Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вясковец вярнуўся на рынак толькі з асабістага дазволу кіраўніка вобласьці


Уладальнік асабістай падсобнай гаспадаркі зь вёскі Сумарокава, што непадалёк ад Магілёва, Віктар Гаўрыкаў змог зноў гандляваць на рынку сьвінінай толькі пасьля асабістага ўмяшаньня старшыні абласнога выканкаму Пятра Рудніка.

Ад вясны вясковаму прадпрымальніку не дазвалялі гандляваць з-за падазрэньня на афрыканскую чуму.

Віктар Гаўрыкаў кажа, што за два выходныя дні ён нядрэнна зарабіў:

«Я прывёз тушы вялікія, добрыя. Пакупнікі патрабуюць найперш сала. А яго на рынку няма. Няма цяпер сальнай, менавіта, сальнай сьвініны, якую просяць людзі. Ведаеце, каб было добрае сала, парсюка трэба расьціць як мінімум год. Яны ў мяне год і расьлі. І сала нарасло добрае. Яго ў мяне найперш і разабралі».

Віктар Гаўрыкаў мае статус уладальніка прыватнай гаспадаркі. Разам з жонкай ён даглядае каля паўсотні сьвіней:

«У мяне хлеў невялікі, у самой вёсцы. Таму болей, чым я цяпер маю, я трымаць ніяк не змагу. У мяне сьвіньні рознага ўзросту — ад вялікіх да зусім маленькіх. Дзесяць галоў падрасло, а далей маленькія стаяць».

Сям’я Гаўрыкавых адзначае, што мясцовыя ўлады моцна сапсавалі ім нэрвы. Іхная вёска месьціцца ў 5-кілямэтровай зоне, акрэсьленай вакол буйных дзяржаўных фэрмаў. З-за падазрэньня на афрыканскую чуму вяскоўцам загадалі пакалоць сьвіней. У гаспадарцы Гаўрыкавых усе сьвіньні былі здаровыя. Муж і жонка хадзілі па розных інстанцыях. Але безвынікова.

Віктар Гаўрыкаў ня хоча зноў згадваць пра свае нягоды. Толькі кажа:

«Да мінулай пятніцы мы з жонкай куды толькі не хадзілі. Але паўсюль нас адфутбольвалі».

У пятніцу, 12 верасьня, як у той жа дзень паведамляла Свабода, Віктару Гаўрыкаву ўдалося трапіць на выязны прыём кіраўніка вобласьці Пятра Рудніка. Вясковец распавёў галоўнаму абласному начальніку пра свае справы. Той паабяцаў: у вас праблемаў болей ня будзе, выходзьце заўтра гандляваць.

Пытаюся ў спадара Гаўрыкава: як сустрэлі яго на рынку? Той адказвае, што словы «губэрнатара» — закон для падначаленых:

«Крышку яны ня рады былі, што я прыехаў. Але месца, каб гандляваць, далі».

На прыём да кіраўніка вобласьці трапіла яшчэ адна сям’я — сын і маці Ліпецкія, якія таксама гадуюць сьвіней у прыватнай гаспадарцы.

У той дзень іхную адміністратыўную справу за адмову калоць сьвіней меліся разглядаць у Магілёўскім райвыканкаме. Але Пётар Руднік загадаў спыніць справу, а сям’і пажадаў даваць на рынак болей мяса, каб яно стала таньнейшым.

Дазвол ад кіраўніка вобласьці быў вусны. Таму ў панядзелак Ліпецкія зьбіраліся ў райвыканкам — атрымаць пісьмовыя дакумэнты аб спыненьні іхнай адміністратыўнай справы. Я датэлефанаваўся да Андрэя Ліпецкага. Той сказаў, што сёньня ў іх на падворку вельмі шмат працы. Таму па дакумэнты яны паедуць заўтра-пасьлязаўтра.

Камэнтуючы гэтую сытуацыю для Свабоды, былы намесьнік старшыні Канстытуцыйнага суду Беларусі Валеры Фадзееў адзначае:

Валеры Фадзееў

Валеры Фадзееў

«Я лічу, што падобныя праблемы павінны вырашацца на падставе законаў, а ня нейкіх асабістых дазволаў. Няхай сабе нават кіраўніка самага высокага рангу. У нас ёсьць правілы гандлю на рынках. Там абазначана, што можа прадавацца і якім чынам.

А вось калі за справу возьмецца той, хто ня чуў гэтага дазволу — напрыклад, інспэктар Камітэту дзяржкантролю ці яшчэ нехта — ён спытаецца: на якой падставе гандлюеце? Чалавек адкажа: Руднік даў мне асабісты дазвол. Дык што, той правяраючы пойдзе да Рудніка? Гэта ўсё ідзе ад аўтарытарнага стылю кіраваньня».

5 жніўня, выступаючы на нарадзе, Лукашэнка запатрабаваў ад кіраўнікоў усіх узроўняў арганізаваць на сьвінакомплексах прапускны рэжым, «як на ядзерным аб’екце». У адваротным выпадку да вінаватых будуць прымененыя самыя жорсткія меры, аж да крымінальнай адказнасьці.

XS
SM
MD
LG