Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыстыя страты стратных арганізацыяў Беларусі за студзень-ліпень сёлетняга году дасягнулі 8 трыльёнаў рублёў. Гэта ў 1,9 раза болей параўнальна з тым жа пэрыядам летась.

Павялічылася і колькасьць прадпрыемстваў, якія не прыносяць прыбытку. Калі ў 2013 годзе такіх было 745, то цяпер — 1225. Адпаведныя дадзеныя прыводзяцца на афіцыйным сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэту краіны.

Ёсьць дзьве асноўныя прычыны, якія прывялі да такой сытуацыі, — кажа Свабодзе, камэнтуючы лічбы Белстату, экспэрт Лібэральнага клюбу Антон Болтачка:

«Першая знаходзіцца за межамі Беларусі — у Расеі. Мы пачалі менш прадаваць тавараў нашым суседзям. Як толькі ў Расеі запавольваецца эканамічны рост, зьніжаецца інвэстыцыйная актыўнасьць, адразу ж экспарт беларускіх тавараў зьмяншаецца. Гэта добра адлюстравана ў статыстыцы зьнешняга гандлю. На расейскі рынак сёлета паступае менш нашых трактароў, аўтамабіляў, рухавікоў ды іншай тэхнікі. Асабліва самым апошнім часам, калі Эўразьвяз увёў эканамічныя санкцыі супраць Крамля. Гэта вынік таго, што інвэстыцыйны капітал сыходзіць з Расеі.

Другая прычына ляжыць унутры Беларусі. Гэта больш складаны доступ прадпрыемстваў да фінансавых рэсурсаў. Калі раней стратнае прадпрыемства ці прадпрыемства зь нізкай рэнтабэльнасьцю магло ўзяць у банку грошы на папраўку спраў, то сёлета зрабіць гэта цяжэй. Працэнтныя стаўкі крэдытаў падвысіліся.

Цяжка атрымаць грошы і зь бюджэту. У нашай краіне ён прафіцытны, то бок прыбыткі перавышаюць страты. Але, як казалі на нядаўнім паседжаньні Саўміну, для таго каб сплаціць зьнешнія даўгі, прафіцыт патрэбны значна большы».

Статыстыка сьведчыць, што першая тройка галінаў, у якіх найбольшая колькасьць стратных прадпрыемстваў, выглядае так: рыбалоўства, рыбаводзтва — 68,4% ад агульнай колькасьці, прамысловасьць — 25,2%, гандаль і рамонт — 18,0%.

«Даўно заўважана, што рыбная галіна ня можа выйсьці з прарыву, — адзначае Антон Болтачка. — Лічыцца, што гэты сэктар гаспадаркі патрабуе вялікіх дзяржаўных уліваньняў. Але ж сродкаў няма, і рыбную галіну фактычна адпусьцілі ў свабоднае плаваньне. Вось яна і боўтаецца зь вялікімі стратамі.

Дзесьці месяца паўтара таму кіраўнікі рыбных прадпрыемстваў паведамілі ўраду, што ў іх ёсьць плян выхаду з прарыву. Яны могуць павялічыць аб’ёмы прадукцыі. Для гэтага патрэбныя дзяржаўныя грошы. Але тады пры абмеркаваньні ўзьнікла пытаньне: а навошта павялічваць вытворчасьць, калі наша рыба і так слаба прадаецца?

Праўда, шмат рыбы для перапрацоўкі ў Беларусь завозіцца зь іншых краін. Але пераважна яна ідзе ў знакамітую фірму «Санта Брэмэр».

XS
SM
MD
LG