Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскія аўтаперавозчыкі: «Вымушаны распрацоўваць маршрут на Кітай...»


На Гарадзеншчыне больш за ўсё ад харчовых санкцыяў, ужытых Масквой супраць краінаў Захаду, церпяць аўтаперавозчыкі, якія вазілі харчы з Эўропы ў Расею прычэпамі-рэфрыжэратарамі. Цяпер яны вымушаны шукаць новыя грузы і кірункі.

Старшыня гарадзенскага прадстаўніцтва асацыяцыі міжнародных аўтаперавозчыкаў Яўген Яцкевіч у размове са Свабодай пацьвярджае, што апошнім часам аб’ёмы перавозак з Эўропы ў Расею значна скараціліся. Паводле яго, гэта перш за ўсё закранула фірмы, якія займаліся перавозкай з Эўропы ў Расею харчоў прычэпамі-рэфрыжэратарамі.

На Гарадзеншчыне, праўда, у прыватных фірмаў пераважна невялікія паркі аўтамабіляў — ад трох да васьмі, а такім прадпрыемствам лягчэй знайсьці новыя маршруты. Спадар Яцкевіч зьвяртае ўвагу на тое, што стаўкі на перавозкі зьнізіліся з павелічэньнем канкурэнцыі прыкладна на 15%:

«Вядома, перавозчыкі шукаюць нечага найбольш прымальнага, бо стаяць няма як. Калі сёньня спыніцца, то гэта азначае, што ні лізінг, ні крэдыт, ні іншыя выдаткі не аплоціш. Ну, і калі няма працы, то зразумела, што і заробкі ня могуць застацца на тым самым ўзроўні. Сёньня ж ня скажаш заказчыку, што паеду з Варшавы да Менску за 2 тысячы эўра, калі ўжо і тысячы ніхто ня плаціць».

Я спрабаваў пагутарыць з кіраўнікамі фірмаў-аўтаперавозчыкаў, якія маюць па 10–15 рэфрыжэратараў, але ўсе адмаўляліся гаварыць пра сытуацыю на фірме. Не адмаўлялі толькі таго, што эўрапейскі рынак для іх цяпер страчаны.

У аўтапарку спадара Казіміра шэсьць аўтафургонаў. Ён з сумам канстатуе, што страціў палову заказаў, а гэта, у сваю чаргу, пацягнула за сабой іншыя праблемы:

«Пацягнула гэта за сабой тое, што фрахты пападалі: усё даражэе, а фрахты панізіліся. Працы стала меней, а машынаў болей. Суадносна зьнізіліся заробкі. Цяпер няма выбару — едзем туды, дзе што пападае, і пакуль ня бачым ніякае пэрспэктывы».

Працы стала меней, а машынаў болей. Суадносна зьнізіліся заробкі

У спадара Ігара у аўтапарку шэсьць аўтафургонаў. Ён кажа, што Эўропа для яго цалкам закрылася, бо раней усе ягоныя рэфрыжэратары вазілі харчы з Эўропы ў Расею. Страты фірма адчула, і гаспадар кажа, што пачалі рэзка мяняць маршруты руху: цяпер аўтафургоны езьдзяць пераважна на Казахстан і Ўзбэкістан. Зрэшты, спадар Ігар ня падае духам і кажа, што трэба распрацоўваць новыя маршруты:

«Зьмяніўся кірунак грузапатокаў. І нават калі закрыюць заўтра мяжу, то машыны ўсё роўна застануцца, і нам трэба шукаць працу. Паедзем на Кітай...»

Карэспандэнт: «А вы яшчэ на Кітай ня езьдзіце?»

Спадар: «Пакуль ня ежджу, бо ня ведаю структуры іхніх дазволаў. Але думаю, што гэта новы кірунак, які вось-вось адкрыецца перад намі. Я думаю, што гэта будзе самы моцны кірунак, як раней быў эўрапейскі. Раней для нас Эўропа была самым моцным кірункам, мы там найлепш зараблялі, а хутка такім кірункам стане для нас Кітай...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG