Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 16 верасьня. Сустрэча з Алексіевіч. 15 гадоў, як зьніклі Ганчар і Красоўскі


Сьвятлана Алексіевіч

Сьвятлана Алексіевіч

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Менск. У крэатыўнай прасторы ЦЭХ (пр-т Незалежнасці, 58/6) адбудзецца літаратурная сустрэча з пісьменьніцай Сьвятланай Алексіевіч. Пачатак у 19.00.

Менск. У судзе Цэнтральнага раёна пачнецца разгляд справы грамадзкага актывіста з Гомеля Юрыя Рубцова паводле абвінавачаньня ў абразе судзьдзі. Пачатак у 15.00.

Менск. Сумесная прэс-канфэрэнцыя праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» і «Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру» па справе зьніклага экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі. Пачатак у 12.00.

Менск. Цэнтар прававой трансфармацыі запрашае на сустрэчу з прадстаўніком АБСЭ па пытаньнях свабоды сродкаў масавай інфармацыі Дуняй Міятавіч. Сустрэча пройдзе з 10.00 да 11.30 па адрасе: вул. Нававіленская, 38, корпус. 10 (другі паверх).

Прага. Канцэрт гурту «Стары Ольса» да 500-годзьдзя бітвы пад Воршай у праскім клюбе «Vagon» (адрас: Národní 25, Palác METRO). Пачатак у 19.00.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1810 — Мэксыка абвясьціла незалежнасьць ад Гішпаніі.

1908 — заснавана амэрыканская кампанія General Motors, якая была найбуйнейшым вытворцам аўтамабіляў на сьвеце да 2007 году, калі гэты тытул забрала ў яе японская Таёта.

1909 — нарадзіўся Лукаш Калюга, беларускі пісьменьнік. У 1931 скончыў Беларускі пэдагагічны тэхнікум, уваходзіў у літаратурнае аб’яднаньне «Узвышша». Пачаў публікаваць аповесьці і апавяданьні з 1927. У студзені 1933 арыштаваны і асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі, сасланы ў Ірбіт (цяпер Краснаярскі край). Паўторна арыштаваны 5 кастрычніка 1937 і ў той самы дзень расстраляны. У 1974 выйшаў яго зборнік апавяданьняў і аповесьцяў «Ні госьць ні гаспадар».

1938 — нарадзіўся Віктар Дашук, беларускі кінарэжысэр-дакумэнталіст.

Мне сорамна не столькі за беларусаў, колькі перад самім сабой. Сорамна, што я магу крыкнуць, а не крычу. Сорамна за маўклівых людзей, а іх не становіцца менш. Хоць з часам, можа быць...

Віктар Дашук

1946 — нарадзіўся Сяргей Законьнікаў, беларускі паэт і публіцыст.

Край сьвяты паўстае на руінах,
Каб задыхаць на поўныя грудзі...
Беражы сябе, Украіна,
Бо другой Украіны ня будзе.
На шляху да свабоды павінна
Ты ня ведаць ні страху, ні зморы.
Беражы сябе, Украіна,
Ад Палесься да Чорнага мора.
Беражы ад ліхіх чужаніцаў
Родны сьцяг, што зьяднаў у палосах
Залатыя палі пшаніцы
І блакіт неабдымных нябёсаў.
Беражы добрай долі пачатак,
Хай надзеяй праменяцца вочы
Гожых парубкаў і дзяўчатак,
Што табе ўзьлёт і веліч прарочаць.
Слава продкаў нанова ўваскрэсьне,
Бо ў цябе ад бяды ёсьць замова -
Непаўторныя ў сьвеце песьні
І Шаўчэнкі дзяржаўнае слова.
Каб нямой не рыдаць на руінах,
Каб ня гнуцца рабыняй ніколі,
Беражы сябе, Украіна,
Беражы сябе, Украіна!..
Ад цябе мы навучымся волі!

Сяргей Законьнікаў

1963 — узьнікла фэдэратыўная дзяржава Малайзія.

1970 — у апытаньні музычнага часопісу «New Musical Express» тытул найлепшай групы году дастаўся «Led Zeppelin». Гэты рок-гурт перамог і ў апытаньні чытачоў газэты «Melody Maker». Да гэтага апытаньня сем гадоў запар найлепшай музычнай групай Вялікабрытаніі брытанцы нязьменна называлі «The Beatles», якая ў верасьні 1970 ужо не існавала.

1999 — зьніклі беларускі палітык Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі.

Календар Бахарэвіча. Школа сьпеваў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG