Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр данецких сэпаратыстаў: Спынілі агонь, каб пазьбегнуць гуманітарнай катастрофы


Андрэй Пургін

Андрэй Пургін

Андрэй Пургін, першы намесьнік прэм’ер-міністра самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі, сказаў карэспандэнту Радыё Свабода Андрэю Бабіцкаму, што сэпаратысты падпісалі Менскую дамову аб спыненьні агню, каб засяродзіцца на аднаўленьні пашкоджанай інфраструктуры рэгіёну да наступу зімы. Баі, паводле яго, будуць азначаць «спусташэньне».

Адкінуўшы прапанову ўкраінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі аб аўтаноміі ў складзе Ўкраіны, самаабвешчаныя ўрады сэпаратысцкіх ўсходніх рэгіёнаў краіны канцэнтруюцца на прыдумляньні працаздольных палітычных і эканамічных структураў для іх меркаванай незалежнай будучыні.

Як палітычна, так і эканамічна, рэгіёны глядзяць у бок Расеі, пра гэта высокапастаўлены чыноўнік так званай ДНР распавёў Свабодзе.

«У цяперашні час мы лічым аптымальнай пераходную мадэль, якая захоўвае эканамічныя сувязі з Украінай адначасова з рухам у кірунку Расеі», сказаў першы віцэ-прэм’ер так званай ДНР Андрэй Пургін у эксклюзіўным інтэрвію Свабодзе.

Пургін заявіў, што абодва сэпаратысцкія Луганскі і Данецкі рэгіёны ня маюць ніякіх амбіцый «пашырыць свае цяперашнія межы.» Акрамя таго, гэтыя два рэгіёны, хутчэй за ўсё, ня будуць аб’ядноўвацца ў адзіную структуру, кшталту «Наваросіі».

«Хутчэй за ўсё, будзе зьмяшаная сыстэма,» сказаў Пургін, — але пра гэта занадта рана казаць, некаторыя тэрыторыі яшчэ не вызваленыя. Ідзе вайна«.

Ён сказаў, што ўсе намаганьні будуць накіраваныя «на захаваньне ўзаемавыгадных эканамічных сувязяў з Украінай і, можа быць, некаторых элемэнтаў агульнай сацыякультурнай прасторы.»

Пургін знаходзіцца ў сьпісе асобаў, супраць якіх уведзеныя адрасныя санкцыі з боку Злучаных Штатаў і Эўрапейскага Зьвязу.

Луганская і Данецкая вобласьці не плянуюць хадайнічаць аб афіцыйным ўключэньні ў Расейскую Фэдэрацыю, хаця «мы імкнёмся да аб’яднаньня з матчынай цывілізацыяй», сказаў Пургін. Ён называе палітыку Ўкраіны ў часе 23 гадоў незалежнасьці, «этнацыдам» супраць этнічных расейцаў. Тым ня менш, ён кажа пра «субэтнічную супольнасьць», якая паўстала ва ўсходняй Украіне, якая адчувае сябе прывязанай да Расеі, але пры гэтым мае «магутны рэгіянальны патрыятызм». Але «жаданьне рухацца ў напрамку Расеі стане толькі мацней», дадае ён.

Кіеў настойвае на тым, што Ўкраіна захавае сваю тэрытарыяльную цэласнасьць — у тым ліку на паўвостраве Крым, які быў анэксаваны РФ у сакавіку — і ня будзе абмяркоўваць незалежнасьць для ўсходніх рэгіёнаў. 10 верасьня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка сказаў, што будзе прапаноўваць рэгіёнам «асаблівы статус» у складзе Ўкраіны, але гэтую прапанову сэпаратысцкія лідэры палічылі недастатковай.

З пункту гледжаньня эканомікі, прызнае Пургін, у рэгіёнаў яшчэ шмат працы. Ён сказаў, што сэпаратысты пагадзіліся 5 верасьня ў Менску на спыненьне агню ў першую чаргу таму, што ў выніку ваенных дзеяньняў пашкоджаная эканамічная інфраструктура рэгіёну.

«Зіма не за гарамі», кажа Пургін. «Існуе гуманітарная катастрофа і калясальныя пашкоджаньні». Ён сказаў, што ніводная чыгуначная лінія ў Данецку не працуе і дзесяткі мастоў і трубаправодаў пашкоджаныя. Ён таксама абвінаваціў ўкраінскія сілы ў тым, што яны наўмысна разбураюць электрычныя падстанцыі, «каб пазбавіць цывільных асобаў вады і электрычнасьці».

Улады Данецку выкарыстоўваюць рэжым спыненьня агню дзеля рамонту пашкоджаных камунікацый.

«Мы замянілі кілямэтры дратоў,» кажа ён. «Мы пашырылі пастаўкі электраэнэргіі ў дзясяткі буйных населеных пунктаў і сотні больш дробных. Мы аднаўляем газа- і водазабесьпячэньне».

«Вельмі нешмат прадпрыемстваў або шахтаў ўсё яшчэ працуе», сказаў Пургін. «Многія шахты прастойваюць, хоць некаторыя працягваюць працы на паверхні. Тры шахты ў Данецку затопленыя. Сытуацыя вельмі сур’ёзная».

«Вось чаму гэта безадказна казаць, што мы павінны змагацца да пераможнага канца. Кошт гэтаму — спусташэньне», — заяўляе Пургін.

XS
SM
MD
LG