Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прывядзе размарожваньне адносін Беларусі з Захадам да ўнутрыпалітычнай адлігі?


Апошнім часам адбываюцца працэсы нармалізацыі дачыненьняў афіцыйнага Менску з ЗША і Эўразьвязам. Ці можна чакаць у зьвязку з гэтым палітычнай лібэралізацыі? Ці прывядуць гэтыя працэсы да ўмацаваньня рэжыму? Ці можна дзеля захаваньня незалежнасьці ахвяраваць дэмакратыяй?

Удзельнікі: намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч і палітоляг Юры Чавусаў.

Ці можна чакаць палітычнай лібэралізацыі?

Валер Карбалевіч: «Ранейшы досьвед пацяпленьня беларуска-эўрапейскіх адносін, найперш пэрыяд дыялёгу 2008–2010 гадоў, сьведчыць, што ў такія часы рэжым Лукашэнкі вымушаны ісьці на пэўную, няхай і касмэтычную, грамадзка-палітычную лібэралізацыю. Тады вызваляюцца палітвязьні. Напрыклад, падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году апазыцыя мела магчымасьць адносна свабодна ладзіць сваю перадвыбарчую кампанію.

Сярод экспэртаў, апазыцыйных палітыкаў, грамадзкіх актывістаў існуе — з апораю на гэты досьвед — меркаваньне, што і цяпер паляпшэньне стасункаў паміж Беларусьсю і Захадам таксама прывядзе да некаторай унутрыпалітычнай лібэралізацыі. Таму і з гэтага гледзішча варта вітаць працэс разрадкі напружаньня паміж Менскам і Брусэлем. А ці будзе так і гэтым разам?»

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч: «У параўнаньні з 2008 годам цяпер сытуацыя кардынальна зьмянілася. У той час асноўным пунктам парадку дня адносін Беларусі з Захадам было пытаньне дэмакратызацыі ў нашай краіне, правядзеньне рэформаў. Сёньня падзеі ва Ўкраіне дыктуюць новы парадак дня. Перадусім гэта пытаньне нэўтралітэту, захаваньня незалежнасьці Беларусі. Пытаньні дэмакратызацыі, палітвязьняў не адкідаюцца, але адыходзяць на другі плян».

Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

Юры Чавусаў: «Найперш, датычна пэрыяду 2008–2010 году я б устрымаўся ад выкарыстаньня тэрміну «лібэралізацыя». Тады былі кропкавыя крокі, але сыстэмных зьменаў не адбылося. Больш дарэчным было б ужываць адносна таго пэрыяду тэрмін «разрадка».

Што тычыцца магчымасьці паўтарэньня тых захадаў падчас цяперашняга цыклу разрадкі. Можна разьлічваць, што найбольш брутальныя віды рэпрэсіяў ня будуць выкарыстоўвацца падчас працэсу дыялёгу з Захадам.

Але пакуль ніякіх зьменаў ня бачна. Хіба што вызвалены толькі Алесь Бяляцкі. У першай палове 2014 г. колькасьць затрыманых апанэнтаў рэжыму павялічылася, яна рэкордная з часоў 2011 году, калі адбываліся пратэсты ў рамках кампаніі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку».

Ці прывядуць гэтыя працэсы да ўмацаваньня рэжыму?

Карбалевіч: «Сапраўды, працэс размарожваньня адносін Беларусі з Захадам нібыта пачаўся. Але, у адрозьненьне ад ранейшага досьведу, палітзьняволеныя ня вызваленыя, нейкіх іншых прыкметаў унутрыпалітычнай лібэралізацыі ня бачна.

Вось прадстаўніца АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ Дуня Міятавіч, якая 15–16 верасьня знаходзіцца ў Менску з афіцыйным візытам, убачыла пазытыў у тым, што ніхто з журналістаў не сядзіць у турме.

Генэральны сакратар Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў Шаран Бароў, якая таксама наведала Менск, заявіла, што шакаваная фактамі пагаршэньня дыскрымінацыі ў дачыненьні да свабодных прафсаюзаў Беларусі, казала пра „рабства“ ў працоўных адносінах.

Сп. Губарэвіч, рух „За свабоду“, які вы прадстаўляеце, актыўна выступае за паляпшэньне адносін існага рэжыму з Захадам, з ЭЗ. Але калі гэтаму працэсу ня будзе спадарожнічаць палітычная адліга, то гэта толькі ўмацуе рэжым».

Губарэвіч: «Я б удакладніў, што мы выступаем не за паляпшэньне адносін існага рэжыму з Захадам, а супраць ізаляцыі Беларусі. Бо сёньня Беларусь знаходзіцца ў сфэры ўплыву Расеі, якая пачала паводзіць сябе агрэсіўна. З гледзішча захаваньня незалежнасьці Беларусі было б няправільна захоўваць такое становішча. Таму мы мусім нечым ахвяраваць.

У ЭЗ няма мэханізму ўплыву на рэжым Лукашэнкі ў кірунку дэмакратызацыі. І на прыкладзе Ўкраіны мы бачым, што Захад сваімі дзеяньнямі ня ў стане спыніць Пуціна. Толькі сіламі самога грамадзтва можна супрацьстаяць ціску Расеі. Украінцы гэта даказалі. Толькі калі беларускае грамадзтва сасьпее, магчымыя перамены. Спадзявацца трэба на сябе, а не на вонкавыя чыньнікі».

Карбалевіч: «А ці няма тут пэўнай супярэчнасьці? Паляпшэньне адносін рэжыму Лукашэнкі з Захадам умацоўвае гэты рэжым. Што, у сваю чаргу, вядзе да аслабленьня незалежнага грамадзтва, на сьпеласьць і моц якога вы разьлічваеце як на чыньнік перамен».

Губарэвіч: «Не. Чым больш Беларусь будзе ізаляваная ад Захаду, тым менш будзе магчымасьцяў у грамадзтва для зьмены настрояў, пераменаў».

Цяпер будзе менш эўрапейскіх палітыкаў, якія гатовыя рызыкаваць сваёй рэпутацыяй дзеля перавыхаваньня беларускага рэжыму

Чавусаў: «Цяпер будзе менш эўрапейскіх палітыкаў, якія гатовыя рызыкаваць сваёй рэпутацыяй дзеля перавыхаваньня беларускага рэжыму. Хутчэй пазыцыя Захаду будзе зыходзіць з таго, што на захаваньне тут аўтарытарнага рэжыму можна махнуць рукой дзеля ўмацаваньня незалежнасьці Беларусі ад Расеі.

У гэтым працэсе беларуская апазыцыя — не суб’ект. Яна можа толькі выпрацоўваць сваё стаўленьне да той гульні, якую вядуць іншыя актары, але не ўплываць на яе.

Тэзіс, што дыялёг афіцыйнага Менску з Захадам умацоўвае рэжым Лукашэнкі, мне падаецца штучным. Бо рэжым перажываў і горшыя часы, ён устойлівы, кансалідаваны.

Можна казаць толькі пра доўгатэрміновыя зьмены. Згодзен з сп. Губарэвічам, што зьмены ў Беларусі будуць паходзіць знутры краіны. Хоць, зразумела, маюць вагу і вонкавыя чыньнікі. Калі, напрыклад, пачнецца новая міжнародная хваля дэмакратызацыі, то і ў Беларусі зьмены адбудуцца лягчэй».

Ці можна дзеля захаваньня незалежнасьці ахвяраваць дэмакратыяй?

Карбалевіч: «З украінскага досьведу вынікае яшчэ адзін непрыемны тэзіс. Аслабленьне аўтарытарнага рэжыму, узмацненьне дэмакратычнай апазыцыі вядзе да павялічэньня пагрозы незалежнасьці Беларусі з боку Расеі. То бок Масква можа паўтарыць тут украінскі сцэнар».

Губарэвіч: «Ёсьць такія рызыкі, і мы мусім іх улічваць. Цяпер Расея сапраўды рэзка дэманструе жаданьне кантраляваць сытуацыю ў рэгіёне з дапамогай сілы. Мы павінны рыхтаваць беларускае грамадзтва да таго, каб супрацьстаяць расейскай пагрозе. Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што толькі 14% беларускіх грамадзян гатовыя ваяваць за незалежнасьць Беларусі. Гэтага мала».

Чавусаў: «Гэтая тэма пастаянна паўстае ў палітычных дыскусіях. Украінскі прыклад тут не ўнікальны. Гісторыя сьведчыць, што калі ў краіне адбываецца рэвалюцыя, то яна аслабляе і дэстабілізуе дзяржаву, і ўзьнікае рызыка, што замежныя гульцы могуць скарыстаць гэта. Таму трэба памятаць выслоўе аднаго палітыка, што любая рэвалюцыя хоць чаго-небудзь вартая, калі яна ўмее абараняцца.

Трэба зыходзіць з таго, што зьмены ў Беларусі ў любым выпадку калі-небудзь наступяць. Бо няма вечных рэжымаў. І задача незалежнага грамадзтва палягае ў тым, каб выпрацоўваць чыньнікі, якія ў выпадку зьменаў змогуць захаваць дзяржаву і ажыцьцявіць пазытыўныя негвалтоўныя дэмакратычныя перамены. Трэба садзейнічаць як зьменам сьвядомасьці, так і ўмацаваньню дзяржаўных і грамадзкіх інстытутаў, якія спрыяюць беларускай дзяржаўнасьці».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG