, думаю, для гэтай культуры я ўжо нешта зрабіла.

Удзельнікі сустрэчы зь Сьвятланай Алексіевіч

Удзельнікі сустрэчы зь Сьвятланай Алексіевіч

Пра прадчуваньне вайны

«Калі я зьбірала матэрыял для кнігі „Час сэканд-хэнд“, я вельмі шмат езьдзіла па Ўкраіне, была ў Казахстане, Сыбіры, Маскве. І калі я апавядала сваім расейскім сябрам, што я там бачыла і чула, яны казалі: „Сьвятлана, гэта ўсё прайшло, зараз дэмакратыя, усё гэта незваротнае, гэта ў вас у Беларусі яшчэ такое магчыма. А ў нас усё ў мінулым“. Ну і што мы бачым зараз? Адкуль вылезла ўся гэта дрымучасьць, уся гэта нянавісьць? Краіна ператварылася зноў у ізгоя. І гэта, па-мойму, больш страшна і небясьпечна за тое, што было пры Савецкім Саюзе. Таму што тыя людзі, якія цяпер ва ўладзе, яны нават менш адукаваныя і ня стрыманыя ніякай ідэяй, ніякім марксізмам-ленінізмам, які ўсё ж такі заганяў думкі ў нейкую загараду. А тут — законы шпаны, законы грошай, законы невуцтва».

Пра імпэрыю і стаўленьне да расейцаў

«Я думаю, што імпэрыя яшчэ не сышла. І асабіста ў мяне вельмі трывожнае адчуваньне, што без крыві яна ня сыдзе. Тое, што вайна будзе ва Ўкраіне — гэта несумненна. І тое перамір’е, пра якое дамовіліся ў Менску, — яно ненадоўга. І ад таго, што я чула ад людзей у Расеі, у мяне ўвесь час было прадчуваньне магчымасьці грамадзянскай вайны ў самой Расеі.

Ня ведаю, як вы, але я жыву з пачуцьцём паразы

Развалілася вялікая краіна. Але асноўная махіна — Расея — засталася. І сьвет нядоўга пажыў з наіўнасьцю і рамантызмам. Я памятаю 1989 год, калі разбурылі Бэрлінскую сьцяну. Мы з сяброўкай заблукалі ў Бэрліне і запыталіся ў пажылой пары, як прайсьці кудысьці. І калі яны даведаліся, што мы рускія — сталі нас цалаваць, абдымаць. Яны не падзялялі нас на беларусаў, рускіх. Цяпер усё наадварот. Нейкі італьянскі рэстаратар вывесіў аб’яву: „Рускіх не абслугоўваем“. Зараз зноў спалохаліся: што ў гэтай бездані, дзе ёсьць ядзерная зброя і цалкам вар’яцкія геапалітычныя ідэі? Ды яшчэ адсутнасьць паняцьця пра міжнароднае права, пра крохкі сьвет, які ледзьве зацыравалі? Гэта вельмі складаныя працэсы.

Я нядаўна прыехала з Масквы і была вельмі ўзрушаная. Быццам бы разумныя інтэлектуалы, пісьменьнікі — і адкуль гэты патрыятычны чад, гэта нянавісьць і да Эўропы, нянавісьць і да мінулага, і да таго, што адбылося? Гэта страшна. У Расеі ідзе вельмі небясьпечны працэс. Я ўжо казала, што будзе вялікая вайна. А вялікая вайна яшчэ больш правакуе чалавечую прыроду.

Мне падаецца, у беларусаў гэта ўсё ня так. Побач з намі Эўропа, мы вельмі патрыярхальная краіна, і хрысьціянская культура адыгрывае сваю станоўчую ролю. У нас няма гэтай стыхійнасьці, гэтай вольнасьці нават у мэнталітэце. Гэта ўсё ж такі іншы сьвет.

Ня ведаю, як вы, але я жыву з пачуцьцём паразы. Тая наіўнасьць і рамантызм 1990-х, што заўтра будзе іншы сьвет, што аўтобусы павязуць нас у цудоўную будучыню, прайшоў. Цяпер я думаю: адкуль мы ўсё гэта ўзялі, прыдумалі? Быццам разумныя людзі...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG