Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На магілёўскага журналіста завялі справу за супрацоўніцтва зь «Нямецкай хваляй»


Супраць магілёўскага журналіста Алеся Буракова распачаты адміністрацыйны працэс. Пра гэта яму стала вядома падчас допыту ў міліцыі. Туды яго выклікалі пасьля таго як 16 верасьня міліцыянты правялі агляд ягонага жытла і жытла бацькоў, канфіскаваўшы чатыры кампутары і носьбіты інфармацыі. Журналіста вінавацяць у супрацы з замежным СМІ без акрэдытацыі. Ягоныя публікацыі выяўленыя на сайце радыё «Нямецкая хваля».

Сваёй віны журналіст не прызнае, але і не хавае, што рыхтаваў публікацыі для сайту «Нямецкай хвалі». Таксама ў міліцыі Буракоў не адмаўляў, што мае свае старонкі ў сацыяльных сетках, а таксама блогі на сайтах замежных мэдыяў. Міліцыянты паказалі яму раздрукоўкі некаторых публікацый.

«Згодна з заканадаўствам Беларусі інтэрнэт-сайт не зьяўляецца сродкам масавай інфармацыі, і я лічу, што пэрспэктываў для майго адміністрацыйнага перасьледу няма, — кажа фрылансэр. — На допыце я не хаваў, што супрацоўнічаю зь „Нямецкай хваляй“, але ад мяне настойліва патрабавалі прызнацца ў гэтым. Яны, як высьветлілася, правялі маштабную працу. Мне паведамілі, што на сайце „Нямецкай хвалі“ выяўлена 142 матэрыялы, падпісаныя Аляксандрам Бураковым».

Сам журналіст рыхтуе скаргу на дзеяньні міліцыянтаў, якія забралі чатыры кампутары і не склалі пратаколаў выняцьця, чым парушылі закон. Дзе тэхніка, Буракоў ня ведае.

Журналіст не выключае, што адміністрацыйны працэс супраць яго зьвязаны з падрыхтоўкай спэцслужбаў да прэзыдэнцкіх выбараў:

Усё гэта вядзе не міліцыя, а КДБ. Яны паказваюць, што могуць так проста зайсьці ў жытло і зьнесьці тэхніку

«Усё гэта вядзе не міліцыя, а КДБ. Яны паказваюць, што могуць так проста зайсьці ў жытло і зьнесьці тэхніку. Бліжэйшым часам усе журналісты могуць апынуцца пад падобным ціскам».

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец сёньня паінфармаваў прадстаўніцу АБСЭ па свабодзе СМІ Дуню Міятавіч пра інцыдэнт у Магілёве з журналістам Бураковым. На ягоную думку, гэтая сытуацыя паказвае агульны стан свабоды журналісцкай дзейнасьці ў Беларусі:

"Учора мы толькі размаўлялі наконт узаемадзеяньня журналістаў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Праводзіўся сэмінар зь іхным удзелам. На сустрэчах з прадстаўнікамі міністэрства інфармацыі і замежных спраў Дуня Міятавіч акцэнтавала ўвагу на пытаньнях акрэдытацыі журналістаў, казала пра недапушчальнасьць затрыманьняў журналістаў, а сёньня мы бачым выняцьце тэхнікі ў Буракова і затрыманьне трох журналістаў у Менску. Наша госьця прыняла да ведама інфармацыю пра тое, што адбылося. Я перакананы, што гэтая інфармацыя занепакоіць прадстаўніцу АБСЭ",- адзначае Андрэй Бастунец.

Паводле Бастунца, няма ніякіх падстаў для адміністрацыйнага перасьледу Буракова, а дзеяньні міліцыі парушаюць Канстытуцыю Беларусі і міжнародныя абавязкі краіны.

XS
SM
MD
LG