Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 рэчаў, якія трэба ведаць пра шатляндзкі рэфэрэндум


На канцэрце ў падтрымку незалежнасьці Шатляндыі 14 верасьня 2014 году

На канцэрце ў падтрымку незалежнасьці Шатляндыі 14 верасьня 2014 году

18 верасьня выбаршчыкі ў Шатляндыі будуць вырашаць, заставацца у Злучаным Каралеўстве ці аддзяліцца ў якасьці незалежнай дзяржавы. Вось дзевяць рэчаў, якія варта ведаць пра гэтую сытуацыю.

1. Пра што запытаюць выбарцаў?


Будзе толькі адно пытаньне: «Ці Шатляндыя павінна быць незалежнай краінай?».

2. Як дайшло да гэтага рэфэрэндуму?


Шатляндыя заключыла палітычны саюз з Англіяй у 1707 годзе пасьля фінансава спусташальнай спробы стварыць гандлёвую калёнію ў Цэнтральнай Амэрыцы. Заклікі вярнуць частку паўнамоцтваў назад у Эдынбург сталі гучаць асабліва моцна ў 20-м стагодзьдзі, і ў 1979 годзе Шатляндыя правяла свой першы рэфэрэндум па вяртаньні гэтых паўнамоцтваў. Спроба не ўдалася з прычыны нізкай яўкі, але паўторнае галасаваньне праз амаль дваццаць гадоў прывяло да стварэньня шатляндзкага парлямэнту зь перададзенымі Лёнданам паўнамоцтвамі – сярод іншага ў галіне аховы здароўя, адукацыі і мясцовага самакіраваньня. Пасьля аглушальнай перамогі Шатляндзкай нацыянальнай партыі на выбарах у Шатляндыі ў 2011 годзе, брытанскія і шатляндзкія ўлады пагадзіліся на рэфэрэндум аб незалежнасьці.

3. Хто мае права галасаваць, і які мэханізм рэфэрэндуму?


Ключавым для ўдзелу ў рэфэрэндуме зьяўляецца месцажыхарства. Любы грамадзянін Вялікабрытаніі або Эўразьвязу, які жыве ў Шатляндыі, мае права галасаваць; людзі, якія нарадзіліся ў Шатляндыі, але жывуць па-за межамі краіны, ня могуць галасаваць. Цэнз узросту ў шатляндзкім рэфэрэндуме пашыраны на 16- і 17-гадовых (мінімальны выбарчы ўзрост у Вялікабрытаніі – 18 гадоў). У гэтым рэфэрэндуме няма мінімальнага парогу яўкі. Яўка, як чакаецца, будзе высокай у любым выпадку – паводле ацэнак на 2 верасьня, 97% з 4,4 мільёна выбарцаў Шатляндыі зарэгістраваліся, каб укінуць свае бюлетэні – гэта своеасаблівы рэкорд. Для здабыцьця незалежнасьці шатляндцам неабходная простая большасьць галасоў (каб больш за палову ўдзельнікаў рэфэрэндуму адказалі «так»).

4. Калі агульны вынік будзе «так», то як хутка Шатляндыя стане незалежнай дзяржавай?


Шатляндыя стане незалежнай 24 сакавіка 2016 году, пасьля 18-месячнага пэрыяду перамоваў, каб выпрацаваць зь Лёнданам усе дэталі. Дата мае важнае значэньне; у гэты дзень у 1603 годзе кароны Англіі і Шатляндыі былі аб'яднаныя пасьля таго, як кароль Шатляндыі Якуб VI стаў таксама каралём Англіі (як Якуб I).

5. Ці Шатляндыя і надалей будзе мець каралеву?


Так, Лізавета ІІ застанецца кіраўніком дзяржавы – гэты рэфэрэндум датычыць палітычнага саюзу 1707 году, а не аб’яднаньня каронаў, якое адбылося на 100 гадоў раней – хоць незалежная Шатляндыя можа правесьці яшчэ адзін рэфэрэндум адносна манархіі. Некаторыя экспэрты лічаць, што каралеве, магчыма, спатрэбіцца генэрал-губэрнатар, які будзе дзейнічаць ад яе імя ў незалежнай Шатляндыі, як гэта мае месца ў іншых краінах, дзе яна зьяўляецца кіраўніком дзяржавы – напрыклад, у Канадзе і ў Аўстраліі.

6. Ці Шатляндыя захавае фунт стэрлінгаў?


Гэта было адным з ключавых пытаньняў падчас кампаніі перад рэфэрэндумам. Прыхільнікі галасаваньня за «так» кажуць, што Шатляндыя зможа захаваць фунт стэрлінгаў, у валютным саюзе з астатняй часткай Злучанага Каралеўства. Але палітычныя партыі зь лягеру «не» выключаюць магчымасьць валютнага саюзу; кіраўнік Банку Англіі, цэнтральнага банку Вялікабрытаніі, заявіў, што такі саюз не сумяшчальны з сувэрэнітэтам. Лягер «так» кажа, што гэта ўсё блеф, паколькі валютны саюз будзе таксама ў інтарэсах астатняй часткі Вялікабрытаніі.

7. Ці Шатляндыя застанецца ў Эўразьвязе?


Хутчэй за ўсё так, хоць пытаньні застаюцца. Прыхільнікі незалежнасьці кажуць, што Шатляндыя будзе весьці перамовы аб сяброўстве ў Эўразьвязе «знутры» і што ў адрозьненьне ад іншых краінаў, якія далучыліся ў апошнія гады, усе заканадаўчыя і нарматыўныя акты ЭЗ ужо выкарыстоўваюцца ў Шатляндыі, таму не было б ніякай неабходнасьці для звычайнага працяглага працэсу далучэньня. Але іншыя краіны ЭЗ зь іх уласнымі сэпаратысцкімі рухамі – у прыватнасьці Гішпанія і Бэльгія – могуць паспрабаваць заблякаваць уступленьне Шатляндыі ў ЭЗ.

8. А што зь сяброўствам Шатляндыі ў НАТО?


Кіроўная Шатляндзкая нацыянальная партыя, галоўны ініцыятар рэфэрэндуму, кажа, што яна хоча, каб незалежная Шатляндыя была ў НАТО, але хоча таксама вывесьці брытанскія ракеты Трайдэнт зь ядзернымі боегалоўкамі з краіны. Кіраўнік НАТО Андэрс Фог Расмусэн заявіў, што незалежнай Шатляндыі давялося б паўторна ўступаць у альянс і атрымаць згоду ад усіх іншых краінаў-удзельніц НАТО.

9. Што будзе, калі рэфэрэндум скажа «не»?


Тры асноўныя партыі, якія выступаюць за «не» – кансэрватары, лейбарысты і лібэрал-дэмакраты – усе абяцалі дэцэнтралізацыю ўлады і перадачу большых паўнамоцтваў для Шатляндыі, калі выбаршчыкі адкінуць незалежнасьць. Гэтыя паўнамоцтвы далі б шатляндзкаму парлямэнту больш уплыву па падатковую, сацыяльную і бюджэтную сфэры. Але ў такім выпадку мог бы задзейнічаць гэтак званы «эфэкт даміно» ў астатняй частцы Вялікабрытаніі, дзе выбаршчыкі маглі б таксама захацець большай аўтаноміі. Нік Клэг, намесьнік прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі, 12 верасьня заклікаў да перадачы некаторых паўнамоцтваў цэнтральнага ўраду ў рэгіёны ў Англіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG