Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску разьвіталіся зь Пятром Марцавым


Пётар Марцаў

Пётар Марцаў

Каля ста чалавек прыйшлі разьвітацца з журналістам і выдаўцом Пятром Марцавым у рытуальную залю на вуліцы Альшэўскага ў Менску.

Тут калегі па журналісцкім цэху, у тым ліку з закрытых газэт «БДГ», «Имя», палітыкі, грамадзкія актывісты, інтэлігенцыя. Сярод вянкоў і букетаў, якія прынесьлі людзі, выдзяляліся бел-чырвона-белыя колеры.

Сваякі Пятра Марцава папрасілі не здымаць, выступаў ля труны таксама не было. Як вынесьлі труну, частка людзей засьпявала рэлігійны гімн «Магутны Божа», іншыя апладзіравалі, як прынята пры разьвітаньні з творчымі асобамі.

Пасьля крэматорыю прах Пятра Марцава пахаваюць па Паўночных могілках.

Выдавец незалежнай прэсы Пётар Марцаў памёр на 53-м годзе жыцьця ад вострага лейкозу.

Ён нарадзіўся ў 1962 годзе. Скончыў філялягічны факультэт БДУ (1984). Быў вымушаны звольніцца з пасады старшага рэдактара БелТА пасьля ўдзелу ў мітынгу ў Курапатах.

У 1992 годзе пачаў займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю: выдаваў «Белорусскую деловую газету», тыднёвік «Имя». У сакавіку 2006 г. выхад «Белорусской деловой газеты» быў спынены ў сувязі з забаронай друкаваць яе ў беларускіх друкарнях і распаўсюджваць празь «Белпошту» і «Белсаюздрук».

Прадусар і адзін з аўтараў сцэнару дакумэнтальнага фільму «Звычайны прэзыдэнт» пра Аляксандра Лукашэнку.

XS
SM
MD
LG