Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гала-канцэрт беларусаў сьвету: на сцэну пусьцілі ня ўсіх


Удзельнікі фэстывалю з расейскай Сыбіры

Удзельнікі фэстывалю з расейскай Сыбіры

У Менску завяршыўся Другі фэстываль мастацтваў беларусаў сьвету. Больш за 250 гасьцей з 18 краінаў выступалі перад землякамі ў аграгарадках Меншчыны, а ў рамках сьвяткаваньня Дня гораду — на адкрытых сталічных пляцоўках. А вось выніковы гала-канцэрт у Белдзяржфілярмоніі быў азмрочаны «фільтрацыяй» шэрагу выканаўцаў: на сцэну некаторыя самабытныя калектывы і іх харызматычныя ўдзельнікі ня трапілі.

У ліку тых, каму арганізатары адмовілі ў доступе на філярманічную сцэну, — ансамбль аўтэнтычнага сьпеву «Крывічы» з Іркуцку. Фармальна адказныя асобы ў Міністэрстве культуры спаслаліся на значнае расейскае прадстаўніцтва і на тое, што трэба «ўціскацца» ў сьціплейшы канцэртны фармат. Але, як кажа ўдзельнік гурту, вядомы актывіст беларускага руху ў Прыбайкальлі Алег Рудакоў, калі яны прыйшлі ў філярмонію на рэпэтыцыю, ім гэтае рашэньне падалі проста як канстатацыю факту:

«Безумоўна, ёсьць станоўчыя эмоцыі ад фэстывалю. У тым пляне, што ў пятніцу мы змаглі выступіць у Стоўбцах, у суботу быў цудоўны канцэрт на пляцоўцы ля Палаца спорту. Было прыемна, што менавіта да нас, калі мы сьпявалі аўтэнтычныя сьпевы, прыйшлі маладзёны-беларусы, якія захапляюцца традыцыйнай беларускай культурай, і нас горача падтрымалі. На жаль, у нядзелю здарылася недарэчнасьць, якой мы не чакалі. Ніхто нават не папярэдзіў, ніхто не сказаў, што, аказваецца, яшчэ ў суботу адвячоркам нехта падумаў, параіўся — і нас выкрасьлілі з удзелу ў гала-канцэрце. Выглядае дзіўнавата, бо ўсё ж гала-канцэрт — галоўнае мерапрыемства гэтага сьвята, падсумаваньне фэстывалю. І ня даць хоць бы па адным нумары кожнаму калектыву — усё гэта спрэчна. Прынамсі, трэба тады загадзя абмаўляць, каб людзі пра гэта ведалі. А то мы раніцай прыйшлі на рэпэтыцыю, а нам зачытваюць ліст: будуць выступаць ня ўсе калектывы, а толькі тыя, якія прайшлі нейкі дадатковы адбор».

Алег Рудакоў наракае на агульную арганізацыю мерапрыемства. Прыкладам, у першы дзень фэстывалю ўдзельнікаў павезьлі па аграгарадках Менскай вобласьці толькі позна ўвечары, у выніку свой нумар яны пачалі выконваць а 22-й гадзіне. У менскі гатэль артысты вярнуліся а 2-й ночы, а ўжо а 9-й раніцы трэба было загружацца ў аўтобусы, каб рушыць да Палаца спорту. І тут замест анансаванай 16-й гадзіны «Крывічы» пачалі сьпяваць а 18-й:

«Ня тое што вельмі прыкра, але нейкае непаразуменьне з арганізатарамі засталося. Бо некаторыя арганізацыйныя рэчы, як мне здаецца, увогуле кульгаюць на адну нагу. Іншым разам з гатэля даводзілася выяжджаць з самай раніцы, адразу са строямі. А потым цэлы дзень зь імі бадзяцца, ня ведаючы, куды іх падзець. Усё ж можна было арганізаваць імпрэзу больш зразумела і ўтульна для людзей, якія прыехалі ў Беларусь здалёк, а некаторыя — упершыню. У той жа час атмасфэра фэстывалю ўсё роўна была цікавая. Мы ўсе жылі ў адным гатэлі, падчас розных сустрэчаў шмат з кім перазнаёміліся, хтосьці адзін аднаго ведаў раней, бо быў удзельнікам яшчэ Першага фэстывалю. Было прыемна і сустрэцца са старымі сябрамі, і пазнаёміцца з новымі. Дый сам па сабе фэстываль даволі цікавы для дыяспараў, якія існуюць па-за межамі Беларусі. Для нас перш за ўсё гэта магчымасьць усталяваць новыя кантакты, паглядзець, што робяць іншыя, паказаць астатнім, што робім мы. Гэта, безумоўна, карысная, цікавая справа».

Кіраўніца ансамблю «Крывічы» Воля Галанава і Алег Рудакоў

Кіраўніца ансамблю «Крывічы» Воля Галанава і Алег Рудакоў

Тым ня меней спадар Рудакоў лічыць, што арганізатары мусяць зрабіць высновы з двух папярэдніх мерапрыемстваў, каб наступным разам не чырванець перад суайчыньнікамі. І найперш — загадзя агучваць фармат канцэртаў, не прымушаючы артыстаў і журналістаў гадаць наконт таго, чаму адным выканаўцам аддаецца перавага перад іншымі:

«Паглядзім, як яно і што будзе далей. Але калі Міністэрства культуры раптам возьмецца праводзіць Трэці фэстываль, то трэба ўжо будзе кропкі над „і“ ставіць канкрэтна. То бок — дзе прымаем удзел, калі прымаем удзел і г.д. Каб быў расклад больш зразумелы, а то мы пра ўсё даведваемся ў самы апошні момант. Сёньня мы ня ведаем, што будзе заўтра, тым больш пасьлязаўтра. Таму вось такія моманты ўносяць, скажам так, халадок ва ўсю гэтую справу. Але, у прынцыпе, агулам уражаньне даволі добрае. Да таго ж асабіста мне заўсёды прыемна вярнуцца на сваю гістарычную радзіму, у Беларусь, увогуле нашаму гурту прыехаць на радзіму нашых продкаў, пабыць тут, паразмаўляць з нашымі сябрамі. Прыкладам, увечары ў суботу зь вялізным задавальненьнем схадзілі на канцэрт „Старога Ольсы“. Мы добра ведаем гэты гурт, Зьміцер Сасноўскі ў свой час прыяжджаў да нас у Іркуцк, мы яго запрашалі на Каляды, і ён там ладзіў канцэрт. Таму кожны дзень адбываюцца нейкія стасункі, нейкае ўзаемадзеяньне з аднадумцамі. Сам факт таго, што мы знаходзімся ў Беларусі, нас задавальняе, мы яму вельмі рады».

Алег Рудакоў на праспэкце Пераможцаў

Алег Рудакоў на праспэкце Пераможцаў

Першы фэстываль мастацтваў беларусаў замежжа прайшоў у Менску і Віцебску ў 2011 годзе, і тады сваё майстэрства прадэманстравалі ўсе заяўленыя калектывы і выканаўцы. Сёлета сцэна Белдзяржфілярмоніі для некаторых аказалася не такой гасьціннай, як амфітэатар «Славянскага базару».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG