Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ганчара з Красоўскім выкралі тыя ж злачынцы, якія раней выкралі Захаранку»


Гэтак мяркуе былы сьледчы пракуратуры, праваабаронца Алег Воўчак, які прадстаўляе інтарэсы сям’і Юрыя Захаранкі.

16 верасьня, калі споўнілася 15 год ад зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, Алег Воўчак нагадаў журналістам, што справу аб гвалтоўным выкраданьні Ганчара і Красоўскага завялі празь дзень пасьля здарэньня, 17 верасьня 1999 году.

«У той жа дзень была заведзеная і справа аб выкраданьні Юрыя Захаранкі. Пракуратура высьветліла, што гэтых людзей выкрадалі гвалтоўна, нават выявіла, што злачынцаў было 6. Але далей яны не пайшлі і справы з 2001 году фактычна не вядуць. Хадайніцтвы сваякоў зьніклых аб аб’яднаньні спраў сьледчымі адхіляюцца, хоць відавочная іх сувязь», — мяркуе Алег Воўчак.

Праваабаронца зь Беларускага цэнтру дакумэнтацыі Раіса Міхайлоўская мяркуе, што да спраў Захаранкі і Ганчара-Красоўскага трэба далучыць і справу зьніклага ў 2000 годзе журналіста ОРТ Зьмітра Завадзкага:

Раіса Міхайлоўская

Раіса Міхайлоўская

«У гэтай справе спачатку таксама фігураваў расстрэльны пісталет, пра які згадваецца ў рапартах Лапаціка і Алкаева. Той самы, які, паводле гэтых рапартаў, мае непасрэднае дачыненьне да лёсаў Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. Але потым гэтыя дакумэнты чамусьці са справы Завадзкага зьніклі. У выніку сьледзтва выявіла, што Завадзкага скралі Ігнатовіч з Малікам, але на гэтым і спынілася. Што зь ім стала, дагэтуль невядома. Ёсьць заява Вольгі Завадзкай, жонкі Дзьмітрыя, аб аб’яднаньні справы з справамі Ганчара-Красоўскага і Захаранкі, але сьледчымі гэта ня зроблена», — адзначыла Раіса Міхайлоўская.

Алег Воўчак кажа, што паводле закону справы аб выкраданьні Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара з Анатолем Красоўскім мусяць закрыць, бо мінула 15 год, а злачынствы так і не раскрытыя.

Алег Воўчак

Алег Воўчак

«Але пасьля закрыцьця спраў сьледзтва мусіць азнаёміць пацярпелых з матэрыяламі, і вось гэтага ўлады якраз ня хочуць. Таму яны будуць надалей працягваць сьледзтва і хаваць той факт, што нічога ня робяць», — мяркуе былы сьледчы.

Паводле Алега Воўчака, маці Захаранкі Ўльяна Захаранка, якую нядаўна сьледзтва мусіла прызнаць пацярпелай, падрыхтавала скаргу з патрабаваньнем адказаць, чаму насуперак закону справу не закрываюць, а яе не азнаямляюць з дакумэнтамі.

Больш за 40 рознага кшталту хадайніцтваў накіравалі да сьледзтва па справе Захаранкі ягоныя сваякі і іх прадстаўнік Алег Воўчак:

«Лёс гэтых дакумэнтаў збольшага аднолькавы: сьледзтва адказвае, што яны будуць далучаныя да справы, але ў выніку нічога ня робіцца».

Алег Воўчак нагадаў, што закон прадугледжвае адказнасьць сьледчых за замаруджваньне справы, а таксама адказнасьць пракурораў за невыкананьне патрабаваньняў закону.

Праваабаронца Раіса Міхайлоўская паведаміла, што справы зьніклых беларускіх апазыцыянэраў і журналіста Завадзкага — на кантролі Працоўнай групы па прымусовых зьнікненьнях Камітэту ААН па правах чалавека.

«У ААН справы зьніклых беларусаў у архіў не здадуць, пакуль яны ня будуць да канца расьсьледаваныя», — мяркуе Раіса Міхайлоўская.

XS
SM
MD
LG