Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Краўцэвіч: «Крыж у памяць пра ўкраінцаў, якія загінулі ў 1648 годзе, усталявалі расейскія казакі»


Пару тыдняў таму каля дарогі, на мяжы зь мястэчкам Пагост (цяпер Салігорскі раён Менскай вобласьці), нехта ўсталяваў праваслаўны крыж з памятнай дошкай унізе.

На дошцы ўзгадваюцца «Гетман Костерский, Иван Соколовский, сотоварищи жизни свои за веру и народ положившие 3 сентября 1648 года». І подпіс: «От казаков Святой Руси».

У гонар каго ўсталяваны гэты мэмарыяльны знак, разважае гісторык Алесь Краўцэвіч:

Алесь Краўцэвіч

Алесь Краўцэвіч

«1648 год — гэта пачатак украінска-польскай вайны на чале з Багданам Хмяльніцкім. І на нашай тэрыторыі былі аддзелы казацкія, гэта вядомы факт. Залатарэнка быў галоўным атаманам. А Касьцерскі і Сакалоўскі — хутчэй за ўсё, камандзіры нейкіх асобных аддзелаў.

Я думаю, што гэты знак паставілі не ўкраінцы, а так званыя казакі расейскія, якія адраджаюцца і ў Беларусі. Гэта экспансія расейскага пранікненьня.

Гэтыя казакі ўкраінскія ў 1648 годзе ваявалі ў саюзе з Масквой. І, я думаю, гэты акт усталяваньня помніка — гэта расейска-бізантыйска-азіяцкая ідэалягічная штука: вось калісьці было брацтва расейскага і ўкраінскага народу, разам ваявалі, разам гінулі за свабоду. А паставілі яго, несумненна, нашы казакі, якія штучна адраджаюцца.

Такія помнікі стаяць не павінны, таму што казакі ў нас адназначна не былі вызваліцелямі, яны палілі гарады, вёскі, палілі мяшчанаў, зь імі ваявалі. Яны былі тады саюзьнікамі расейскага войска, войска Маскоўскай дзяржавы, і іх у тым жа 1648 годзе „выпер“ Януш Радзівіл, вялікі гетман літоўскі.

Гэта такі казуістычны акт: маўляў, там, ва Ўкраіне, хунта кіруе, а мы разам з украінцамі былі разам і тут у Беларусі ваявалі. Гэта на 99,99% штучныя казацкія структуры ўсталявалі крыж і дошку».

У адказе на зварот дырэктара Агенцтва дзелавых сувязяў Валянціну Лопану старшыня Салігорскага райвыканкаму паведаміў, што гэтая мэмарыяльная дошка дэмантаваная.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG