Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗША да ўладаў Беларусі: Расьсьледуйце зьнікненьні і вызваліце палітвязьняў


Мары Гарф

Мары Гарф

У гадавіну зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага намесьніца прэсавага-сакратара Дзярждэпартамэнту Мары Гарф зрабіла заяву.

«Роўна пятнаццаць гадоў таму, Віктар Ганчар, былы віцэ-прэм’ер і вядучы апазыцыйны палітык, зьнік у Беларусі разам з Анатолем Красоўскім, пасьпяховым бізнэсоўцам. Абодвух мужчын апошні раз бачылі па дарозе дадому з лазьні да таго як зьявіліся сьведчаньні пра іх выкраданьне^; іх целы так і не былі знойдзеныя.
Яны рызыкавалі сваім жыцьцём і добрымі пэрспэктывамі, каб супрацьстаяць рэпрэсіям. Іх зьнікненьні — вялікая страта ня толькі для іх блізкіх, але і для беларускага народу. Калі б яны былі сёньня з намі, Віктару Ганчару толькі што споўнілася б 56 гадоў, а Анатолю Красоўскаму было б 62.

Сёньня мы таксама ўспамінаем Юрыя Захаранку, былога міністра унутраных спраў, які падаў у адстаўку ў знак пратэсту супраць злоўжываньняў улады, а затым зьнік 7 траўня 1999 году, і Дзьмітрыя Завадзкага, апэратара расейскага тэлеканалу ОРТ, які зьнік 7 ліпеня 2000 году неўзабаве пасьля вяртаньня са здымак дакумэнтальнага фільму ў Чачні.

Кантраляванае ўладамі расьсьледаваньне іх зьнікненьняў дагэтуль не дало ніякіх істотных вынікаў і ніякай яснасьці для іх сем’яў. Паводле беларускага заканадаўства, тэрмін іскавай даўніны па расьсьледаваньні гэтых зьнікненьняў мае закончыцца сёлета.

Мы па-ранейшаму глыбока заклапочаныя лёсам гэтых чатырох чалавек і заклікаем беларускія ўлады падоўжыць тэрмін даўнасьці і грунтоўна ды празрыста расьсьледаваць іх зьнікненьні. Сем’і зьніклых заслугоўваюць справядлівасьці.

Мы зноў заклікаем Беларусь неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і аднавіць іх палітычныя правы. Мы цьвёрда перакананыя, што будучыня Беларусі можа быць лепшай, больш стабільнай і больш заможнай толькі з больш адкрытым грамадзтвам і большай дэмакратызацыяй».

***

У 2004 годзе спэцыяльны дакладчык па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстас Пургурыдэс, апублікаваў справаздачу, у якой абвінаваціў найвышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў Беларусі ў перашкодах незалежнаму расьсьледаваньню зьнікненьняў людзей. Паводле справаздачы Пургурыдэса, беларускія ўлады не правялі належнага расьсьледаваньня зьнікненьняў. Спадар Пургурыдэс заявіў аб сваіх падазрэньнях, што найвышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі могуць самі быць уцягнутыя ў гэтыя зьнікненьні. У прыватнасьці, ён назваў былых міністраў унутраных спраў Юрыя Сівакова і Юрыя Навумава, былога генэральнага пракурора і старшыню Рады бясьпекі Віктара Шэймана і былога камандзіра спэцназу унутраных войскаў палкоўніка Дзьмітрыя Паўлічэнку.

XS
SM
MD
LG