Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Дзярждэпу: Трэба працягнуць расьсьледаваньне зьнікненьняў Ганчара і Красоўскага


Акцыя салідарнасьці зь сем'ямі зьніклых у Менску. Людзі з партрэтамі Ганчара і Красоўскага

Акцыя салідарнасьці зь сем'ямі зьніклых у Менску. Людзі з партрэтамі Ганчара і Красоўскага

Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША кажа, што Беларусь павінна падоўжыць тэрмін даўнасьці ў расьсьледаваньні справы аб зьнікненьні палітыка Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

Урад ЗША застаецца «глыбока занепакоены» іх лёсам, сказаў карэспандэнту Радыё Свабода Карлу Шрэку прадстаўнік Дзярждэпартамэнту, які пажадаў захаваць ананімнасьць.

«Мы... заклікаем беларускія ўлады грунтоўна расьсьледаваць іх зьнікненьне, працягнуўшы тэрмін даўнасьці і пачаўшы празрыстае расьсьледаваньне. Сем’і зьніклых заслугоўваюць справядлівасьці».

Паводле беларускага заканадаўства, для цяжкіх злачынстваў існуе тэрмін даўнасьці ў расьсьледаваньні, які складае 15 гадоў.

16 верасьня спаўняецца 15 гадоў з дня зьнікненьня палітыка Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, а 24 верасьня канчаецца падоўжаны тэрмін расьсьледаваньня крымінальнай справы аб зьнікненьні былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі. Такім чынам, з інтэрвалам у тыдзень абедзьве справы аб зьнікненьні вядомых палітыкаў могуць проста закрыць з фармулёўкай «у сувязі з заканчэньнем тэрміну даўнасьці».

Падазрэньні Пургурыдэса

У 2004 годзе спэцыяльны дакладчык па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстас Пургурыдэс, апублікаваў справаздачу, у якой абвінаваціў найвышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў Беларусі ў перашкодах незалежнаму расьсьледаваньню зьнікненьняў людзей. Акрамя Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і бізнэсовец Анатоля Красоўскага, якія зьніклі ў 1999 годзе, улетку 2000 году зьнік тэлеапэратар расейскага тэлеканалу ОРТ Зьміцер Завадзкі, які ў сярэдзіне 90-х гадоў быў асабістым апэратарам Аляксандра Лукашэнкі. Пазьней за ягонае выкраданьне былі асуджаныя людзі, але самога Завадзкага так і не знайшлі.

Паводле справаздачы Хрыстаса Пургурыдэса, беларускія ўлады не правялі належнага расьсьледаваньня зьнікненьняў. Спадар Пургурыдэс заявіў аб сваіх падазрэньнях, што найвышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі могуць самі быць уцягнутыя ў гэтыя зьнікненьні. У прыватнасьці, ён назваў былых міністраў унутраных спраў Юрыя Сівакова і Юрыя Навумава, былога генэральнага пракурора і старшыню Рады бясьпекі Віктара Шэймана і былога камандзіра спэцназу унутраных войскаў палкоўніка Дзьмітрыя Паўлічэнку.

Заклік да дзяржсакратара Керы

Сёлета 27 жніўня ўдава Анатоля Красоўскага, Ірына Красоўская, і прадстаўнікі Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня зьвярнулія да дзяржсакратара ЗША Джона Кэры ЗША, каб той паўплываў на афіцыйны Менск і заклікаў «грунтоўна расьследаваць» зьнікненьні Ганчара, Красоўскага, Захаранкі, і Завадзкага, а таксама даць публічную справаздачу аб высновах расьсьледаваньня.

Прадстаўнік дзярждэпартамэнту адмовіўся даваць камэнтары наконт любой «дыпляматычнай перапіскі», якую ўрад ЗША мог мець зь беларускімі ўрадоўцамі наконт зьнікненьняў, але сказаў, што Вашынгтон «працягвае заклікаць да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных і аднаўленьне іх у палітычных і грамадзянскіх правах».

Між тым, актывісты Беларускага-амэрыканскага задзіночаньня плянуюць пікет перад беларускім пасольствам у Вашынгтоне 16 верасьня ў знак пратэсту супраць адсутнасьці прагрэсу ў расьсьледаваньнях зьнікненьняў Ганчара і Красоўскага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG